Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Полк „Азоў“ робіць немагчымае». Што адбываецца ў Марыюпалі і на тэрыторыі заводу «Азоўсталь»


Азоўсталь пад абстрэламі расейскіх войскаў. Марыюпаль, 5 траўня 2022

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што расейскія войскі працягваюць наносіць артылерыйскія і авіяцыйныя ўдары па Марыюпалі.

«Асноўныя высілкі (расейцы) канцэнтравалі на блякаваньні падразьдзяленьняў украінскіх войскаў у раёне заводу „Азоўсталь“. З мэтай усталяваць поўны кантроль над горадам і задушыць супраціў украінскіх абаронцаў вораг выкарыстоўвае стратэгічную авіяцыю. Улічваючы захады ў эвакуацыі мясцовых жыхароў, варта неўзабаве чакаць нарошчваньня агнявога ўплыву», — паведаміў сьпікер Генэральнага штабу Ўкраіны Аляксандар Штупун.

Без вады і электрычнасьці, але з прапагандай

У Марыюпалі не засталося ніводнага прадстаўніка мясцовай улады, але ў горадзе, паводле папярэдніх ацэнак, яшчэ застаецца 130-170 тысяч жыхароў.

Інфармацыя аб сытуацыі ў горадзе мінімальная, але тая, што даходзіць, сьведчыць пра новыя хвалі гуманітарнай катастрофы.

У горадзе няма харчоў, вады, электрычнасьці, не працуюць каналізацыя і ачышчальная сыстэма. Назіраючы з адлегласьці, як расейская акупацыйная ўлада дзейнічае ў горадзе, законная ўкраінская ўлада папярэджвае пра імавернасьць і экалягічнай катастрофы — скіданьня неачышчаных адходаў жыцьцядзейнасьці ў мора.

Тым часам расейскія прапагандысцкія СМІ паказваюць, як тысячы марыюпальцаў нібыта рвуцца на працу ў так званыя «ЛНР» і «ДНР».

Пятро Андрушчанка, дарадца законнага мэра Марыюпалю Вадзіма Бойчанкі, сьцьвярджае, што марыюпальцы сапраўды зьбіраліся ў вялікай колькасьці каля заводаўпраўленьня мэталюргічнага камбінату імя Ільліча, бо ім сказалі, што будуць выдаваць працоўныя кніжкі.

Сытуацыя на «Азоўсталі» з кожным днём усё складанейшая

Раніцай 13 траўня стала вядома, што расейскія войскі пад прыкрыцьцём абстрэлаў спрабуюць прарвацца ўсярэдзіну заводу «Азоўсталь».

Полк «Азоў», які разам з падразьдзяленьнямі памежнікаў, марскіх пяхотнікаў і СБУ спрабуе адстрэльвацца з аблогі. І гэта апошні пакуль відэазапіс, распаўсюджаны прэсавай службай палка «Азоў».

Няма ніякай дакладнай інфармацыі аб тым, якая колькасьць украінскіх абаронцаў загінулі і колькі ўсё яшчэ працягваюць трымаць зброю ў руках і змагацца. Яны ўжо даўно не атрымліваюць дапамогі боепрыпасамі і вадой. Сваіх родных яны таксама папярэдзілі, што могуць доўга не выходзіць на сувязь. А тыя патрабуюць ад уладаў тэрмінова іх вывезьці.

Урад просіць цішыні

Віцэ-прэм’ер-міністар Украіны Ірына Верашчук заклікала прадстаўнікоў грамадзкасьці ўтрымацца ад камэнтароў аб перамовах з Расеяй аб «Азоўсталі».

«Я вельмі прашу. Ідзе размова пра жыцьцё людзей. Утрымайцеся ад публічных камэнтароў пра тое, чаго ня ведаеце. Калі ўсё атрымаецца і мы выцягнем людзей, потым рабіце, што хочаце. А цяпер прашу быць адказнымі і не перашкаджаць», — напісала яна на сваёй старонцы ў Facebook.

Паводле яе, цяпер ідуць вельмі складаныя перамовы аб эвакуацыі цяжкапараненых байцоў у абмен на палонных расейцаў.

«Цяпер мы вядзём перамовы толькі аб 38 цяжкапараненых (ляжачых) байцоў. Працуем па кроках. Абмяняем 38 цяжкіх, потым будзем рухацца далей. Цяпер няма перамоў пра абмен 500 ці 600 асоб, як паведамляюць некаторыя СМІ. Заклікаю ўсіх працаваць сур’ёзна, не кідацца нерэальнымі меркаваньнямі і заявамі. Толькі рэалістычнасьць і цьвярозасьць думак і дзеяньняў дадуць вынік», — падкрэсьліла віцэ-прэм’ер-міністар Украіны Ірына Верашчук.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
  • 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два з паловай месяцы вайны на фронце загінулі шасьцёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
  • 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
  • Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
  • У Марыюпалі Расея працягвае бамбаваньне заводу «Азоўсталь». Пры бамбаваньнях гінуць людзі. На заводзе засталіся пераважна вайскоўцы полку «Азоў». Як сказалі ў палку, расейцы за час вайны маглі забіць да 25 тысяч марыюпальцаў.
  • Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG