Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае дасьледаваньне: любая доза алькаголю не прыносіць карысьці для здароўя


На працягу дзесяцігодзьдзяў мэдыкі вывучалі, як алькаголь уплывае на арганізм чалавека.

Пра новыя вынікі экспэрымэнтаў піша амэрыканская газэта The Washington Post.

Некаторыя дасьледаваньні паказвалі, што памяркоўная колькасьць, напрыклад, адзін ці два келіхі чырвонага віна ў дзень, зьвязаныя са зьмяншэньнем запаленьня, паляпшэньнем артэрыяльнага ціску і зьніжэньнем рызыкі сьмерці ад ішэмічнай хваробы сэрца.

Разам з тым некаторыя дасьледаваньні зьвязвалі ўжываньне алькаголю з падвышанай рызыкай розных тыпаў раку і зьмяншэньнем аб’ёму мозгу.

Дык добрая гэта ці дрэнная звычка — памяркоўна ўжываць алькаголь

Нядаўна група дасьледнікаў прааналізавала сувязь паміж асацыяванымі з ужываньнем алькаголю генамі і сардэчна-судзіннымі хваробамі і выявіла, што ўжываньне алькаголю ў любой колькасьці зьвязана з падвышанай рызыкай хваробаў.

Дасьледаваньне паказала, што сьмяротнасьць ад алькаголю ў такой краіне, як ЗША, дасягнула самага высокага ўзроўню за апошнія дзесяцігодзьдзі падчас пандэміі каранавірусу.

У дасьледаваньні, вынікі якога былі апублікаваныя на мінулым тыдні ў JAMA Network Open, былі вывучаныя генэтычныя і мэдычныя паказьнікі амаль 400 000 чалавек праз буйную дасьледчую базу дадзеных у Вялікай Брытаніі — так званы біябанк, які ўтрымлівае генэтычную інфармацыю і зьвесткі пра лад жыцьця і здароўя.

Вынікі паказалі, што нават нізкае спажываньне алькаголю было зьвязана зь невялікай падвышанай рызыкай сардэчна-судзінных хваробаў, такіх як гіпэртанія і ішэмічная хвароба сэрца. Таксама навукоўцы зразумелі, што рызыка экспанэнтна ўзрастае пры больш высокім спажываньні алькголю.

На думку аўтараў дасьледаваньня, папулярная тэорыя аб тым, што памяркоўнае ўжываньне чырвонага віна можа дапамагчы зьнізіць рызыку сардэчных хваробаў, верагодна, не адпавядае рэчаіснасьці.

Паводле старшага аўтара дасьледаваньня, кардыёляга Масачусэцкай лякарні агульнага профілю Крышны Арагама, людзі, больш схільныя да ўжываньня алькаголю ў невялікіх і памяркоўных дозах, таксама больш клапоцяцца аб сваім здароўі ў параўнаньні з тымі, хто наогул устрымліваецца ад алькаголю. Напрыклад, яны менш кураць, больш займаюцца спортам і спажываюць здаравейшую ежу.

Доктар Арагама кажа, што такія фактары, як дыета і фізычныя практыкаваньні, могуць «апасродкавана зьніжаць рызыку» сардэчна-судзінных хваробаў, зьвязаных зь нізкім узроўнем спажываньня алькаголю. «Магчыма, справа не ў самім алькаголі», — кажа ён.

Ці карыснае ўмеранае ўжываньне алькаголю

Нягледзячы на тое, што вы чыталі, — верагодна, не.

Нават чырвонае віно, якое часам рэклямуюць як карыснае для сэрца, здаецца, ня мае істотнай карысьці.

Раней некаторыя дасьледаваньні паказвалі, што рэсвэратрол — рэчыва, выяўленае ў скурцы вінаграду, асабліва чырвонага, можа дзейнічаць як антыаксыдант і спрыяць здароўю сэрца. Але, як высьвятляецца, узьдзеяньне гэтае слабое. Адно дасьледаваньне паказала, што чалавек павінен выпіваць ня менш за 500 літраў чырвонага віна ў дзень, каб атрымаць дастатковую колькасьць рэсвэратролу.

Улічваючы нядаўнія дадзеныя аб спажываньні алькаголю і рызыках сардэчна-судзінных хваробаў, кардыёляг з Кліўлэндзкай клінікі Стэнлі Хэйзэн, які ня ўдзельнічаў у новым дасьледаваньні, сказаў, што будзе ўносіць папраўкі ў свае рэкамэндацыі для пацыентаў. Калі яго пацыенты пыталіся пра ўжываньне алькаголю раней, ён казаў, што гэта нармальна ў памяркоўных дозах і можа нават прынесьці карысьць.

«Але цяпер я думаю, што гэта было няправільна, — сказаў ён, маючы на ўвазе вынікі новага дасьледаваньня. — Таму людзям з высокай рызыкай сардэчна-судзінных хваробаў, а гэта больш за палову людзей, якіх я штодзень бачу ў сваёй клініцы, я буду рэкамэндаваць скараціць ужываньне алькаголю».

Здароўе сардэчна-судзіннай сыстэмы — не адзіная праблема

Дасьледаваньні зьвязваюць памяркоўнае ўжываньне алькаголю са шматлікімі відамі раку поласьці рота і горла, галасавога апарату (гартані), страваводу, тоўстай і прамой кішкі.

Для жанчын ужываньне алькаголю ў невялікіх і памяркоўных дозах было зьвязана са значна павышанай рызыкай раку малочнай залозы.

Кіраўнік аддзелу прафіляктыкі раку ў Анкалягічным цэнтры Тэхаскага ўнівэрсытэту Эрнэст Гоўк кажа, што не існуе аднаго канкрэтнага шляху, якім алькаголь прыводзіць да раку: «Ёсьць шмат розных спосабаў, якімі алькаголь робіцца таксычным для клетак, што, як лічыцца, зь цягам часу прыводзіць да раку».

Аднак, як і ў выпадку зь іншымі праблемамі здароўя, ролю алькаголю ў разьвіцьці раку цяжка ацаніць, бо іншыя фактары, такія як дыета і фізычныя практыкаваньні (або іх адсутнасьць), таксама могуць уплываць на рызыку ўзьнікненьня раку. Доктар Гоўк кажа, што людзі, якія п’юць шмат, таксама зь меншай імавернасьцю вядуць здаровы лад жыцьця, таму «аналізаваць уклад алькаголю цяжка».

Ужываньне алькаголю ў вялікіх колькасьцях можа прывесьці да значнага пашкоджаньня печані. Першапачаткова гэта можа выклікаць запаленьне печані, так званы востры алькагольны гепатыт. Зь цягам часу можа зьявіцца цыроз печані, які, у сваю чаргу, можа спарадзіць рак печані, пячоначную недастатковасьць і сьмерць, кажа Джаміль Вакім-Флемінг, дырэктар праграмы тлушчавай хваробы печані ў клініцы Кліўлэнду.

Вось чаму, паводле экспэртаў у галіне аховы здароўя, важна, каб людзі ўлічвалі сваё здароўе і асабістую гісторыю — генэтыку, узрост, пол — прымаючы рашэньне, ці піць ім і колькі піць, бо алькаголь не ўплывае на ўсіх аднолькава.

Мозг маладых людзей працягвае разьвівацца прыблізна да 25 гадоў. Пажылыя людзі часта маюць спадарожныя захворваньні і прымаюць лекі. У жанчын не выпрацоўваецца столькі алькагольдэгідрагеназы (фэрмэнту, які мэтабалізуе алькаголь), як у мужчын, таму алькаголь для іх больш таксычны.

Некаторыя лекары заклікаюць людзей абмежаваць ужываньне алькаголю, а іншыя — наогул яго выключыць. Але тым, хто старэйшы за 21 год і ўсё ж вырашыў узяць чарку, экспэрты раяць зьвярнуць пільную ўвагу на колькасьць і канцэнтрацыю. Адну порцыю алькагольнага напою можна прыраўнаць да бутэлькі піва, келіху віна або чаркі лікёру. Амэрыканскія фэдэральныя органы аховы здароўя рэкамэндуюць мужчынам абмяжоўваць спажываньне дзьвюма порцыямі ў дзень, а жанчынам — адной. Любая большая доза лічыцца празьмернаю.

«Ведайце сваё цела, — кажа доктар Вакім-Флемінг, — вырашайце, што для вас добра, і абмяркоўвайце гэта са сваім лекарам».

Старшы аўтар новага дасьледаваньня доктар Арагам кажа, што мэдыкі, мабыць, не павінны рэкамэндаваць людзям піць алькаголь для паляпшэньня здароўя сэрца, але гэта не азначае, што ўсім трэба цалкам пазьбягаць выпіўкі.

«Насамрэч трэба проста быць інфармаваным і ведаць, што доза мае значэньне», — сказаў ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG