Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Марачкіна: Назву «Майстроўні» я прапанавала па аналёгіі з заходнебеларускай суполкай


Ірына Марачкіна (Крук). Здымак Арцёма Канцавога.

5 і 6 ліпеня ў Менску прэзэнтуецца новая кніга бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду».

Першы поўны назоў нефармальнага моладзевага аб’яднаньня 80-х, якому прысьвечаная кніга, — Беларуская Сьпеўна-Драматычная Майстроўня. Яго прапанавала студэнтка Ірына Марачкіна (Крук), цяпер выкладчыца гісторыі мастацтва і культуроляг. Яна прыгадвае:

«Напачатку мы рабілі вечарыны. Першая была прысьвечаная Багдановічу. І выявілася, што нам трэба нейкім чынам абазначыцца, хто запрашае на гэтую вечарыну, што за суполка, што за людзі. Мы сабраліся і абмяркоўвалі, як бы нам назвацца. Кожны павінен быў прыдумаць сваю назву. Я ў той час была захопленая пэрыёдыкай Заходняй Беларусі, начыталася „Шляху моладзі“ і іншых заходнебеларускіх выданьняў. Таму і сказала, што наша дзейнасьць вельмі падобная да дзейнасьці Беларускай Сьпеўна-Драматычнай Майстроўні ў Вільні. Мы і сьпяваем, мы і ставім спэктаклі, мы і найперш беларуская суполка. Гэтая назва зачапіла, спадабалася. Я думаю, што назва атрымалася цікавая і запамінальная.

Хоць гэта вельмі радасная падзея — прэзэнтацыя кніжкі пра „Майстроўню“, але ў мяне такі смутак, што няма ўжо з намі такіх яркіх дзяўчат, каторыя былі ад пачатку. Няма нашай незабыўнай Тані Сапач, няма Арыны Вячоркі. Прыйшла сумная вестка зь Вільні, што ня стала Сяржука Вітушкі — гэта славуты „талаковец“, сябра наш вялікі. Ня ўспомніць пра гэтых людзей немагчыма. Асаблівая падзяка сьветлай памяці Тацяне Сапач, каторая шмат сэрца, шмат душы ўклала ў размову з „майстроўцамі“. Яна была найперш чалавекам, які браў інтэрвію, разгаворваў нас, накіроўваў нас на шчырую гаворку. Ну, а, канечне, Сяржук Дубавец аналізаваў нашы выказваньні, разважаў. І вялікі дзякуй яму за тое, што гэтую справу завяршыў вельмі дастойна, на добрым узроўні. Вялікі дзякуй усім людзям, каторыя дапамаглі ажыцьцявіць гэтае цудоўнае выданьне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG