Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго перамаглі Лукашэнка і Пуцін? Дыскусія экспэртаў


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Чаму прамова Лукашэнкі ў Дзень Перамогі была такая агрэсіўная адносна Захаду? Каму яна была насамрэч адрасаваная? Чаму Пуцін у сваёй сьвяточнай прамове не абвясьціў мабілізацыю і ня вызначыў мэты вайны?

Гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

— Сёньняшні выступ Лукашэнкі — ці ня самая агрэсіўная антызаходняя яго прамова за ўвесь час кіраваньня. Мне падаецца, гэта выклікана патрэбай апраўдацца перад беларускім грамадзтвам за сытуацыю, у якой апынулася краіна. І таму трэба было перавесьці стрэлкі на Захад. Ён вінаваты, а не Лукашэнка завёў краіну ў тупік.

Хоць фармальна гэта быў зварот да народаў Захаду, я ня думаю, што гэтае пасланьне будзе даведзенае да аўдыторыі, якой яно нібыта было адрасаванае.

Зварот да народаў Захаду цераз галовы іх урадаў і палітыкаў — гэта такі вельмі савецкі прыём. Маўляў, хай народ падымаецца на клясавую барацьбу супраць сваёй буржуазіі.

Ён кажа, што на Расею і Беларусь глядзяць з надзеяй мільярды людзей у сьвеце. А потым дадае, што мы супраць 50 дзяржаваў, мы апошняе апірышча цывілізацыі. Дык ён прызнае ізаляцыю. Але ў прапагандзе лёгіка не абавязковая.

Дракахруст

— Апошняе інтэрвію Associated Press Лукашэнкі было вытрыманае ў адносна памяркоўным тоне. А тут такі выбух агрэсіі. Чаму?

Цыганкоў

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

— Літаральна ўчора лідэры «вялікай сямёркі» у сумеснай заяве паабяцалі прыцягнуць да адказнасьці архітэктараў і саўдзельнікаў вайны, у тым ліку і рэжым Лукашэнкі.

Мне здаецца важным, што яны прыгадалі ня толькі Пуціна, але і Лукашэнку. Магчыма, гэта яго так разьюшыла, што праз пару дзён пасьля інтэрвію Associated Press ён сёньня выдаў рэкордную паводле агрэсіўнасьці прамову.

Я ня бачу нейкага палітычнага ці ідэалягічнага «прыбытку» для Лукашэнкі ад гэтай прамовы. Можна падумаць, што народы сьвету толькі і чакаюць, што ім скажа Лукашэнка. Ён іх назваў «крывадушнікамі і мярзотнікамі», заявіў, што вайну выйграў толькі Савецкі Саюз. Ну і што?

Як працуе прапаганда? Хто супраць нас зараз, тыя нацысты і заўсёды былі нацыстамі. А тое, што некалі з нацызмам ваявалі — дык яны перарабіліся, і зараз супраць Беларусі і Расеі суцэльны нацызм.

Дракахруст

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

— Зварот да народаў Захаду быў рытарычным прыёмам. А ці ня быў сапраўдным адрасатам выступу Пуцін? Лукашэнка зрабіў шэраг жэстаў, якімі паспрабаваў крыху дыстанцыявацца ад Крамля і яго вайны. Гэта і ліст Макея ў ЭЗ з прапановай дыялёгу, і словы Лукашэнкі ў інтэрвію АР наконт таго, што «ваенная апэрацыя ва Ўкраіне зацягнулася».

Наўрад ці гэтыя рухі спадабалася ў Маскве. І ці ня дзеля таго, каб зьмікшаваць гэтае ўражаньне, адбылася такая прысяга на вернасьць?

Карбалевіч

— Публічных, афіцыйных папрокаў на адрас Лукашэнкі з боку Масквы не было.

Выступ Лукашэнкі адносна Захаду і Ўкраіны быў больш агрэсіўны, чым сёньняшні выступ Пуціна. Гэтак жа, дарэчы, было і падчас усіх апошніх сустрэчаў Лукашэнкі і Пуціна.

Магчыма, гэтая рыторыка — спроба схаваць сваё нежаданьне ўдзельнічаць у гэтым канфлікце.

Дракахруст

— Сёньняшні дзень мае вялікае сымбалічнае значэньне для расейцаў. Калі б Пуцін у гэты дзень выступіў зь нейкімі новымі палітычнымі ініцыятывамі, гэта ў грамадзкай сьвядомасьці надало б ім дадатковую палітычную вагу. Ён гэтага не зрабіў. Адзінае рашэньне, якое ён сёньня агучыў, — пра ўказ аб дапамозе дзецям вайскоўцаў, якія загінулі ва Ўкраіне. Чаму?

Цыганкоў

— У прамове Пуціна падзеі Другой сусьветнай сталі фонам для заяваў пра цяперашнюю вайну ва Ўкраіне. Чакалася, што ён абвесьціць ці мабілізацыю, ці афіцыйна вайну, ці скажа пра посьпехі на фронце. Але, відаць, не было падставаў, каб гаварыць пра посьпехі.

Карбалевіч

— У Расеі няма перамогі, няма чым хваліцца. Таму гэтую сакральную дату можна прапусьціць і чакаць, што будзе далей.

У Крамля насамрэч няма ніякага пляну, стратэгіі, як выйсьці з той сытуацыі, у якой апынулася Расея.

Я б зьвярнуў увагу на тое, што Пуцін у сваёй прамове ня стаў пужаць Захад ядзернай вайной. Было сказана — «каб жах глябальнай вайны не паўтарыўся».

І яшчэ адна характэрная фраза: «расейская армія ваюе на сваёй зямлі». То бок няма ніякай Украіны, гэта расейская зямля.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG