Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Украіна за апошнія чатыры гады зьмянілася больш, чым за папярэднія дваццаць». 8 уражаньняў амэрыканскага палітоляга


Аляксандр Мотыль

Праблема Ўкраіны ня ў тым, што яна недастаткова зьмянілася. Наадварот, яна зьмянілася вельмі моцна і вельмі хутка, што павысіла чаканьні насельніцтва, падарвала ўжо існуючыя мадэлі паводзін, стварыла нявызначанасьць і тым самым павялічыла папулярнасьць папулістаў, якія сьцьвярджаюць, што трэба вяртацца да старых часоў.

Фактычна, Украіна за апошнія чатыры гады зьмянілася больш, чым за папярэднія два дзесяцігодзьдзі з часоў атрыманьня незалежнасьці ў 1991 годзе. Разгледзім восем найбольш уражлівых дасягненьняў:

1. Украіна пабудавала высокаканкурэнтную армію і вайскова-прамысловы комплекс, а таксама спыніла расейскую агрэсію на паўднёвым усходзе — гэта выдатнае дасягненьне, улічваючы, што ў 2014 годзе Ўкраіна мела толькі каля шасьці тысяч гатовых да бою вайскоўцаў.

2. Украіна таксама рашуча пачала рухацца ў кірунку інтэграцыі з Захадам і сьветам, у той час як гандаль з Расеяй рэзка ўпаў, а прамыя замежныя інвэстыцыі, большасьць зь якіх — кітайскія, вырасьлі. Украіна ўжо перастала быць задворкамі Расеі, асабліва калі рацыяналізавалі цэнаўтварэньне на газ, а залежнасьць Украіны ад прамога імпарту расейскага газу рэзка ўпала.

3. За апошнія некалькі гадоў эканоміка Ўкраіны расла прыблізна па 3,5% штогод. Сельская гаспадарка і сфэра ІТ квітнеюць. Інвэстыцыі ў альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі таксама растуць (прагназуюць, што аднаўляльныя крыніцы энэргіі складуць 25% вытворчасьці ўкраінскай энэргетыкі ў 2035 годзе), нават калі Ўкраіна выявіла некалькі велізарных газавых радовішчаў, якія маглі б зрабіць яе экспартэрам энэргіі на працягу наступных дзесяці гадоў. Мільярды былі накіраваны на рамонт і пашырэньне інфраструктуры. Банкаўская сыстэма наладжваецца, і ў цэлым назіраецца дасягненьне макраэканамічнай стабільнасьці.

4. Мясцовая ўлада атрымала больш паўнамоцтваў і значныя рэсурсы. Працягваецца і мясцовая грамадзкая актыўнасьць, часам яна дае адпор уплывовым асобам і звычайна прыводзіць да бачных зьменаў. Неабходныя рэформы пакуль што праводзяць рэструктурызацыю састарэлай сыстэму аховы здароўя дзяржавы, хоць украінцы і скардзяцца на тое, што гэтыя рэформы ідуць ня так.

5. Адукацыя таксама зьведала рэфармаваньне на ўсіх узроўнях: унівэрсытэты і каледжы атрымалі вялікую аўтаномію. Украінская мова і культура перажываюць адраджэньне, накшталт залатых 1920-х гадоў. Кнігавыданьне хутка расьце, кінэматаграфічная індустрыя адраджаецца, мастацтва, музыка, танцы і тэатар — як традыцыйныя, так і авангардныя — настолькі інавацыйныя, як і любыя іх адпаведнікі на Захадзе.

6. Праваслаўная царква Ўкраіны стала аўтаномнай, што ўмацавала разрыў Украіны з Расіяй. На фоне таго, як экзархі і парафіі царквы, якая падпарадкоўваецца Маскве, мяняюць лягеры, тэмпы гэтых пераходаў будуць расьці пасьля дасягненьня пэўнай адзнакі.

7. Былі зробленыя і важныя крокі для пераадоленьня карупцыі. Усе функцыянэры цяпер павінны даваць справаздачу аб сваіх актывах. Створаныя антыкарупцыйнае агенцтва і ўкраінскі эквівалент ФБР. У працэсе — таксама стварэньне антыкарупцыйнага суду. Бізнэсмэны паведамляюць, што ва Ўкраіне стала лягчэй весьці бізнэс.

8. Украіне ўдалося таксама захаваць энэргічную, хоць і недасканалую дэмакратыю, з ажыўленай прэсай, якая адлюстроўвае ўсе думкі, моцнай грамадзянскай супольнасьцю і агульнапрынятымі дэмакратычнымі інстытутамі і працэдурамі. Крайне левыя і правыя — гэта маргінальныя зьявы ва Ўкраіне і не зьяўляюцца падобнымі да іх эквівалентаў ў такіх устойлівых дэмакратыях, як Вялікабрытанія, Францыя, Нямеччына, Аўстрыя і Нідэрлянды. Антысэмітызм таксама маргінальны.

Як ні парадаксальна, але нягледзячы на такія ўражлівыя і відавочныя зьмены, большасьць ўкраінцаў усё роўна настойваць на тым, што «нічога не зьмянілася», і дзяржава рухаецца ў «няправільным кірунку». Гэтыя погляды супярэчлівыя — калі нічога не зьмянілася, Украіна не можа рухацца ў няправільным кірунку, але гэтыя погляды адлюстроўваюць шырокую нецярпімасьць украінцаў, падкормленую перабольшанымі чаканьнямі ў выніку Эўрамайдану ў 2014 годзе. На самай справе, «усё зьмянілася» і краіна рухаецца ў «правільным кірунку».

Зразумела, што ўкраінцы хочуць жыць так, як заходнія эўрапейцы — ня заўтра, не пасьлязаўтра, а ўжо сёньня. Натуральна, што гэтага не адбылося па той простай прычыне, што гэта немагчыма. У рэшце рэшт, адзіны спосаб прымусіць Украіну наблізіцца да Заходняй Эўропы — гэта працягваць уводзіць надзвычай балючыя рэформы. Менавіта гэта і было зроблена — і гэта было пакутліва, паколькі ўкраінцы намагаюцца зьвесьці канцы з канцамі ў час, як павышэньне цэн на газ скараціла рост іх зарплатаў.

Пры гэтым здаецца, што алігархі пацярпелі нязначна (насамрэч, вайна з Расеяй істотна паменшыла іх актывы), карупцыя застаецца праблемай, а палітыкі, адказныя за масавыя крадзяжы эпохі Януковіча, або зьбеглі за мяжу, або засталіся беспакаранымі.

Ня дзіўна, што папулісцкія заклікі не застаюцца без рэзанансу і могуць паўплываць на вынік будучых выбараў. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заслугоўвае перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах у сакавіку, але, напэўна, не пераможа, бо людзі лічаць яго адказным за тое, што нібыта «нічога не зьмянілася» і што Ўкраіна рухаецца ў «няправільным кірунку».

Юлія Цімашэнка, палкая былая кіраўніца ўраду, суарганізатарка Аранжавай рэвалюцыі і палітычны вязень пры рэжыме Януковіча, узначальвае папулісцкі наступ, абяцаючы адцягнуць рэформы і ўвесьці «сацыяльную справядлівасьць». Яна зьяўляецца лідэрам ва ўсіх апытаньнях грамадзкай думкі. Другі па рэйтынгу ў апытаньнях — актор Уладзімір Зяленскі, які праславіўся дзякуючы тэлевізійнай ролі, дзе ён грае чалавека з народу і становіцца прэзыдэнтам-рэфарматарам Украіны. Некаторыя апытаньні сьведчаць аб тым, што ён пераможа Цімашэнку ў другім туры.

Перамога Парашэнкі азначала б працяг пазытыўных тэндэнцый ва Ўкраіне. Перамога Цімашэнкі можа дэстабілізаваць сытуацыю, асабліва калі яна вырашыць напасьці на «істэблішмэнт» і пачаць шукаць хуткага пагадненьня з Расеяй. Перамога Зяленскага можа зьмяніць «усё», асабліва калі ён павядзе некампэтэнтную палітыку, якая дазволіць алігархам аднавіць кантроль над эканомікай, узмоцніць інфляцыю, падвысіўшы зарплаты і пэнсіі, і адкрые дзьверы расейскаму ўварваньню, грэбуючы бясьпекай і абаронай.

Ня дзіўна, што расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін спадзяецца і можа зрабіць усё магчымае для таго, каб дамагчыся паразы Парашэнкі (гэта можа стаць найлепшым штуршком для пераабраньня дзейнага прэзыдэнта). Для Пуціна Цімашэнка была б лепшай за Парашэнку, але, будучы непрадказальнай, яна магла б стаць і прычынай для турботаў. Перамога Зяленскага наогул была б сцэнаром, пра які Пуцін марыць.

Па іроніі лёсу, менавіта празь няздольнасьць прызнаць, што ўсё насамрэч зьмянілася, украінцы могуць патрапіць да горшага з усіх магчымых сьветаў — вярнуцца ў ранейшы стан і ў абдымкі Расеі.

Аляксандр Мотыль

Аляксандр Мотыль — амэрыканскі палітоляг у Ратгерскім унівэрсытэце. Блог быў апублікаваны па-ангельску на сайце Атлянтычнай рады.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG