Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 добрых спраў Таварыства беларускай мовы


Эмблема Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны

27 чэрвеня адзначае 30-годзьдзе адно з найстарэйшых грамадзкіх аб’яднаньняў Беларусі — Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Першым старшынём ТБМ быў абраны народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Цяпер у ТБМ больш за 6 тысяч сябраў у Беларусі і за яе межамі, 450 мясцовых арганізацый і суполак, 6 абласных, 41 раённая і гарадзкая арганізацыя.

Свабода сабрала 10 добрых спраў, да якіх спрычынілася ТБМ.

1. Дзякуючы ТБМ у Беларусі прыняты Закон аб мовах

У 1990 годзе Таварыства беларускай мовы распрацавала закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», прыняты затым Вярхоўным Саветам. Адзінай дзяржаўнай мовай краіны стала беларуская мова. Аднак пасьля травеньскага рэфэрэндуму 1995 году ў краіне было ўведзенае дзьвюхмоўе.

Летась ТБМ распрацаваў праект новага закону, які мае забясьпечыць рэальную роўнасьць паміж дзьвюма дзяржаўнымі мовамі. Законапраект ТБМ «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы» вызначае функцыі і абавязкі дзяржаўных структур па падтрымцы мовы.

2. 13 сябраў ТБМ, у тым ліку і Зянон Пазьняк, былі абраныя дэпутатамі Вярхоўнага Савету XІІ​ скліканьня

13 сяброў грамадзкага аб’яднаньня сталі дэпутатамі першага беларускага парлямэнту, абранага дэмакратычным шляхам — Вярхоўнага Савету XІІ скліканьня. У парлямэнт былі абраныя Зянон Пазьняк, Ніл Гілевіч, Алег Трусаў, Пётра Садоўскі, Лявон Баршчэўскі, Яўген Цумараў ды іншыя. Яны ўвайшлі ў фракцыю БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня.

3. Старшыня ТБМ Алена Анісім — дэпутатка Палаты прадстаўнікоў

Алена Анісім, Алег Трусаў і Ганна Канапацкая на Дні Волі — 2019 у Горадні
Алена Анісім, Алег Трусаў і Ганна Канапацкая на Дні Волі — 2019 у Горадні

На парлямэнцкіх выбарах 2016 году Алена Анісім, якая тады была намесьніцай старшыні ТБМ, перамагла на выбарах у Стаўпецкай выбарчай акрузе. У Палаце прадстаўнікоў яна стала намесьніцай старшыні пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы.

У студзені 2019 году Алена Анісім заявіла, што будзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, якія пройдуць у 2020 годзе.

4. Кожны мае права атрымаць адказ на зварот па-беларуску

На шматлікія патрабаваньні ТБМ былі ўнесеныя зьмены ў закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб». Цяпер гэты закон гарантуе кожнаму заяўніку права атрымаць афіцыйны адказ на беларускай мове.

5. Геаграфічныя назвы пішуцца па-беларуску

Закон «Аб найменьнях геаграфічных аб’ектаў», прыняты ў 2010 годзе, патрабуе, каб новыя населеныя пункты атрымлівалі назвы па-беларуску. Да таго ж усе шыльды з назвамі гарадоў, населеных пунктаў, вуліц цяпер павінны выконвацца на беларускай мове. Беларуская мова вярнулася ў мэтро, у абвесткі на чыгунцы, аўтавакзалах.

6. Зьявіліся вуліцы Эўфрасіньні Полацкай, Льва Сапегі, Напалеона Орды

Пасьля шматлікіх зваротаў ТБМ у сталіцы ды іншых беларускіх гарадах зьявіліся назвы вуліц і плошчаў у гонар знакамітых беларусаў. Толькі ў Менску такіх назваў больш за 30: плошча і праектаваная станцыя мэтро імя Францішка Багушэвіча, вуліцы Льва Сапегі, Напалеона Орды, Эўфрасіньні Полацкай, Янкі Брыля ды іншыя. Былая вуліца Гандлёвая зноў пачала называцца Зыбіцкай.

7. ТБМ было ініцыятарам стварэньня тэлеканалу «Белсат»

Як кажа цяпер ужо ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў, сябры ТБМ Сяргей Кручкоў і Эдуард Мельнікаў тры гады прабівалі гэтую ідэю. Потым тагачасны старшыня ТБМ Алег Трусаў сустрэўся з амбасадарамі краін Эўразьвязу ў Беларусі, заручыўся іх падтрымкай. Да справы далучылася дэмакратычная грамадзкасьць Польшчы.

Першы беларускі недзяржаўны спадарожнікавы тэлеканал «Белсат» сёлета адзначыць сваё 12-годзьдзе.

8. ТБМ выдала дзясяткі ўнікальных кніг і марак

Таварыства беларускай мовы выдала больш за два дзясяткі мастацкіх і навуковых кніг, у тым ліку «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва» Міколы Шчакаціхіна, «Пачаткі роднае мовы» Валянціны Раманцэвіч, «Геаграфію Беларусі» Аркадзя Смоліча, «Аняменьне: хронікі зьнішчэньня беларускай мовы», а таксама слоўнікі па фізыцы, матэматыцы, батаніцы, зоапаразыталёгіі і іншыя.

Таксама ТБМ дамаглося выданьня марак з выявамі выбітных дзеячоў Беларусі. Апошняя такая марка — «200 гадоў з дня нараджэньня Станіслава Манюшкі». Першая паштовая марка незалежнай Беларусі ў 1992 годзе мела выяву крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Ёсьць і марка з сымболікай ТБМ.

9. ТБМ заснавала тры СМІ

  • Газэта «Наша слова» зьявілася ў сакавіку 1990 году, наклад яе — 2 тысячы асобнікаў. Наклад спэцвыпускаў даходзіў і да 15 тысяч.
  • Тыднёвік «Новы час» быў заснаваны ў сакавіку 2002 году, наклад даходзіў да 7 тысяч.
  • Літаратурны часопіс «Верасень» выходзіць з 2009 году. 1 ліпеня адбудзецца прэзэнтацыя 20-га нумару «Верасьня».

10. ТБМ заснавала 23-ю гімназію і Нацыянальны ўнівэрсытэт імя Ніла Гілевіча

Пад ціскам ТБМ у 2002 годзе рашэньнем Менгарвыканкаму замест сярэдняй школы № 23 была заснаваная беларускамоўная гімназія. У многім гэта было зроблена дзякуючы намаганьням тагачаснай старшыні менскай гарадзкой арганізацыі ТБМ Алены Анісім.

ТБМ ініцыявала стварэньне Нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Ніла Гілевіча — ВНУ з выкладаньнем выключна на беларускай мове. За стварэньне беларускамоўнага ўнівэрсытэту было сабрана больш за 50 000 подпісаў.

Установа юрыдычна зарэгістраваная, рыхтуюцца дакумэнты для атрыманьня ліцэнзіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG