Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Лукашэнка аднаўляе мілітарысцкія гульні


Лукашэнка падчас выступленьня 9 траўня неаднаразова пагражаў Захаду і Ўкраіне

Лукашэнка перайшоў на звыклы для сябе жорсткі тон размовы з Захадам — дэманстрацыю пагрозаў. 

На мінулым тыдні Лукашэнка ў інтэрвію Associated Press спрабаваў стварыць вобраз голуба міру, шмат гаварыў пра неабходнасьць спыніць вайну, запэўніваў Захад, што Беларусь нікому не пагражае. То была спроба навесьці нейкія масты з заходнімі краінамі.

Аднак, убачыўшы, што з гэтага нічога не атрымліваецца, ён перайшоў на жорсткі і звыклы для сябе тон размовы з Захадам. Гэта вылілася ў рэзкі антызаходні сьпіч на Дзень Перамогі.

Лінія на дэманстрацыю сілы і крыху прыхаваныя пагрозы ў адрас заходніх і паўднёвых суседзяў была працягнутая назаўтра. 10 траўня Лукашэнка раптам правёў нараду ў пытаньнях дзяржаўнай абароннай замовы на 2022 год. Тэма абмеркаваньня трохі штучная. Бо дзіўна рабіць дзяржзамову на год амаль у сярэдзіне гэтага году.

Галоўнай падчас нарады была агучаная інфармацыя пра ракеты, якія неўзабаве зьявяцца ў Беларусі і будуць «бачыць да Бэрліна». Прычым інфармацыя даволі супярэчлівая. То Лукашэнка кажа, што Расея дапаможа Беларусі ў стварэньні сваіх ракет — аналягу «Іскандэраў». Потым заяўляе, што Масква пагадзілася пакінуць у Беларусі ракетныя комплексы С-400. То бок, як можна меркаваць, гэта будзе расейская зброя, разьмешчаная на беларускай тэрыторыі?

А потым кажа: «Я дамовіўся з расейцамі, што мы купляем у іх „Іскандэры“. Яны выводзіцца зь Беларусі ня будуць». Прыблізны кошт чатырох комплексаў «Іскандэр» — ад 70 да 100 мільёнаў даляраў. Ці ёсьць у бюджэце такія грошы? Ужо шмат гадоў Менск дамагаецца атрымаць ад Расеі гэтыя «Іскандэры». І дагэтуль беспасьпяхова. Ня факт, што атрымаецца гэтым разам. Тым больш што самой РФ патрэбны згаданыя комплексы на Данбасе.

Думаецца, галоўны сэнс усіх гэтых заяваў цяпер — ціск на Захад і Ўкраіну, дэманстрацыя пагрозаў. Маўляў, ня хочаце па-добраму, то будзе па-дрэннаму.

У гэтым жа лягічным шэрагу варта разглядаць і заяву начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Беларусі Віктара Гулевіча пра пачатак другога этапу праверкі сіл неадкладнага рэагаваньня. У рамках гэтай кампаніі паводзіцца праверка сілаў тэрытарыяльнай абароны. На вайсковыя зборы з запасу выклікаюць 430 чалавек.

Акрамя ўсяго іншага, гэтыя мілітарысцкія гульні павінны дапамагчы Расеі, адцягнуць пэўную колькасьць украінскіх войскаў на поўнач, каб нэўтралізаваць патэнцыйную пагрозу з боку Беларусі. Гэта кампэнсацыя Крамлю за няўдзел беларускіх войскаў у вайне ва Ўкраіне. Такая ўскосная дапамога агрэсару.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG