Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падсудны Андрэй Гаўраш

Андрэя Гаўраша, якога ў навагоднюю ноч параніў міліцыянт, судзяць за «супраціў»

абноўлена

27 ліпеня на працэсе ў Маскоўскім судзе супраць менчука Андрэя Гаўраша, якога абвінавачваюць у супраціве міліцыі, быў дапытаны пацярпелы — сяржант міліцыі Руслан Салаўёў — і некалькі сьведак. У тым ліку муж і жонка Тулюпы, якія выклікалі міліцыю ў навагоднюю ноч праз тое, што ў суседняй кватэры Андрэя Гаўраша было занадта шумна. Падчас канфлікту зь міліцыянтам Андрэй Гаўраш атрымаў два агнястрэльныя раненьні. Вінаватым сябе Гаўраш не прызнаў.

Руслан Салаўёў заявіў, што Гаўраш першым напаў на яго і некалькі разоў ударыў, пасьля чаго ён мусіў бараніцца ды ўжыў зброю.

Таксама сёньня была дапытаная жонка абвінавачанага Анастасія Гаўраш. Сам Андрэй Гаўраш яшчэ не даваў паказаньняў, бо суд вырашыў спачатку дапытаць пацярпелага і сьведак.

Працэс адновіцца 28 ліпеня а 10-й гадзіне.

«Блытаецца так, нібыта ў яго стралялі, а ня ён». Бацька не паверыў ніводнаму слову міліцыянта, які параніў ягонага сына

Андрэй Гаўраш не прызнаў віны

Падсудны Андрэй Гаўраш
Падсудны Андрэй Гаўраш

Гаўраш сказаў у судзе: «Па выстаўленым абвінавачаньні віны не прызнаю».

Міліцыянт Руслан Салаўёў, які страляў у Гаўраша
Міліцыянт Руслан Салаўёў, які страляў у Гаўраша

У судовай залі. У цэнтры бацькі абвінавачанага Андрэя Гаўраша
У судовай залі. У цэнтры бацькі абвінавачанага Андрэя Гаўраша

Паводле вэрсіі міліцыі, абвінавачаны напаў на супрацоўніка міліцыі, які прыйшоў у кватэру, дзе, як паведамілі суседзі, паводзілі сябе занадта шумна. Нібыта ў адказ на заўвагу мянчук некалькі разоў ударыў міліцыянта і паспрабаваў забраць у яго пісталет, праз што атрымаў ад супрацоўніка два стрэлы «ў мяккія тканкі».

Паводле вэрсіі жонкі параненага гаспадара кватэры Анастасіі, адчыняць дзьверы пасьля званка пайшоў муж, і неўзабаве з тамбуру пачуліся крыкі і стрэлы. Першай у тамбур выбегла сястра Анастасіі. Яна потым распавядала, як міліцыянт наставіў пісталет і на яе. Сама Анастасія ўбачыла мужа, калі той ужо ляжаў на падлозе ў лужыне крыві. Паводле жанчыны, міліцыянт, які страляў, адразу зьбег. Потым Анастасія ўбачыла яшчэ дваіх супрацоўнікаў міліцыі, пра якіх яна ня ведае, прысутнічалі яны ў момант здарэньня ці падышлі пазьней. Нібыта тыя міліцыянты казалі ёй, што іхнага калегу пакараюць.

Суседзі параненага характарызавалі яго як цалкам спакойнага чалавека, які ніколі не выяўляў агрэсіі. Таксама яны сумняваліся, каб нехта з падʼезду выклікаў міліцыю. Іншыя жыхары дому распавядалі журналістам пра нейкага міліцэйскага начальніка, які пасьля інцыдэнту прыяжджаў у двор і доўга размаўляў зь міліцыянтам.

Андрэй Гаўраш не прызнаў віны. Бацькі Гаўраша казалі, што Андрэй увесь гэты час пасьля шпіталя прабыў на «Валадарцы» (СІЗА №1). Нейкі час яго трымалі таксама ў Навінках на экспэртызе.

Глядзець камэнтары (9)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG