Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднавіць атмасфэру «Дзевяноста першага»

абноўлена

На сядзібе БНФ у Менску адбылася прэзэнтацыя кнігі «Дзевяноста першы», 42-га выданьня з сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

19:50 16.9.2013
Кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы» ў PDF
19:49 16.9.2013
На заканчэньне прэзэнтацыі наведнікам раздаюцца кнігі Сяргея Навумчыка, якіх, відавочна, не хапіла для ўсіх прысутных. Валер Каліноўскі нагадвае, што кнігу можна спампаваць з нашага сайту.
19:47 16.9.2013
Сяргею Навумчыку паступіла пытаньне з залі: «Ці хочаце напісаць кнігу і пра наступныя гады?» — «Мне фактычна аддаецца роля Аляксандра Дзюма — дваццаць гадоў таму, трыццаць гадоў таму», — жартуе Навумчык, але поытм працягвае, што ў яго ёсьць абяцаньне, дадзенае Рыгору Барадуліну, напісаць кнігу пра Васіля Быкава. «Але пасьля гэтага я сапраўды хачу напісаць пра 94-ты год. І гэта ўжо будзе больш аналітычная кніга. Калі будзе магчымасьць, я пастараюся напісаць кнігу пра гэты год», — кажа Навумчык.
19:39 16.9.2013
Слова зноў даецца Сяргею Навумчыку, які дзеліцца свамі ўражаньнямі ад выступаў. «Я разумею, што ўсе людзі ветлівыя, тактоўныя, і ніхто надта крытычна не выказваўся. Пятро Садоўскі сказаў, што можна было б болей напісаць пра рабочы рух. У маёй кнізе рабочаму руху прысьвечана 40 старонак, але я згаджуся. што можна было напісаць і больш. Спадзяюся, нехта напіша асобную кнігу пра беларускі рабочы рух», — зазначае Навумчык.

«Незалежнасьць Беларусі не звалілася зь неба, яе здабылі і заваявалі беларусы. За 6 гадоў працы ў Вярхоўным Савеце апазыцыя БНФ не атрымала ані цэнта замежных грантаў. Мы абапіраліся на народ, і ён быў здольны сам вырашыць свой лёс. Калі нас чуюць і глядзяць палітыкі — то галоўны ўрок у тым, што заўсёды трэба быць да ўсяго падрыхтаваным. Таму я ўпэўнены, што прэзэнтацыю наступнай сваёй кнігі я правяду ўжо ў Беларусі, сярод вас», — кажа Навумчык.
19:37 16.9.2013
Кожны чалавек мае вялікія падзеі ў сваім жыцьці. Тыя дзьве траціны жыцьця, якія былі да 91-га году, і тая траціна пасьля — не далі мне ніякіх больш важных падзеяў, чым тыя некалькі гадоў у Вярхоўным Савеце. Дзякуй Сяргею Навумчыку, што не дае гэта забыць нас усім — кажа былы дэпутат і міністар працы Аляксандр Сасноў.
Аляксандар Сасноў
Аляксандар Сасноў
19:33 16.9.2013
Дэпутат ВС 12-га скліканьня Мікалай Крыжаноўскі паўтарае, што галоўны здабытак тых часоў — гэта незалежнасьць Беларусі. «Вялікі дзякуй Сяргею Навумчыку за добрую і своечасовую кнігу. Яна разьлічаная найперш на моладзь. Мы, дэпутаты ад апазыцыі, тады ня думалі пра сябе. Працавалі дзеля справы і думалі пра радзіму, сваіх дзяцей і ўнукаў», — кажа Крыжаноўскі.
Мікалай Крыжаноўскі
Мікалай Крыжаноўскі
19:24 16.9.2013
Слова даецца бацьку аўтара Іосіфу Адамавічу Навумчыку. Яму і маці Розе Ягораўне і прысьвечаная гэтая кніга.

Сяргей Навумчык між іншым напісаў пра бацьку ў сваёй кнізе:

Бацька вельмі хваравіта ўспрыняў маю далучанасьць да БНФ, яшчэ з моманту ўстаноўчага сходу ў Чырвоным касьцёле. Вялікага энтузіязму ня выклікаў у яго і мой удзел у «нефармальным руху». Пры гэтым бацька ніколі не папракаў мяне нацыяналізмам (яго самога лічылі, і абсалютна справядліва, «нацыянал-камуністам»: ён быў у добрых стасунках зь пісьменьнікамі: Быкавым, Барадуліным, Караткевічам, Бураўкіным — і тое, што ў Коласаўскім тэатры ў 1970-я ўсё ж паставілі караткевічаўскія «Званы Віцебску», а затым і «Кастуся Каліноўскага», у немалой ступені — ягоная заслуга.

Вядучы пытаецца ў Іосіфа Адамавіча, ці праўда, што Сяргей перакрэсьліў вашую кар’ерную пэрспэктыву?



Іосіф Навумчык сказаў, што сёлета 25 жніўня быў ня ў Беларусі, а ў санаторыі ў Адэсе, і пры тым, што ва Ўкраіне сытуацыя няпростая, дзень украінскай незалежнасьці 24 жніўня там адзначаюць ня толькі як дзяржаўнае, але і як сапраўды народнае сьвята.

У Беларусі шмат хто забыў пра дзень 25 жніўня. Некаторыя гісторыкі ўжо пачынаюць заяўляць, што сапраўдная незалежнасьць Беларусі пачалася ў ліпені 94-га, пасьля абраньня першага прэзыдэнта. Я ўспамінаю падзеі 91-га году, якія былі няпростымі для многіх, у тым ліку для мяне, які на той час быў сакратаром Віцебскага абкаму. Я ня ўсё ўспрымаў у тых мэтадах і словах, якія гучалі з трыбуны Вярхоўнага Савету. І калі я чытаў кнігу Сяргея, я яшчэ раз пераасэнсаваў тыя зьявы, што былі ў той час у беларускай кампартыі. Вельмі мала там было людзей, якія ўспрымалі ідэю незалежнасьці. І тое, што зрабіў тады БНФ — гэта вялікая праца, і мы павінны гэтым ганарыцца».
19:14 16.9.2013
Перш чым даць слова Пятру Садоўскаму, вядоўца ўзгадвае, як у сьнежні 1991 году ў Вярхоўны савет Беларусі няпрошана прыехаў расейскі шавіністычны палітык Уладзімер Жырыноўскі.

Далей цытата з кнігі Навумчыка:

«Садоўскі дыпляматычна папрасіў Жырыноўскага пакінуць памяшканьне, назваўшы яго нават словам «таварыш» — «Таварыш Жырыноўскі». Але ў адказ пачуў непалітычную лексыку. «Подонок ты мне, а не товарищ, паскуда такая!», — выкрыкнуў Жырыноўскі. Умомант у філёлягу і будучым першым беларускім амбасадары ў Нямеччыне прачнуўся былы курсант сувораўскай вучэльні. Садоўскі прымяніў прыём, які імгненна ўпячатаў Жырыноўскага ў дзьверы. Я зноў выштурхнуў няпрошанага маскоўскага госьця ў калідор, на лесьвіцу. І мы цяпер ужо ўдвух надалі целу лідэра расейскай партыі такое паскарэньне, якое, паводле законаў фізыкі, перанесла Жырыноўскага на некалькі мэтраў ніжэй».

І перш за ўсё на сцэне Садоўскі паказвае той самы прыём, якім ён упячатаў Жырыноўскага ў дзьверы.

Шмат чаго забываецца. Нават людзі ня самыя горшыя часам блытаюць відавочныя рэчы пра гэты час. Твор Навумчыка — гэта палітычны рэпартаж. Магчыма, я не падзялю ўсе цытаты і вызначэньні, які дадзены ў кнізе некаторым асобам, — у прыватнасьці, пра Шушкевіча і Гілевіча. Магчыма, трэба было больш сказаць пра рабочы рух, а таксама пра некаторых прамыслоўцаў, — лічыць Садоўскі.
19:00 16.9.2013
Сяргей Навумчык, гаворачы аб рэакцыі на Захадзе на распад СССР, дзе не чакалі гэтага і нават адгаворвалі былыя рэспублікі СССР ад незалежнасьці, піша ў сваёй кнізе: «Празь некалькі дзён пасьля падпісаньня Віскулёўскіх пагадненьняў сталы прадстаўнік Беларусі ў ААН Генадзь Бураўкін ад імя Беларусі, Расеі і Ўкраіны ўручыў дакумэнты аб ліквідацыі СССР прэзыдэнту ЗША — і Джордж Буш вымушаны быў памацаць рукамі тое, у верагоднасьць чаго ня мог паверыць яшчэ некалькі тыдняў таму».

Бураўкін апавядае, як так атрымалася, што менавіта ён паехаў да прэзыдэнта Буша ўручыць гэты дакумэнт. Украінскі прадстаўнік прапанаваў паслу Расеі, але той адмовіўся, бо, маўляў, Расея яшчэ не абвясьціла сама пра сваю незалежнасьць. І тры дыпляматы вырашылі, што лепш за ўсё даручыць гэтую справу паслу Беларусі, на зямлі якой і адбыўся фармальны распад СССР.

«Вельмі своечасовая і патрэбная кніга, — кажа Бураўкін пра кнігу Навумчыка. — Хацеў бы, каб гэтую кнігу прачыталі як мага больш людзей. І я не сумняюся, што з цягам часу вартасьць і каштоўнасьць гэтай кнігі будзе толькі ўзрастаць».
18:57 16.9.2013
На выступ у «Розным» у Вярхоўным Савеце давалася 5 хвілінаў. Менавіта столькі вядучы дае дэпутату ВС 12-га скліканьня Лявону Баршчэўскаму.
Іосіф Навумчык і Лявон Баршчэўскі
Іосіф Навумчык і Лявон Баршчэўскі

«Ацэнкі мае не зьмянілася, іншымі яны ня могуць быць. Так, мы пакуль ня маем той Беларусі, пра якую марым. Але мы заклалі падмурак. Я з адным ня згодны — ня ўсё былі героямі, і я б сказаў некалькі добрых словаў і пра іншых дэпутатаў», — кажа Баршчэўскі, які таксама перадаў прысутным вітаньні ад дэпутата Валянціна Голубева, які ня змог прыйсьці на прэзэнтацыю.
18:46 16.9.2013
Слова даецца рэдактару кнігі Ўладзімеру Арлову, які таксама адсутнічае ў Менску — паехаў на важны літаратурны форум, але пакінуў свой выступ пра каштоўнасьць кнігі Сяргея Навумчыка ў выглядзе відэафайла.
Уладзімер Арлоў пра кнігу Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:30 0:00
Наўпроставы лінк

«Гэтая кніга — важкі адказ як тым, хто лічыць, што незалежнасьць звалілася зь неба, так і тым, хто кажа, што нацыянальна-дэмакратычныя сілы атрымалі паразу. Я спадзяюся, што мой дзень нараджэньня будзе вялікім нацыянальным сьвятам, бо менавіта ў гэты дзень, 25 жніўня, Беларусь набыла незалежнасьць».
18:44 16.9.2013
Вітаньне на адрас аўтара даслала Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР

18:37 16.9.2013
Зянон Пазьняк пра кнігу Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:29 0:00
Наўпроставы лінк
Прысутныя слухаюць відэазапіс звароту Зянона Пазьняка, які зараз знаходзіцца ў Варшаве

Выхад кнігі — вельмі добрая падзея. Бо кніга прысьвечанавельмі важнай зьяве ў нашай гісторыі. Фактычна—гэта найвялікшая зьява, якая адбылася за 200 гадоў акупацыі, гэта — здабыцьцё незалежнасьці. Сяргей Навумчык быў удзельнкам тых падзеяў. Таму каштоўнасьць гэтай кнігі ў тым, што, з аднаго боку, паказаны асабістыя адчуваньні чалавека, які прайшоў праз усё гэта. З другога боку, кніга заснавана на фактах і дакумэнтах і грунтуецца на сур’ёзным аналізе. Калі я быў у Празе, то заўважыў, што ў Сяргея Навумчыка вельмі добра арганізаваны архіў, і гэта выдатна. Мы перажываем цяжкі час, і па гэтай тэме многія ня хочуць пісаць. І таму зьяўленьне гэтай кнігі — вельмі важная падзея для нашай культуры і для нашай гісторыі.
18:34 16.9.2013
Сяргей Навумчык сабраў унікальны архіў першых галоў незалежнасьці, дзейнасьці Вярхоўнага Савету, шмат дакумэнтаў і фатаграфій ён выкарыстаў пры падрыхтоўцы сваёй кнігі, — кажа Валер Каліноўскі. Прысутныя праглядаюць некаторыя з тых здымкаў, якія перадаюць незабыўную атмасфэру 1991-га, нагадваюць нам тыя падзеі і асоб якія бралі ў іх удзел.
18:28 16.9.2013
Першае пакаленьне сапраўдных беларускіх палітыкаў аказалася і апошнім (пакуль) пакаленьнем беларускіх палітыкаў. Гэта кніга перамогі па самым вялікім гістарычным рахунку, — кажа Лукашук.
18:27 16.9.2013
Вядоўца перадае слова аднаму з аўтараў гэтых здымкаў зь фільму «Дэпутаты» Аляксандру Лукашуку, дырэктару Беларускай службы Радыё Свабода, «галоўнаму бібліятэкару» Бібліятэкі Свабоды, заснавальніку і каардынатару кніжнай сэрыі Свабоды. Лукашук прамаўляе з экрану на сувязі з Прагі праз скайп.
18:26 16.9.2013
Зноў слова бярэ вядоўца імпрэзы Валер Каліноўскі. «Каб глыбей трапіць у атмасфэру 1991 году ў Менску, я прапаную паглядзець відэасюжэт з выкарыстаньнем некалькіх хвілін унікальнай хронікі пра тыя падзеі з фільму „Дэпутаты“, які зрабілі Аляксандар Лукашук і Юры Гарулёў».

Фрагмэнт фільму "Дэпутаты"
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:50 0:00
Наўпроставы лінк
18:20 16.9.2013
Чаму не пісаў пра"памылкі БНФ"? Бо трэба ўмець выдзяляць галоўнае. Галоўнае, што было ў нашага пакаленьня — гэта здабыцьцё незалежнасьці. Каб пісьменьніку ўвайсьці ў гісторыю, ён мусіць стварыць шэдэўр. А дэпутатам ВС 12-га скліканьня ўжо ня трэба нічога такога рабіць — яны ўжо ў гісторыі. На жаль, мае словы ўдзячнасьці ўжо не пачуюць Ігар Гермянчук, Ігар Пырх, Галіна Сямдзянава ды іншыя. Ну, а жывым дэпутатам мне якраз і хацелася б аддаць пры жыцьці даніну павагі.
18:13 16.9.2013
Сяргей Навумчык апавядае пра галоўныя задачы, якія ён ставіў перад сабой, ствараючы кнігу. «У мастацкім творы пісьменьнік стварае новую рэальнасьць з дапамогай прыдуманых пэрсанажаў, прыдуманых сытуацый. У дакумэнтальнай (мэмуарнай) літаратуры не можа быць прыдуманых пэрсанажаў і прыдуманых сытуацый. Твая мэта – максымальна дакладна перадаць, што было, чаму было, і хто ў гэтым браў удзел. Калі б я пісаў гэтую кнігу ў дэмакратычнай Беларусі, дзе б кожны студэнт мог сказаць, хто такі Пазьняк, Беленькі, Голубеў, Баршчэўскі — там бы я мог расслабіцца і пісаць толькі пра свае ўласныя адчуваньні. Але ў нашай сытуацыі я быў вымушаны не забывацца і на функцыю грамадзка-палітычную, асьветніцкую, разумеючы, што ў маладога пакаленьня проста няма адкуль даведацца пра тыя падзеі — і нагадваць храналёгію падзеяў, даваць цытаты з дакумэнтаў. Увогуле, я ў кнізе, нават калі даваў ўласныя ацэнкі, заўсёды абапіраўся на нейкія дакумэнты».
Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык
18:11 16.9.2013
Валер Каліноўскі знаёміць прысутных зь біяграфіяй аўтара кнгі Сяргея Навумчыка. Слова перадаецца Навумчыку, які прамаўляе да прысутных з экрану празь відэасувязь з Прагі.
Валер Каліноўскі
Валер Каліноўскі

Загрузіць яшчэ

Глядзець камэнтары (5)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG