Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адна фігурантка «справы TUT.BY» выйшла зь СІЗА


Ала Лапатка, архіўнае фота

Зь СІЗА ў Менску вызвалілі яшчэ адну фігурантку «справы TUT.BY». Ёй зьмянілі меру стрыманьня.

13 траўня зь СІЗА № 1 выпусьцілі былога галоўнага інжынэра TUT.BY Алу Лапатку. Яна знаходзілася за кратамі амаль год. Ёй зьмянілі меру стрыманьня, але абвінавачаньні зь яе не зьнялі, паведамляе Zerkalo.io.

11 сакавіка з СІЗА выйшлі былыя намесьніца галоўнага бухгальтара «ТУТ БАЙ МЕДЫА» Марыя Новік, намесьніца генэральнага дырэктара па агульных пытаньнях Ірына Рыбалка і галоўны бухгальтар Анжэла Асад. Усім траім зьмянілі меру стрыманьня, прад’яўленае раней абвінавачаньне ня зьнятае, яны знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошваньні.

17 сакавіка вызвалілі былога галоўнага рэдактара палітыка-эканамічнага блёку навін Вольгу Лойку, былога намесьніка гендырэктара па тэхнічных пытаньнях Аляксандра Дайнеку і мэнэджэра Publisher Box Андрэя Аўдзеева.

25 красавіка былога мэнэджара TAM.BY (уваходзіць у склад ТАА «Тут Бай Медыа») Дар’ю Данілаву прызналі вінаватай у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх. Ёй прызначылі год і чатыры месяцы калёніі агульнага рэжыму. Улічваючы тэрмін, праведзены ў СІЗА (больш за 11 месяцаў), Дарʼю адпусьцілі ў залі суда.

У зьняволеньні па «справе TUT.BY» застаюцца былы генэральны дырэктар TUT.BY Людміла Чэкіна, экс-галоўны рэдактар Марына Золатава і журналістка Алена Талкачова.

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі быў пазбаўлены статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Ім пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG