Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік МЗС Беларусі: Украіна ідзе ў правільным кірунку


Андрэй Еўдачэнка (трэці зьлева) ў часе сустрэчы з намесьнікам старшыні Львоўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Раманам Філіпівым (справа ад яго)

Першы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка ў часе сустрэчы з намесьнікам старшыні Львоўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Раманам Філіпавым выказаў думку, што Ўкраіна рухаецца «ў правільным кірунку».

«Мы зацікаўленыя ня толькі ў эканамічнай супрацы, а і ў палітычных дачыненьнях. Украіна — братэрская краіна і наша суседка. Вы ідзяце ў правільным кірунку. Украіна з пункту гледжаньня экспарту для нас ёсьць другім партнэрам, і мы гатовыя і ў далейшым супрацоўнічаць», — сказаў Андрэй Еўдачэнка.

Такое выказваньне Андрэя Еўдачэнкі працытавала прэсавая служба Львоўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі па выніках пятага паседжаньня ўкраінска-беларускай рабочай групы высокага ўзроўню ў пытаньнях узаемнага гандлю.

Паводле прадстаўніка беларускага МЗС, каля 150 прадпрыемстваў Львоўшчыны супрацоўнічаюць зь Беларусьсю. У сваю чаргу львоўскія абласныя ўлады выказалі зацікаўленасьць у пашырэньні гандлёва-эканамічных сувязяў і міжрэгіянальнай супрацы ў межах праграмы «Польшча — Беларусь — Украіна» (гэтая праграма дзейнічае на працягу 15 гадоў, а ў 2014–2020 гадах ажыцьцяўляецца ў межах Эўрапейскага інструмэнту суседзтва. — РС).

«Мы гатовыя шукаць партнэраў для супрацы зь беларускімі прадпрыемствамі, якія выходзяць на ўкраінскі рынак, і праводзіць кансультацыі для іх. А таксама нашы прадпрыемствы зацікаўленыя ў кансультацыях зь беларускага боку», — сказаў Раман Філіпаў.

Аляксандар Лукашэнка неаднойчы нэгатыўна выказваўся наконт падзей ва Ўкраіне, пачынаючы ад 2004 году, калі адбылася Аранжавая рэвалюцыя, і пазьней — пасьля Рэвалюцыі Годнасьці ў 2014 годзе. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі Беларусі ўвесь гэты час даволі часта выкарыстоўваюць падзеі ва Ўкраіне, каб запалохаць магчымымі наступствамі, да якіх могуць прывесьці акцыі пратэсту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG