Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У 2015-м пачалі трэнаваць супрацоўнікаў і ачышчаць бамбасховішчы. Назапасілі ваду і харчы». Інтэрвію гендырэктара «Азоўсталі»


«Азоўсталь», 11 траўня 2022

На тэрыторыі абложанага камбінату «Азоўсталь» у акупаваным войскам РФ Марыюпалі знаходзяцца 600 параненых украінскіх вайскоўцаў. Па словах віцэ-прэм’ера Ўкраіны Ірыны Верашчук, вядуцца перамовы пра абмен 38 цяжка параненых байцоў на ўзятых у палон расейцаў і іх эвакуацыі.

Як заяўляюць камандзіры палка «Азоў», на тэрыторыі камбінату застаюцца каля тысячы ўкраінскіх вайскоўцаў, якія працягваюць абараняцца. Усе гэтыя людзі хаваюцца ў бамбасховішчах і тэхнічных тунэлях пад камбінатам.

У інтэрвію «Настоящему времени» генэральны дырэктар «Азоўсталі» Энвэр Цкітышвілі расказаў аб шматпавярховым падземным тэхнічным горадзе і запасах харчоў і вады. Іх пачалі рабіць яшчэ ў 2015 годзе.

Полк «Азоў» — раней ультраправая добраахвотніцкая група, якая цяпер уваходзіць у склад Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны. «Азоў» узьнік у 2014-м, калі Расея пачала агрэсію на Данбасе. Многія прыхільнікі лічаць яго патрыятычнай і эфэктыўнай часткай сіл абароны краіны.

— Чым быў завод «Азоўсталь» для Марыюпалю да вайны?

— Камбінат «Азоўсталь» гістарычна быў самым магутным прадпрыемствам чорнай мэталюргіі ва Ўкраіне. Мы выраблялі ад шасьці да сямі мільёнаў тон сталі за год. Мы адзіны завод ва Ўкраіне, які выпускаў рэйкавую прадукцыю для «Укрзалізніцы» і забясьпечваў ёю нават у савецкія часы практычна ўсю эўрапейскую частку СССР. Пазьней мы, адзіныя ў незалежнай Украіне, рабілі ўсе маркі сталі для абароннай прамысловасьці: браню для бэтээраў і для танкаў, напрыклад.

У нас было 800 унікальных марак сталі. Яшчэ 4,5 тысячы марак сталі — паводле клясыфікатара. Мы выпускалі і ліставую сталь, і гатункавую сталь для патрэб вугальнай прамысловасьці, для будаўнікоў, трубавую нарыхтоўку. Велізарны асартымэнт. Усё, акрамя арматуры, скажам так.

— Пра «Азоўсталь» часта кажуць, што гэта «горад у горадзе». Растлумачце, калi ласка, што менавiта гэта значыць.

— На прадпрыемстве да 24 лютага 2022 году працавалі 10 837 чалавек. Разам з членамі іх сем’яў — каля 20-25 тысяч, плюс падрадчыкі і іхныя сем’і. Так ці інакш з «Азоўстальлю» былі зьвязаныя 35-40 тысяч чалавек. Ён бы крыніцай іх фінансавага дабрабыту. Але ня гэта галоўнае. Галоўнае тое, што па архітэктурных патрабаваньнях СССР усе мэталюргічныя прадпрыемствы абавязаны былі мець бамбасховішчы як асобныя збудаваньні для абароны людзей.

На «Азоўсталі» такіх было 36 штук. 34 — у працоўным стане.

Плюс да гэтага, паводле тых жа патрабаваньняў, усюды ёсьць тэхнічныя тунэлі. Гэта паўнавартасныя бэтонныя збудаваньні. У нас на камбінаце ёсьць міжпавярховыя памяшканьні шырынёй пяць мэтраў, сем мэтраў. Галоўным чынам гэта ад двух да двух з паловай мэтраў шырыні і вышынёй ад двух да трох мэтраў. Знаходзіцца кожны з гэтых тунэляў на некалькіх паверхах. Гэта значыць, ён знаходзіцца на глыбіні ад 2 да 8 мэтраў. Як быццам пад цэхам закапаны шматпавярховы дом. Усё з бэтону.

Даўжыня тунэляў тоўсталіставога цэху, напрыклад, большая за пяць кілямэтраў, таму што сам цэх даўжынёй кілямэтар. Іх там некалькі. Мы неяк спрабавалі палічыць па чарцяжах, дайшлі да сямі кілямэтраў, пасьмяяліся і кінулі. Толькі пад адным цэхам выкладзена кабэльна-дротавай прадукцыі на 75 кілямэтраў. На глыбіні ад двух да васьмі мэтраў пад «Азаўстальлю» знаходзіцца цэлы тэхнічны шматпавярховы горад.

— Усе вышэйпералічаныя прычыны і прывялі да таго, што «Азоўсталь» стала апошнім магчымым сховішчам? Я так разумею, што спачатку менавіта там вельмі шмат людзей спрабавала схавацца.

— Мы перажылі 2014 год. Калі 24 студзеня 2015 году гэтыя нелюдзі абстралялі Марыюпаль першы раз, загінулі больш за 30 чалавек. Адзінаццаць былі «азоўстальцамі», чацьвёра зь іх — дзеці. Мы вельмі сур’ёзна задумаліся тады ў кампаніі і зразумелі, што па прамым радыюсе лінія фронту знаходзіцца ад камбінату на адлегласьці ад васьмі да дзесяці кілямэтраў. Мы знаходзіліся ў дасяжнасьці артылерыі ворага.

У 2015-м мы вырашылі, што будзе правільна пачаць трэнаваць нашых людзей і давесьці да ладу падземныя камунікацыі і сховішчы. У нас ёсьць трэнавальныя фільмы кампаніі Metinvest, якія тлумачаць, хто куды павінен спускацца, як спускацца па сходах, куды якія цэхавыя падразьдзяленьні павінны ісьці, у якія бамбасховішчы, каб выратавацца. Адначасова ў 34 бамбасховішчах можа знаходзіцца 12 006 чалавек, згодна з плянам грамадзянскай абароны. Пасьля чатырох-пяці трэніровак супрацоўнікі навучыліся эвакуавацца за дзьве хвіліны сорак сэкундаў.

Мы ніколі ня думалі, што будуць авіяцыйныя ўдары бомбаў вагой ад 500 кіляграмаў да 5 тон. У 2015 годзе мы разьлічвалі на артылерыйскія ўдары. Мы пачалі на ўсялякі выпадак назапашваць ваду і прадукты. Была вызначаная колькасьць вады, індывідуальных пакетаў харчаваньня ў лядоўнях сталовак. Мы плянавалі схаваць гэта ў тунэлі, бо ў бамбасховішчы будуць знаходзіцца людзі.

Мы зьвярнуліся да людзей і сказалі, што, калі іхнаму жыцьцю будзе нешта пагражаць, неадкладна бегчы на камбінат і спускацца ў бамбасховішча. Ахове была дадзена каманда прапускаць усіх: супрацоўнік не супрацоўнік, ці працаваў ты калі-небудзь, не працаваў у нас — значэньня ня мае, бярыце ўсіх — старых, дзяцей. Мы ўсіх будзем прымаць.

З эвакуаваных цывільных з «Азоўсталі» было чалавек пятнаццаць мэталюргаў. Астатнія 170 — проста жыхары Марыюпалю, якія нам паверылі і дзякуючы гэтаму выратаваліся ў бамбасховішчах. І, вядома, іх выратавалі героі «Азова», якія стрымалі ворага.

Ёсьць яшчэ адна асаблівасьць камбінату «Азоўсталь»: ён з трох бакоў акружаны вадой — морам і ракой. Гэта дазваляе мець натуральныя перашкоды на шляху ворага.

— Нават мне, чалавеку, які ніколі ня быў у Марыюпалі, слухаць ваша апавяданьне цяжка. Пры гэтым я чую нейкую зусім неймаверную пяшчоту ад чалавека ў адносінах да заводу.

— Мы яе па-вар’яцку любім, нашу прыгажуню «Азоўсталь». Вядома, калі я гляджу кадры, якімі мы абменьваемся і якія ёсьць у інтэрнэце, у мяне сьлёзы на вачах. Я як дырэктар заводу ведаў усіх начальнікаў цэхаў, я ведаў шматлікіх чальцоў іх сем’яў. Былі выпадкі, калі, каб пераканаць супрацоўніка праяўляць большую цікавасьць да працы, я тэлефанаваў ягоным бацькам дадому, як у школе. І казаў: «Клаўдзія Васілеўна, можна папрасіць вас неяк па-мацярынску паўплываць на маладога чалавека? Я ўжо тройчы зь ім гутарыў, ён мяне ня слухае».

— Колькі гадоў вы там працуеце?

— 12 гадоў. Я прыйшоў 25 верасьня 2010 году.

— Вы ведаеце, колькі людзей было ў самым пачатку вайны ў сховішчах камбіната?

— Першыя чатыры-пяць дзён мы займаліся тым, што спынялі завод. Яго ніколі не спынялі цалкам за пасьляваенную гісторыю Савецкага Саюзу і незалежнай Украіны. Інструкцыя ня ўлічвае ўсіх нюансаў. Раіліся адзін з адным. Камбінат мы спынілі вельмі граматна, не дапусьціўшы выкіду шкодных газаў у атмасфэру Марыюпалю, ні CO ў даменным цэху, ні коксавага газу ў КХП — коксахімічнай вытворчасьці. Не дапусьцілі разьліву бэнзолу, разьліву смалы. Мы лякалізавалі і выштурхалі цыстэрны ў раён шлакавай гары, дзе ніякіх людзей няма, бамбасховішчаў няма.

Людзі прыходзілі на працу пад абстрэламі. Звычайныя людзі, начальнікі цэхаў узялі дзьве машыны хуткай дапамогі, якія знаходзіліся на тэрыторыі камбінату «Азоўсталь», селі самі за стырно і пачалі езьдзіць па горадзе, зьбіраць людзей і прывозіць іх на камбінат «Азоўсталь». Яны сабралі каля 300 чалавек. Роўна праз тры дні салдаты РФ пачалі страляць па «хуткай», разьбілі дзьве машыны. Пасьля ўжо хадзілі па кватэрах, папярэджвалі, звалі. Гэта яшчэ калі полк «Азоў», памежнікі і марская пяхота ўтрымлівалі горад, калі яшчэ ўнутры Марыюпалю не было баёў, толькі на ўскраінах.

Празь пяць дзён без вады ў чалавека пачынаецца хвароба нырак, страшныя галаўныя болі. Празь сем-дзесяць дзён ён не вытрымлівае, пачынае качацца проста ў страшным болі. Перад самымі ваеннымі дзеяньнямі для тэхнічных патрэб мы купілі дзьве ўстаноўкі осмасу. Устаноўка зваротнага осмасу — гэта пітная вада па санітарных нормах, якую мы з вамі п’ём з крана. Дазваляецца да 25 міліграмаў на літар мець нейкіх прымешак, якія бясьпечныя для здароўя чалавека.

На камбінаце «Азоўсталь» было абсталяваньне, якое дапускала не вышэй за 6 мг/л. Вось гэтае абсталяваньне мы пачалі ў першую чаргу ратаваць, занасіць у тыя памяшканьні, дзе мы маглі потым дабрацца да іх і піць гэтую ваду. Любую ваду, хоць тэхнічную, хоць з каналізацыі заліць, і са зваротнага боку пальецца H2O.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
  • 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два месяцы вайны на фронце загінулі чацьвёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: 31-гадовы Аляксей Скобля, пазыўны «Тур», 27-гадовы Ільля «Літвін» зь беларускай роты тэрытарыяльнай абароны батальёну «Азоў», Зьміцер Апанасовіч (пазыўны «Тэрор») і Зьміцер Рубашэўскі «Ганс».
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
  • 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
  • Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
  • У Марыюпалі Расея працягвае бамбаваньне заводу «Азоўсталь». Пры бамбаваньнях гінуць людзі. На заводзе засталіся пераважна вайскоўцы полку «Азоў». Як сказалі ў палку, расейцы за час вайны маглі забіць да 25 тысяч марыюпальцаў.
  • Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • UKRAINE - Territorial control of Ukraine 11 of May
    UKRAINE - Territorial control of Ukraine 11 of May
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG