Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«20-гадовую студэнтку ва ўпор расстрэльвалі гумавымі кулямі». Сям’я пра катаваньні на Акрэсьціна


Таран аўтамабіля ў Менску, які ўчынілі байцы спэцпадразьдзяленьня «Алмаз» Міністэрства ўнутраных справаў увечары 11 жніўня, суправаджаўся абстрэлам з баявой зброі. Тое, што цудам засталіся жывыя, пасажыры малалітражкі ўсьвядомілі толькі тады, калі выйшлі з турмы на Акрэсьціна.

Цяпер доступ да пашкоджанай машыны заблякаваны — яе арыштавалі як рэчавы доказ. Штрафную стаянку ахоўваюць экіпажы ДАІ: адзін звонку, другі — на тэрыторыі. Але Свабодзе ўдалося здабыць відэапацьверджаньне: у пяці месцах на капоце, крылах, дзьвярах відаць кулявыя адтуліны.

Аляксей і Аксана Шыпіны
Аляксей і Аксана Шыпіны

«Высыпалі „касманаўты“ і пасярод дарогі пачалі страляць»

Вечаровы інцыдэнт у раёне мэтро «Каменная Горка» трапіў на відэа зь некалькіх ракурсаў — пагоню зафіксавалі жыхары суседніх дамоў.

Аляксей і Аксана Шыпіны, а таксама іхная сяброўка Вольга рухаліся на малалітражцы «міцубісі» вуліцай Лабанка і прытармазілі каля рэстарану KFC. Там стаялі неарганізаваныя пратэстоўцы, яны іх павіталі і зьбіраліся ад’яжджаць. Што сталася далей, мы ўжо расказвалі са слоў іх дачкі Веры і рэжысэра-кінадакумэнталіста Андрэя Куцілы, брата Аксаны. Цяпер арыгінальную вэрсію яны могуць аднавіць самі.

«Раптам падлятае бездарожнік „таёта“, зь яго высыпаюць „касманаўты“ і пасярод дарогі пачынаюць страляць, — успамінае Аляксей, які быў за стырном. — Відаць, спачатку гумавымі, бо ззаду ніякіх сьлядоў. Зразумела, я спалохаўся — і па газах. Праскокваем на чырвонае сьвятло скрыжаваньне з вуліцай Бурдзейнага, джып спрабуе падрэзаць. Я на тормаз; ён цяжкі, едзе далей. Разварочваюся і лячу назад. І тут зноў „касманаўты“, якія тупа страляюць па машыне. Агулам кажучы, дзявацца ўжо няма куды, плюс бездарожнік не спыняе спробаў тарану, урэшце б’е ў правы бок, выціскае мяне на сустрэчную, і я ўжо сам дацягваю да прыпынку».

Іх сяброўка пасьпела ўцячы, дзьверы ж з боку Аксаны аказаліся заблякаваныя джыпам. Аляксей выбег на тратуар і лёг за рэклямным шчытом, прыкрыўшы галаву рукамі, каб ня зьбілі да паўсьмерці.

Чаму ў якасьці мішэні выбралі менавіта іх, Шыпіны не разумеюць дагэтуль. Выглядае, што акурат праз публічную дэманстрацыю салідарнасьці. А ўзброеныя спэцназаўцы якраз праяжджалі побач — у цывільным транспарце, не абазначаным нават партатыўным маячком.

Аксану паставілі каля аўта з рукамі на капот, Аляксею зьвязалі рукі за сьпінай. Праверылі кішэні, паглядзелі пашпарты, прагарталі галерэю тэлефона, каб не было крамольнага відэа. Адчынілі багажнік, перанюхалі мыйныя вадкасьці, расклалі-склалі рыбацкае крэсла. Шыпіны і цяпер асьцерагаюцца, каб чаго не падкінулі — багажнік бездарожніка таксама адначасова адчынілі і там корпаліся.

Праверыць, што ў машыне, пакуль не ўдалося. Ахоўнік штрафной стаянкі на вуліцы Панамарэнкі, куды даставілі абстраляную малалітражку, сказаў, што падыходзіць блізка забаронена — такі наказ ён атрымаў ад праваахоўнікаў. Апошнія ў гэты час уважліва пазіралі са сваіх «засадаў». Мяркуючы па ўсім, цяпер аўтамабіль праходзіць у якасьці рэчавага доказу.

«Пяць разоў хтосьці з нас рэальна рызыкаваў сваім жыцьцём»

Яшчэ да таго, як пасадзіць Шыпіных у такі ж неабазначаны мікрааўтобус, пачалі дапытваць — маўляў, чаго ўцякалі?

«Я з сустрэчным пытаньнем: „Калі страляюць, што рабіць? Стаяць на месцы і чакаць, калі заб’юць? — працягвае Аксана. — Страшна, вось і пабеглі“. Да таго ж мы тады былі ўпэўненыя, што гэта гумавыя кулі, нават не падазравалі, што нас маглі проста забіць. Толькі калі пасьля вызваленьня пабачылі машыну, быў шок — рэальныя дзіркі па ўсім кузаве: адна ў дзьвярах, адна ў крыле, дзьве на капоце і адна куля прайшла праз бампэр у кола. Пяць разоў хтосьці з нас рызыкаваў жыцьцём, уяўляеце? Магчыма, спачатку стралялі і гумавымі, але калі мы пачалі зьяжджаць, адкрылі агонь на паражэньне. Жудасьць нейкая...»

Паводле Аляксея Шыпіна, на штрафной стаянцы шмат машынаў, якія прымусова даставілі пасьля атак сілавікоў. Побач зь ягонай — мікрааўтобус са скразной адтулінай акурат насупраць кіроўцы. Гэта значыць, стрэл быў прыцэльны, каб спыніць. Той жа ахоўнік са спасылкай на міліцыянтаў расказаў, што хлопцу прастрэлілі лёгкае, цяпер ён у рэанімацыі.

Таксама стралялі ў «фольксваген пола» — практычна ўсё шкло высыпалася, пашкоджаныя нават літыя дыскі. Шмат машын з разьбітымі бакавымі шыбамі: спынялі і выцягвалі людзей ледзь ня ў руху.

Вяртаючыся да затрыманьня, Шыпіны прыгадваюць, што мікрааўтобусам іх падвезьлі да бліжэйшага аўтазаку, і той рушыў на Акрэсьціна. Аксану аформілі ў цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў, Аляксея — у ізалятар часовага ўтрыманьня. Як і іншым вязьням, ім давялося прайсьці праз паласу зьдзекаў і прыніжэньняў.

Тым часам дома засталіся двое непаўналетніх дзяцей. Пасьля некалькіх іхных бясплённых спробаў высьветліць лёс бацькоў у Фрунзэнскім РУУС урэшце паведамілі: далі па 15 сутак і адвезьлі ў СІЗА ў Жодзіна. Неяк мацуйцеся...

«На выхадзе з аўтазаку ўсе атрымлівалі порцыю «дубіналу»

«Першым акрэсьцінскім зьдзекам стаў „прыём“, — расказвае Аляксей. — Калі выводзілі з аўтазакаў, усе атрымлівалі порцыю „дубіналу“. Амапаўцы равуць як сабакі, відаць, так сябе заводзяць. Глядзець на іх нельга, вочы толькі долу. Усю ноч прастаялі ў „стаканах“ — прагулачныя пакоі пад адкрытым небам, закратаваныя зьверху. На 20 квадратных мэтраў запхнулі 78 чалавек. Пасьля паўсутак на холадзе і без прыбіральні разьвялі па камэрах. Там хлопцы сядзелі ад 9 жніўня, праз тры дні першы раз пакармілі. Спачатку на 5 нараў было 28 чалавек — мяняліся, хто на ложку, хто на падлозе. А потым ушчыльнялі, пакуль не пачалі падпіраць дзьверы. Гэта было нешта...»


У ноч на 13 жніўня блізу 20 чалавек з розных камэраў вывелі на падпісаньне ўжо складзеных аднатыпных пратаколаў: удзельнічаў у несанкцыянаваным шэсьці, размахваў рукамі, крычаў «Жыве Беларусь».

«Я пацікавіўся, ці магу напісаць, што „згодны часткова“: прысутнічаў, але ня ўдзельнічаў, бо выцягнулі з машыны, — працягвае Аляксей. — На што супрацоўнік ізалятару сказаў: лепш падпішы і пойдзеш дадому. У іншым выпадку — на „прагулку“ і назад у камэру. „Прагулка“ на іхным слэнгу — да „паўсьмерці“ зьбіць... Вывелі на вуліцу, строем пабеглі ўздоўж плоту, загадалі легчы. Бакавым зрокам бачу, адзін жэстам паказаў — гэтых ня б’ём, неяк вызначаюць. Сталі зьверху і пачалося: „Што, бл..., радзіму ня любіце? Лукашэнка не падабаецца?“ І давай лупцаваць. Прымусілі сьпяваць гімн. Пераключыліся на мяне. „Колькі табе гадоў? 43? Дэбіл ці што?“ Кажу, нікуды не хадзіў, забралі з аўтамабіля. Пасьля гэтага мяне ня білі».

Затым падвялі да выхаду і па адным выштурхоўвалі ў цемру. Цалкам дэзарыентаваныя, людзі разьбягаліся навобмацак. Арганізаваных валянтэраў амаль не было, але на адлегласьці стаялі неабыякавыя людзі, якія давалі патэлефанаваць родным. Аляксея пад пятую раніцы забралі дачка Вера і жончын брат Андрэй Куціла.

Аляксей зафіксаваў сьляды пабіцьця ў шпіталі хуткай дапамогі, але пакуль няма пэўнасьці, ці дапаможа гэта, каб прыцягнуць да адказнасьці «карнікаў».

«Садысты сталі „паважанымі работнікамі“ праваахоўнай сыстэмы»

Аксану «прынялі» аналягічным чынам — адзінае, удалося пазьбегнуць фізычнага гвалту. Праўда, расслабляцца не давалі: ахоўнік, які пазіраў на жанчын у «прагулачным пакоі», на абураныя воклічы прыгразіў, што «зараз кіне гранату».

«29 жанчын трымалі ў бэтонным „стакане“ з 2-й начы да 2-й дня. Пад адкрытым небам мы проста акалелі, — расказвае яна. — У нас хоць быў пасярэдзіне люк, можна было схадзіць „па-малому“. У мужчын, ведаю, няма і гэтага. Мы прасілі вады, і толькі праз паўсутак далі літар на ўсіх, зрабілі па глытку. А яшчэ была дзяўчына, якой пры затрыманьні зламалі нагу — раздрабілі каленную рэпку — ні сядзець, ні стаяць не магла. Барабанілі ў дзьверы, каб выклікалі „хуткую“ і адвезьлі ў шпіталь. На што гадкая наглядчыца-бляндынка гыркнула: „Хай паваляецца, ня здохне“. Абыходзіліся як з апошняй скацінай, проста невыносна».

Калі памянялася зьмена, перавялі ў камэры. Тая, куды вызначылі Аксану, ужо была перапоўненая, але заштурхалі яшчэ 13 жанчын. На 4 спальныя месцы стала 36 прэтэндэнтак. А на піку было ажно паўсотні — праўда, толькі пару гадзінаў.

«Набралі столькі людзей, што не было нават куды зьмясьціць. Ня ведалі, хто дзе, бясконца пісалі сьпісы, бо людзей пастаянна „гублялі“. Па пяць разоў на дзень перапісвалі. На мяне раней за ўсіх іншых склалі пратакол, як толькі прывезьлі, але потым я зразумела, што недзе „зьнікла“. Усіх пацягнулі судзіць, а я двое сутак сама па сабе. Сама ўжо пачала патрабаваць, каб хоць нешта рабілі... Катавальня, адным словам, невыносныя ўмовы. За гэты час далі хлеба, адзін раз незразумелую кашу. Вада з-пад крана. Ужо не кажу пра тое, якія там працуюць садысты...»

Пра «садыстку Крысьціну» гавораць многія жанчыны, якія прайшлі праз Акрэсьціна. Яе зьвярыная жорсткасьць проста па-за межамі разуменьня, працягвае Аксана Шыпіна.

«Калі выводзілі на дагляд і потым бягом заганялі ў камэру, яна кожную біла дручком па нагах ці сьпіне. Калі дайшла чарга да мяне, я ўся скурчылася, падняла над галавой рукі, хоць трэба трымаць за сьпінай. І раптам мужчыны-ахоўнікі яе проста схапілі і адцягнулі ўбок. Дзякуючы гэтаму пару апошніх жанчын з чаргі аказаліся ня бітыя. Тая бляндынка паводзіць сябе проста па-зьвярынаму. Са мной сядзела жанчына 1959 году, дык гэтая маладая дзеўка біла яе каленам у жывот. Ёй да псыхіятра трэба, а яна „паважаны работнік“ сыстэмы», — кажа Аксана.

Дзеля забавы часьцяком прыцягвалі «каляжанку», каб яшчэ больш прынізіць мужчынаў. Як пераказвае непасрэдных сьведкаў Аляксей, затрыманых выводзілі на вуліцу, разьдзявалі дагала, прымушалі стаць на карачкі. Потым ахоўнікі сыходзілі, а яна заставалася адна і біла кожнага па геніталіях. «Гэта ўвогуле нармальна?» — задаецца пытаньнем ён.

«20-гадовую студэнтку ва ўпор расстрэльвалі гумовымі кулямі»

Здаралася, што сядзелі цэлымі сем’ямі. Гаворка найперш пра тых, хто пайшоў да аддзяленьняў міліцыі шукаць сваякоў і таксама быў затрыманы «за кампанію».

«Прапалі дзеці, — тлумачыць Аксана. — Бацькі пайшлі шукаць, напісалі ў міліцыі заяву, а іх на выхадзе пакавалі ў аўтазакі і везьлі на Акрэсьціна. Такія сядзелі з намі, ведаючы, што тут і мужы, і сыны. На іх было невыносна глядзець. Мы чулі, як білі мужчын, проста жах. Затыкай вушы, не затыкай — не дапамагае. І жанчыны вылі як бялугі. Так працягвалася ўсю ноч. Адных малацілі, адчынялі камэры, выводзілі новых — і ўсё спачатку. Я ўжо не кажу, калі заяжджалі аўтазакі, усчынаўся лямант і прапускалі праз строй... Што садыстамі кіруе, нармальнаму не зразумець».

Моцна зьбітых дастаўлялі ўжо зь міліцыі, дзе затрыманыя праходзілі першасную «апрацоўку» дручкамі. Трэба было б у шпітальныя палаты, але замест гэтага везьлі ў турэмныя камэры.

«Расказвалі, як там зьдзекаваліся, прыніжалі, абражалі, — кажа Аксана Шыпіна. — Ногі на твар ставілі, пагражалі згвалціць. Я плакала, калі глядзела на 20-гадовую студэнтку, якую ва ўпор расстрэльвалі гумавымі кулямі. Дасталося ўкраінцы, рабілі зь яе тэрарыстку, жывога месца на целе не было... Ніякай дапамогі на Акрэсьціна няма. Адну дзяўчынку зьбілі так, што быў разрыў цягліц. У камэры духата, яна зелянела-сінела. Давялося нават інсцэнізаваць страту прытомнасьці. І тады далі таблетку ношпы. Амаль усіх, хто сядзеў, схапілі не на мітынгах. Бралі або каля РУУС, або недзе ў парках ці ў дварах, каб выканаць свой дзікі плян».

Паводле суразмоўцы, кантынгент у камэрах скрозь інтэлігентны, і гэта яшчэ больш дысанавала з тым, якія «кадры» былі звонку. Сядзелі чатыры маладыя дзяўчыны-мэдыкі. Добраахвотна выяжджалі да параненых, аказвалі першую дапамогу. Як расказалі потым аднакамэрніцам: на вуліцы Ляшчынскага амапаўцы іх затрымалі, паставілі на калені і прыставілі да галоваў аўтаматы. Праз пару гадзін ужо былі на Акрэсьціна. Неўзабаве кампанію ім склалі дзьве доктаркі сярэдняга ўзросту.

Акрэсьціна — выпрабаваньне больш псыхалягічнае, чым фізычнае, падсумоўваюць муж і жонка Шыпіны. Раны загояцца, а вось жахлівыя ўспаміны — наўрад ці.

Аксану выпусьцілі праз двое сутак, не прыгразіўшы працягам. Аляксея чакае позва ў суд. Сам ён не выключае крымінальнага перасьледу за «непадпарадкаваньне законным патрабаваньням...» і г. д., бо набраўся «нахабства» уцякаць ад спэцназу, ратуючы ўласнае жыцьцё. Тое, што доступ да машыны абмежаваны і яна раптам стала «рэчавым доказам», — ускоснае таму пацьверджаньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG