Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Некаторыя сваякі рэпрэсаваных нават сёньня баяцца размаўляць». У Гомлі прэзэнтавалі фільм пра сталінскія рэпрэсіі


Ларыса Шчыракова, архіўнае фота

28 студзеня ў Гомлі адбылася прэм’ера фільму пра сталінскія рэпрэсіі на Гомельшчыне. Гэта першы гістарычны рэпартаж з цыклю, які плянуе зьняць журналістка Ларыса Шчыракова і яе каманда.

«Я называю нашу працу гістарычнымі рэпартажамі. Першы рэпартаж — тры гісторыі пра рэпрэсаваных, якія апавядаюць іх блізкія — унукі і праўнукі. Калі мы кажам пра рэпрэсіі і пацярпелых — то гэта тычыцца ня толькі расстралянага чалавека, але і ягонага блізкага атачэньня. Бо дзяцей забіралі ў спэцыяльныя прытулкі, жонак — апраўлялі ў высылку як сваякоў „ворага народу“. Праз такія фармулёўкі людзі пазьней не маглі атрымаць адукацыю, працу», — тлумачыць аўтарка фільму.

Унукаў і праўнукаў здымалі ў лякацыях, зьвязаных з жыцьцём у Гомлі іх блізкіх. Дзьве з гераінь фільму жывуць у Расеі. Яны адмыслова прыяжджаюць у Гомель, каб убачыць, дзе жыў іх дзядуля, бабуля ці прадзед.

«Мы прэзэнтуем ня толькі фільм, але і сайт, дзе зьбіраем інфармацыю пра сталінскія рэпрэсіі на Гомельшчыне. Гэта ўсё мы робім для ўшанаваньня памяці ахвяр. Цяпер мы зьмянілі фармат працы і не дасылаем ужо запыты ў афіцыйныя структуры, як у мінулыя гады. Бо адказы адтуль ня мелі ніякай каштоўнасьці і не зьмяшчалі інфармацыі», — кажа Ларыса Шчыракова.

Сьвятара расстралялі, жонку і малых дзяцей выслалі

Адна з гісторый фільму — пра сьвятара Паўла Гінтаўта. Расказвае ягоная ўнучка Юлія Гінтаўт.

Праваслаўны сьвятар Павел Гінтаўт да арышту ў 1933 годзе служыў у Спаса-Праабражэнскай царкве Гомля. Рашэньнем судовай тройкі ад 24 сакавіка 1933 году быў абвінавачаны ў антысавецкай агітацыі, удзеле ў контрарэвалюцыйнай арганізацыі і падрыхтоўцы збройнага чыну. Прысуд сьвятару — расстрэл. Ягоную сям’ю — жонку і трох дачок — выслалі на Поўнач на тры гады.

Дачка сьвятара Ніна пазьней выйшла замуж за інжынэра ў Мураме (Расея). У кампаніі супрацоўнікаў ён расказаў анэкдот. За гэта яму прыпісалі шпіянаж на карысьць немцаў. Калісьці, да 37-га году, ён запрашаў немцаў на завод па абмене вопытам. Інжынэра расстралялі, жонку (дачку сьвятара) арыштавалі, дзяцей аддалі ў спэцыяльны прытулак.

Маскоўскія сваякі напісалі прашэньне, каб узяць да сябе дзяцей рэпрэсаваных. Надзіва, ім дазволілі. Пры гэтым запыталіся: «Вы ўпэўненыя, што хочаце ўзяць на выхаваньне дзяцей ворагаў народу?». Сваякі абяцалі, што будуць іх выхоўваць у «правільным» камуністычным духу.​

Мужа і жонку арыштавалі, дзіця забралі

Жыхарка Санкт-Пецярбургу Валерыя Альшамоўская ўвосень 2021 году адмыслова прыяжджала ў Гомель, каб убачыць мясьціны, дзе жылі яе прабабуля і прадзядуля, расстраляныя НКВД у 1937 годзе. Вось якую гісторыю сваёй сям’і яна расказвае ў фільме.

Яе прадзед Яўген да арышту працаваў памочнікам начальніка вакзалу. Калі яго арыштавалі, ягоная жонка пайшла да турмы зь пяцігадовай дачкой Людмілай, каб перадаць перадачу. Яна спрабавала давесьці, што муж ні ў чым не вінаваты, што ён прыстойны чалавек. Яе арыштавалі проста каля турмы. 5-гадовую дачку забралі з рук маці.

Пазьней стала вядома, што мужа і жонку Альшамоўскіх расстралялі. Магчыма, яны пахаваныя, як і іншыя ахвяры расстрэлаў, у лесе пад Гомлем.

Таксама ў рэпартажы — гісторыя Васіля Яраховіча з Рэчыцкага раёну. У 1938 годзе ён быў асуджаны на 10 гадоў папраўчага лягера. Адбываў пакараньне на Калыме. Праз 18 год быў рэабілітаваны і вярнуўся да сваёй сям’і. Акалічнасьці справы рэпрэсаванага Васіля Яраховіча прадстаўленыя ў гутарцы зь ягонай унучкай Аленай Лінкевіч.

«Дзясяткі тысяч расстраляных, і невядома — дзе яны пахаваныя?»

Ларыса Шчыракова нагадала, што ў 2021 годзе ўлады пачалі раскопкі ў лесе пад Гомлем, каля шашы на Чарнігаў. З 90-х гадоў гэтае месца было вядомае гісторыкам, краязнаўцам як месца пахаваньня ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Цяпер жа, у канцы 2021 году, пракуратура Гомля заявіла, што там пахаваныя ахвяры нацыстаў.

«У кожным раёне Гомельскай вобласьці ёсьць кніга „Памяць“. Там дзясяткі тысяч прозьвішчаў рэпрэсаваных людзей, большасьць зь іх — расстраляныя. Пытаньне — а дзе яны пахаваныя, калі такіх месцаў афіцыйна на тэрыторыі вобласьці няма? Калі ў вобласьці і ёсьць месцы ўшанаваньня, то гэта прыватныя ініцыятывы, сьціплыя крыжы ці помнікі на мясцовых могілках у памяць аб тых, хто не вярнуўся зь лягераў ці высылкі», — зьвяртае ўвагу журналістка.

Сытуацыю з ушанаваньнем ахвяр рэпрэсій у вобласьці яна называе «катастрафічнай».

«Цяпер мы закладаем падмурак, робім свой унёсак у аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці і праўды. Хочацца, каб гісторыя не была мёртвай, безыменнай. Таму мы і здымаем рэпартажы, размаўляем са сваякамі рэпрэсаваных. Праўда такая, што некаторыя сваякі нават сёньня баяцца размаўляць пра сваіх блізкіх, якіх расстралялі, выслалі на Калыму. Наколькі страх ад таго, што адбывалася ў 30-я гады, дзейнічае нават праз пакаленьні. Я лічу, што каб мы вывучалі сваю гісторыю, каб людзі ведалі больш пра тыя гады, было б сёньня менш прыхільнікаў „цьвёрдай рукі“, не было б разважаньняў, што рэпрэсіі былі апраўданыя. Станкі ня могуць быць даражэйшыя за чалавечае жыцьцё. Рэпрэсіі — гэта татальная дэгуманізацыя, калі чалавек — нішто, пыл», — лічыць аўтарка фільму Ларыса Шчыракова.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG