Расейскія вайскоўцы, верагодна, вырашылі цалкам сысьці са сваіх пазыцый вакол Харкава ва ўмовах украінскіх контрнаступаў з аднаго боку і абмежаванага падмацаваньня з другога, піша ў сваім матэрыяле амэрыканскі Інстытут дасьледаваньня вайны (ISW).
«Такім чынам, Украіна, падобна, выйграла бітву за Харкаў. Украінскія сілы не дазволілі расейскім войскам акружыць Харкаў, ня кажучы ўжо пра яго захоп, а потым выгналі іх з-пад горада, як яны зрабілі з расейскімі войскамі, якія спрабавалі захапіць Кіеў», — гаворыцца ў дасьледаваньні.
Аналітыкі адзначаюць, што ўкраінскія войскі хутчэй за ўсё паспрабуюць перарэзаць прынамсі адну, самую заходнюю з наземных ліній забесьпячэньня паміж Белгарадам і расейскімі войскамі, засяроджанымі вакол Ізюма. Аднак Расея выкарыстоўвае некалькі такіх ліній, у тым ліку і тыя, што знаходзяцца на выдаленьні ад пазыцый Узброеных сіл Украіны і малаверагодна, што ўкраінскія войскі, якія наступаюць, дабяруцца да іх у бліжэйшы час, піша ISW.
Цяпер асноўныя намаганьні расейскіх войскаў сканцэнтраваныя на захопе Севераданецку і Лісічанску, гавораць заходнія аналітыкі.
Мэр Харкава і ўкраінскі Генштаб кажуць пра адвод войскаў з-пад Харкава
У ранішняй зводцы Генштабу Ўзброеных сіл Украіны 14 траўня таксама гаворыцца пра тое, што Расея адводзіць свае войскі з-пад Харкава:
«На Харкаўскім кірунку войска РФ актыўных баявых дзеяньняў не праводзіла, засяродзіўшы асноўныя намаганьні на забесьпячэньні адводу сваіх войскаў ад Харкава, утрыманьні пазыцый і маршрутаў забесьпячэння».
Інфармацыю пра адвод расейскіх войскаў з-пад Харкава пацьвердзіў ВВС мэр горада Ігар Церахаў. Паводле яго, цяпер расейскія войскі пакідаюць навакольлі горада, рухаючыся ў бок расейска-ўкраінскай мяжы. Ім толькі адзін раз удалося заняць невялікую частку горада, і прабылі яны там нядоўга. Паводле яго, горад не абстрэльваюць ужо пяць дзён.
«Цяпер у Харкаве ціха, і людзі паступова вяртаюцца ў горад. Мы забясьпечваем усіх жыхароў вадой, газам і электрычнасьцю. Аднак, на няшчасьце, многія жылыя будынкі разбураныя або пашкоджаныя», — паведаміў кіраўнік горада.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
- 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два месяцы вайны на фронце загінулі чацьвёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: 31-гадовы Аляксей Скобля, пазыўны «Тур», 27-гадовы Ільля «Літвін» зь беларускай роты тэрытарыяльнай абароны батальёну «Азоў», Зьміцер Апанасовіч (пазыўны «Тэрор») і Зьміцер Рубашэўскі «Ганс».
- 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
- Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
- 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
- 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
- У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
- Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
- У Марыюпалі Расея працягвае бамбаваньне заводу «Азоўсталь». Пры бамбаваньнях гінуць людзі. На заводзе засталіся пераважна вайскоўцы полку «Азоў». Як сказалі ў палку, расейцы за час вайны маглі забіць да 25 тысяч марыюпальцаў.
- Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
- 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com