Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці асуджаных непаўналетніх распаўсюднікаў наркотыкаў прайгралі суд супраць МУС


Суд Цэнтральнага раёну Менску

Маці сьцьвярджаюць, што празь бязьдзейнасьць міністэрства ім не хапіла інфармацыі пра пагрозу, якую для іхніх непаўналетніх дзяцей уяўлялі інтэрнэт-крамы з наркотыкамі.

4 чэрвеня суд Цэнтральнага раёну Менску разгледзеў прэтэнзіі актывістак руху «Маці 328» да Міністэрства ўнутраных спраў.

Заяўніцы Вольга Саўчанкава, Ірына Шаркоўская і Юлія Астраўка лічаць, што МУС вінаватае ў тым, што не праводзіла прафіляктычную працу адносна сайтаў, на якіх прапаноўвалі працу па распаўсюдзе наркотыкаў. Пазоўніцы патрабавалі спагнаць з МУС маральную шкоду, нанесеную «бязьдзейнасьцю адказьніка», — па 100 тысяч рублёў кожнай.

Вольга Саўчанкава, Ірына Шаркоўская і Юлія Астраўка спасылаліся на закон «Аб органах унутраных спраў», паводле якога адна з задач праваахоўнікаў — прафіляктыка злачынстваў.

«Я ня ведала, што гэтак лёгка трапіць на распаўсюднікаў наркотыкаў»

Жанчыны кажуць, што празь бязьдзейнасьць міністэрства ім не хапіла інфармацыі пра пагрозу, якую для іхніх непаўналетніх дзяцей уяўлялі інтэрнэт-крамы з наркотыкамі.

На прапанову аднаго з такіх сайтаў пагадзіўся 17-гадовы сын Вольгі Саўчанкавай. Паміж гэтым рашэньнем і затрыманьнем не прайшло і тыдня. Цяпер ён у бабруйскай выхаваўчай калёніі. Прысуд — 10 гадоў.

«Але ён не ўяўляў, чым гэта можа скончыцца, а я ня ведала, што гэтак лёгка можна трапіць на распаўсюднікаў наркотыкаў, інакш бы яго засьцерагла, — кажа Вольга Саўчанкава. — Чаму пра гэта нідзе не было інфармацыі, чаму працягваюць працаваць гэтыя інтэрнэт-крамы? Што робіць міліцыя, каб гэта спыніць і нас папярэдзіць? Лічу, што нічога».

Прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў не пагадзіліся з прэтэнзіямі. Паводле МУС, сайты з прапановамі распаўсюду наркотыкаў рэгулярна закрываюць, прафіляктыка вядзецца. Напрыклад, у праграмах на дзяржаўнай тэлевізіі.

Актывісткі «Маці 328» пасьля працэсу заявілі, што далей зьвернуцца ў Менскі гарадзкі суд.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG