Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хопіць цкаваць беларусаў», — Віталь Шкляраў і Барыс Гуц пра фільм «Minsk»


Барыс Гуц і Віталь Шкляраў

У Таліне адбылася прэм’ера расейска-эстонскага фільму «Minsk» пра падзеі жніўня 2020 году ў беларускай сталіцы. Стужка расказвае пра першыя пратэсты.

Зьнятая адным кадрам, без мантажных склейваньняў, карціна імкнецца ўзнавіць адну ноч пратэставага гораду і гісторыю маладой пары, якая выпадкова трапляе ў вір падзей.

У інтэрвію Свабодзе рэжысэр стужкі Барыс Гуц і прадусар ды паліттэхноляг Віталь Шкляраў расказваюць пра тое, як і навошта яны зьнялі гэты фільм.

«Гэта фільм пра тое, як на нашых вачах, за паўтары гадзіны, жыцьцё людзей мяняецца цалкам»

— Барыс, чаму фільм зьнялі ў Таліне?

Гуц: Фільм аказаўся ў Таліне не адразу. Першапачаткова мы плянавалі яго здымаць у Туле, варыянты былі яшчэ ў некалькіх гарадах. Але ў выніку ўсе адмовіліся. І за два тыдні да здымак адміністрацыя Тульскай вобласьці заявіла, што яны ня могуць падтрымаць такі фільм, і забараніла нам здымаць. Прыблізна праз паўгода мы знайшлі выдатных супрадусараў у Таліне — Leo Films. Мясцовы кінаінстытут падтрымаў нас таксама, Міністэрства культуры. Мы прыехалі ў Талін, знайшлі месцы, якія падыходзяць да фільму, і зьнялі кіно ў траўні мінулага году.

— Віталь, падчас прэм’еры фільму вы сказалі, што калі б ня тыя падзеі, мірны пратэст, калі ўставалі без чаравікаў на лаўку, то сёньня беларускія салдаты ваявалі б ва Ўкраіне. Чаму? Здаецца, тыя падзеі сёньня ўвогуле мала каму цікавыя на фоне жахаў ва Ўкраіне.

Шкляраў: Я дазволю сабе не пагадзіцца, што гэта нікому не цікава. Я лічу, што як мінімум гэта цікава беларусам, сем’ям палітвязьняў, як мінімум гэта важна нашым з вамі дзецям, якія будуць жыць у Беларусі або за яе межамі. Гэта вельмі важна, і «Minsk» сапраўды мае вялізнае значэньне. Як у 2020 годзе Менск меў вялікае значэньне, як і Ўкраіна ў 2022 годзе. Ад падзеяў у Менску, ад гэтай рэвалюцыі, ад таго, што гераізм людзей змог ня толькі аб’яднаць беларусаў, ня толькі выкрышталізаваць беларускую нацыю больш выразна і як ніколі яскрава. Думаю, самае галоўнае, — гэта стала фактарам стрымліваньня для агрэсіі дыктатара ў адносінах да сваіх грамадзян. Думаю, у гэтым сэнсе яны дагэтуль фактар стрымліваньня, яны прычыніліся да таго, што беларускія салдаты не ваююць ва Ўкраіне. Лукашэнка панічна баіцца высылаць войскі ва Ўкраіну. Калі б не было таго гераізму і герояў, якія дагэтуль за тое пакутуюць, мы б жылі ў зусім іншай краіне, і я думаю, што гэта б мела вялікі ўплыў і на Расейскую Фэдэрацыю.

— Барыс, фільм зьняты адным кадрам. Раскажыце, што гэта значыць і чаму так?

Гуц: Першапачаткова, калі зьявілася ідэя здымаць фільм, сцэнар быў напісаны за адзін-паўтара месяца. Ужо ў верасьні мы ўсё прыдумалі, і я быў перакананы, што здымаць трэба без мантажных склеек. То бок як камэра ўключылася, так паўтары гадзіны і не выключаецца. Чаму? Бо любая мантажная склейка разрывае прастору і час. Любы глядач, бачачы клясычнае кіно са склейкамі, падсьвядома разумее, што гэта пастаноўка, што нешта падрэзалі, нешта выразалі. Гэта парушала агульны настрой і пасыл гэтага фільму. Нам трэба было менавіта зафіксаваць эмоцыі і пачуцьці, безь якіх-небудзь кінэматаграфічных хітрыкаў. Гэта фільм пра тое, як на нашых вачах, за паўтары гадзіны, жыцьцё людзей мяняецца цалкам. Калі мы бачым у першых кадрах маладых у ложку, якія плянуюць дзіця, мяркуюць, як яны сплацяць крэдыт за кватэру, то напрыканцы ўсё цалкам мяняецца. Я не хачу расказваць, вы павінны самі паглядзець. Для кагосьці сьвет ужо ніколі ня будзе ранейшым, а нехта ў канцы гіне. Было вельмі важна паказаць, каб гледачы сталі ўдзельнікамі або саўдзельнікамі гэтага фільму. Таму пытаньняў, як здымаць, увогуле не было: толькі адным кадрам.

«Жыцьцё насамрэч значнае страшнейшае, яно больш рэальнае, яго нельга прыдумаць»

— Віталь, галоўныя героі Паша і Юля не плянавалі пратэставаць, а апынуліся ў віры падзей выпадкова. Яны сымбалізуюць беларусаў, якія не плянавалі пратэставаць, не выходзілі раней і ня бачылі несправядлівасьці? Маўляў, гэта трошкі выпадковая рэвалюцыя?

Шкляраў: Менавіта так. Мне здаецца, што Барыс у сваім сцэнары вельмі ўдала правёў лінію пра тое, што мы прызвычаіліся да арыштаў палітычна актыўных людзей, а тут акурат той выпадак, які быў часты ў Менску ў 2020 годзе і ў многіх гарадах Беларусі. Калі звычайныя людзі, якія не займаліся палітыкай і думалі пра нармальныя жыцьцёвыя рэчы, як сям’я і гіпатэка, трапляюць у вір падзей. Гэта яшчэ раз яскрава паказвае той сьвет, у якім мы жывём. Сьвет, у якім пануе гвалт дзяржавы ў адносінах да ўсіх без выключэньня. Сьвет, у якім звычайны чалавек ні ад чога не застрахаваны. Сьвет, у якім дзяржаўная рэпрэсіўная машына мае права зьнішчыць любога без суду і сьледзтва. Сьвет, у якім час сказаць, што я па-за палітыкай. Зрэшты, гэта і ёсьць адзін са здабыткаў гэтай рэвалюцыі. Гэты фільм паказвае рэальнасьць, у якой мы жывём, што кожны — у палітыцы. Гэта датычыць кожнага, і нельга больш казаць, што мая хата з краю. Сёньня прыйшлі па твайго суседа, а заўтра прыйдуць па цябе.

— Барыс, вы нарадзіліся ў Расеі. У чым падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе былі для вас выключнымі як для расейца?

Гуц: Я напалову беларус, у мяне бацька зь Беларусі, а дзед ваяваў у Берасьцейскай крэпасьці. Зь дзяцінства для мяне абсалютна нармальна чуць беларускую мову, марыць паехаць на радзіму маіх прадзедаў, дзе многіх сваякоў расстралялі ў 1930-я гады. Гэта адно, але вельмі важнае для мяне. Па-другое, тое, што адбылося ў жніўні 2020 году ў Беларусі, — гэта рэвалюцыя часоў інтэрнэту, онлайну. Тое, што цяпер адбываецца ва Ўкраіне, гэта таксама вайна онлайн. Ты можаш знаходзіцца нават у пустыні, але калі ў цябе ёсьць тэлефон, то ты ўсё гэта бачыш. Вядома, ёсьць вялікая колькасьць фэйкаў, яшчэ чагосьці, але калі ты ня дурань, то ты можаш зразумець, дзе праўда, а дзе хлусьня. І вось гэтая праўда ў тэлеграм-каналах, якая была 9, 10, 11 жніўня і пазьней, была настолькі дзівосна-жорсткая, месцамі, прабачце, вельмі кінэматаграфічная. Калі я бачу кадры, дзе ДАІшнікі б’юць матацыклістаў, або калі нехта здымае з балькону, а міліцыя ідзе і проста страляе па вокнах, такое пачуцьцё, што пасьля гэтага і таго, што адбываецца ва Ўкраіне, здымаць кіно — гэта нейкае глупства.

Жыцьцё насамрэч значнае страшнейшае, яно больш рэальнае, яго нельга прыдумаць. Я не журналіст і не палітык, я здымаю кіно, і гэта ўсё, што я магу зрабіць. Я памятаю, як 10 і 11 жніўня мы сустракаліся з апэратарам іншага фільму. Мы сустрэліся ў кавярні і павінны былі рабіць яго раскадроўку. Мы сядзелі моўчкі, і ў нейкі момант я сказаў, што я не хачу гэта здымаць, а давай здымем пра Менск. Мы замарозілі той праект і пачалі займацца тым, што нам здавалася сапраўды важным. У гэтым сэнсе мне здаецца неістотным, дзе я нарадзіўся, дзе я жыў і жыву. Калі ты бачыш чалавечы боль, то вельмі цяжка пастаяць збоку. Як слушна сказаў Віталь, цяпер нельга быць з краю. Так і пераможам, уласна кажучы. Тады ў гэтых дыктатараў ня будзе пытаньня, каб падзяляць і ўладарыць. Падзяляць ня ўдасца, бо ўсе мы онлайн злучаныя. Мы з вамі знаходзімся ў трох розных краінах і размаўляем пра іншую. Супраць гэтага няма прыёму. Ты хоць пазачыняй усіх, паперасаджвай, мы ўсё роўна будзем пра гэта размаўляць, усё роўна будзем глядзець фільмы на стрымінгавых плятформах, на ютубе. Усё роўна ўсе ўсё ўбачаць.

«Цяпер прапаганда больш дасканалая, чым была ў Гёбэльса»

— Беларускія пратэсты ў той час многія крытыкавалі, у тым ліку і ва Ўкраіне, і ў Расеі. За тое, што беларусы мяккія, здымаюць чаравікі, каб устаць на лаўку, а рэвалюцыя, маўляў, ня робіцца ў белых пальчатках. І што калі б беларусы павялі тады сябе, як украінцы на Майдане, больш радыкальна, усё б зьмянілася. І, магчыма, нават не было б сёньняшняй вайны.

Шкляраў: Мне вельмі хочацца абараніць беларусаў. І беларусы, і расейцы, і асабліва ўкраінцы, усе гэтыя людзі вельмі моцна напакутаваліся, хопіць іх цкаваць і абвінавачваць, што вы кепскія, не даціснулі, вы не змаглі. Мне здаецца, што кожны пацярпеў, кожны ў меншай ці большай ступені штосьці для гэтага зрабіў, кожны жыве з гэтым, сваім жыцьцём даказвае тое, што ён саўдзельнік у зьмене рэжыму і будучага жыцьця ў Беларусі, Расеі. Ва Ўкраіне гэта ўжо беспаваротна зьмянілася. Патрабаваць ад людзей яшчэ больш, вядома ж, можна. Можна сказаць, што вы не змаглі, бачыць у гэтым няўдачу і апусьціць рукі. Але ці стане ад гэтага лепш? Ці будзе гэта праўдай? Не. Што дарма ўсе гэтыя героі гэта рабілі, толькі таму, што вам хацелася хутка і не атрымалася? Вядома ж, не. Дзеці таксама растуць пэўны час, перад тым як яны становяцца вучнямі, пасьля студэнтамі, а пазьней, можа, фізыкамі-ядзершчыкамі. Ва ўсяго ёсьць свой час. Амаль 30 год людзі жылі, пакутавалі і былі замбаваныя пэўнай агрэсіўнай прапагандай. І гэта дае эфэкт. Гэта больш дасканалая прапаганда, чым у Гёбэльса. Калі 20 год запар чалавек зазнае інфармацыйны, фінансавы гвалт, калі насільлем прасякнутае ўсё, пачынаючы ад школы, праз армію, якая цалкам пабудаваная на гвалце, а не на жаданьні абараняць радзіму, ажно да высокіх кабінэтаў міністэрстваў. Усё пабудавана на гвалце. Хочаш ня хочаш, людзі да гэтага прызвычайваюцца і робяцца часткай гэтай сыстэмы. Вядома, можна іх у гэтым абвінаваціць. Але гэта было б настолькі ж справядліва, як і кожнага з нас абвінаваціць, што мы нарадзіліся менавіта ў гэтай краіне. Мы, на жаль, гэта не выбіралі, або на шчасьце. Усё адбываецца так, як і павінна. А беларусы і ўкраінцы, і тыя расейцы, якія намагаюцца цяпер дапамагаць украінцам, усе вялікія малайцы.

«У нашым фільме асобная павага беларускім жанчынам, якія, магчыма, мацнейшыя за ўсіх нас разам узятых — мужчын»

— Барыс, ці ня ўспрымуць людзі гэты фільм як гісторыю «беларускага лузэрства»? Бо многія лічаць, што рэвалюцыя прайграла і што яна скончылася. Тады якім можа быць унівэрсальны пасыл фільму?

Гуц: Мы пастаянна раней крытыкавалі, што кіно нельга здымаць так хутка. То бок трэба, каб прайшоў час і г. д. Я абсалютна з гэтым ня згодны, мне падаецца, што ў рэвалюцыі ня можа быць ніякіх абмежаваньняў па часе. Маўляў, адзін дзень — гэта хутка, а месяц — ужо не. А два, а восем, а дзесяць год? Калі паглядзець на Ўкраіну, то адным Майданам там не абмежавалася. Было некалькі розных пэрыядаў, вярталіся туды-сюды. Калі я размаўляю зь беларусамі, якія ўдзельнічалі ў гэтых падзеях і пацярпелі, то ў мяне няма адчуваньня, што гэта скончылася. Бо ўсё, што адбываецца, адбываецца дзеля чагосьці. І, магчыма, праз год усё гэта акурат вернецца. Дыктатары часам паміраюць. А людзі, дзеці ці падлеткі, якія ўсё гэта бачылі, яны ў любым выпадку перажывуць Лукашэнку і Пуціна і зробяць нейкія высновы. Калі пакаленьне 40+ ня здолее памяняць нешта глябальна, то дзеці, якім сёньня 10–15 гадоў, яны бачаць усё гэта, і яны ня дурні. Гэта цудоўнае пакаленьне, якое праз 5–10 гадоў прыйдзе на кіроўныя пасады, і яны ўжо будуць іншымі. Яны павінны зрабіць высновы, і я ўпэўнены, што яны зробяць. Магчыма, у фільме менавіта гэты пасыл. Калі за 1,5 гадзіны ўсё мяняецца, то ў будучыні ты будзеш не такі апалітычны. Не сакрэт, што ў нашым фільме асобная павага жанчынам. У нас галоўны герой, па сутнасьці, — жанчыны. Адна старэйшага пакаленьня, якая ўжо зламаная, адна рэвалюцыянэрка, і Юля, нібыта слабая маленькая жанчына. І тое, што мы бачылі ў Беларусі, як нібыта слабыя дзяўчаты, магчыма, мацнейшыя за ўсіх нас разам узятых — мужчын.

— Мой рэдакцыйны калега Сяргей Навумчык, які ў 90-я гады ўдзельнічаў у абвяшчэньні незалежнасьці Беларусі, напісаў, што неабходна прызнаць паразу ў 2020 годзе, бо бяз гэтага нельга ісьці наперад. Ці згодныя вы з гэтым?

Шкляраў: Не пагаджуся. Па-першае, рэвалюцыя не прайграная. Па-другое, ніякая кропка ня можа быць пастаўленая, пакуль сядзіць хаця б адзін палітзьняволены, а мы ведаем, што іх сядзіць больш за 1100. Ніякіх кропак ня можа быць пастаўлена, пакуль апошні чалавек пакутуе ад гэтага рэжыму. А мы ведаем, што пакутуюць практычна ўсе 9 мільёнаў. Ні пра якую паразу ня можа быць гаворкі. Калі мэта — гэта Беларусь, у якой можна жыць справядліва і камфортна, то мы вельмі далёка ад гэтай кропкі. Гэта быў толькі першы крок. Калі зьнікне рэжым, то гэта будзе другі крок. А ў нас яшчэ некалькі дзясяткаў крокаў наперадзе. Гэта яшчэ самы пачатак. Такія рэчы хутка ня робяцца. Мы гаворым пра нацыю, пра 9 мільёнаў чалавек з рознымі інтарэсамі, рознымі марамі, прафэсіямі, эканомікай, краінай і індустрыяй, якія ўвогуле не адаптаваныя да XXI стагодзьдзя. Таму гэта ня кропка, а коска, пасьля якой мае быць чарговы крок.

«У нас доўгі шлях, і падзеі 2020 году — толькі пачатак і цудоўная дата, якой мы будзем ганарыцца і расказваць нашым унукам»

— Барыс, як беларусы змогуць пабачыць ваш фільм, акрамя Эстоніі?

Гуц: Мы толькі пачалі. Пасьля Эстоніі будуць іншыя краіны. Усё вельмі моцна зьмянілася 24 лютага. Усе дамоўленасьці і пляны, якія ў нас былі, нават на нейкі пракат у Расеі, або заходнія фэстывалі, выхад на, умоўна, Нэтфліксе, — усё гэта моцна зьмянілася. Цяпер людзі асьцярожней ставяцца і да Менску, і да расейскага рэжысэра, і да Беларусі. Усё зьмянілася. Мы пачалі з Эстоніі, бо мы там яго здымалі. Думаю, што хутка будуць прэм’еры ў Польшчы, Нямеччыне, Францыі, Англіі, Літве. Гэта будуць невялікія паказы, дзесьці вялікія. Там беларусы змогуць паглядзець наш фільм. Мы будзем паведамляць пра ўсе гарады і даты. Пасьля ўсяго гэтага фільм выйдзе онлайн, хутчэй за ўсё бясплатна. Магчыма, акурат у жніўні, да гадавіны ўсяго гэтага жаху. Каб нават у самым маленькім і закрытым горадзе Беларусі чалавек змог праз VPN паглядзець фільм.

— Віталь, для многіх беларусаў тыя падзеі ўсё яшчэ траўма і боль. Навошта ім глядзець гэты фільм?

Шкляраў: Найперш таму, што гэта цудоўная праца, шыкоўны фільм Барыса і шэрагу актораў. Па-другое, каб нагадаць сабе, што да гэтай пары ўсё яшчэ шмат тваіх пабрацімаў, суседзяў, сяброў сядзяць у турмах. Гэта дапамога і даніна павагі гераізму палітвязьняў. Кожны ліст, які нагадвае, што пра цябе ведаюць і цябе памятаюць, вельмі важны. Па-трэцяе, трэба заўсёды мець перад вачыма, дзе мы жывем. Чалавек хутка прызвычайваецца. Толькі спачуваньне, эмпатыя і любоў. Толькі палюбіўшы сябе, можна палюбіць іншых. Толькі палюбіўшы палітвязьняў ці бедных людзей, якія паміраюць ва Ўкраіне, можна пранікнуцца павагай да сябе і сваёй краіны. Тады будзе ня ўсё роўна, брудны ў вас пад’езд ці не. Ня ўсё роўна, які ў вас прэзыдэнт і ў якой школе вучыцца вашае дзіця. Мне здаецца, што ў нас доўгі шлях, і падзеі 2020 году — толькі пачатак і цудоўная дата, якой мы будзем ганарыцца і расказваць нашым унукам. Пра гэта будзе зьнята шмат фільмаў, а гэты пакуль дэбютны. Таму гэтым фільмам трэба ўсім нагадаць, што мы жывём у краіне, дзе людзі сядзяць у турме за палітычнае меркаваньне або за тое, што яны хацелі справядлівых выбараў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG