Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сьмерць цяжарнай у Польшчы наўпрост тычыцца беларусак


Літапад 2021 году, акцыя ў памяць аб цяжарнай Ізабэле, якая памерла 22 верасьня ў бальніцы ў горадзе Пшчына на поўдні Польшчы

За апошнія паўгода ў Польшчы ня менш як дзьве жанчыны памерлі праз забарону абортаў. Калі называць рэчы сваімі імёнамі, іх забілі дактары. І так склалася, што гэта ня «справы іншай краіны», а цалкам сабе праблема беларускіх жанчын.

У Польшчы і раней было шмат беларусак — туды пераяжджалі вучыцца, працаваць, уцякалі ад палітычнага перасьледу, ехалі да каханых. Звычайныя міграцыйныя працэсы, якія бываюць паміж суседнімі краінамі. Але ў выніку рэпрэсій 2020, 2021 і ўжо 2022 году беларускіх жанчын у Польшчы стала нашмат болей. І калі ва Ўкраіне ўсё ж пачнецца новая вайна, шмат хто з нашых уцякачак рушыць адтуль акурат у Польшчу.

Яны ратуюцца там ад турмы і катаваньняў, але трапляюць у новую пастку — антыжаночую палітыку польскіх уладаў. Якая фізычна забівае жанчын і відавочна не зьбіраецца спыняцца.

Падобна, што ў дыяспар суседніх з Польшчай краін можа дадацца новы напрамак працы — ратаваць беларускіх жанчын ужо ад польскіх уладаў і вывозіць іх на перарываньне цяжарнасьці. Спадзяюся, абыдзецца хоць бы безь летальных выпадкаў, але трэба разумець, што гэта выключна пытаньне шанцаваньня. Агнешцы і яе сям’і не пашанцавала, бо плод у першым трымэстры для сыстэмы аказаўся больш каштоўны, чым жанчына і яе трое жывых дзяцей.

Перарываць цяжарнасьць у Польшчы можна толькі ў двух выпадках: калі цяжарнасьць стала наступствам згвалтаваньня ці калі яна пагражае жыцьцю жанчыны. І што тычыцца пагрозы жыцьцю жанчыны, тут і ў дзяржаўнай сыстэмы, і ў канкрэтных мэдыкаў, якія прымаюць рашэньні пра будучы лёс жанчыны, вялікая прастора для манэўраў.

У апошнім вядомым мне летальным выпадку 37-гадовая Агнешка была цяжарная двойняй, і ў нейкі момант адзін плод перастаў разьвівацца. Дактары ня сталі цалкам перарываць цяжарнасьць, нягледзячы на кепскае самаадчуваньне жанчыны. Але калі праз тыдзень замёр і другі плод, дактары працягвалі нечага чакаць. Апэрацыю Агнешцы зрабілі толькі праз два дні. Фінал у такой бязьдзейнасьці мэдыкаў жудасны і прадказальны — жанчына памерла. Гэта лягічны фінал, калі ў целе спачатку тыдзень раскладаўся адзін плод, а потым яшчэ на два дні да яго далучыўся другі.

І беларускім уцякачкам трэба разумець, што такі сцэнар можа паўтарыцца зь любой цяжарнай у Польшчы. Насуперак міту, нібыта забарона абортаў нязручная толькі безадказным жанчынам, якія ня хочуць напружвацца з сучаснымі сродкамі кантрацэпцыі, у рэальнасьці яна пагражае ўсім жанчынам, якія могуць зацяжараць. Такая рэальнасьць адной з краін Эўразьвязу ў 2022 годзе.

А той факт, што рэжым Лукашэнкі на фоне інфармацыйнай вайны ніяк не выкарыстоўвае супраць Польшчы такі, здавалася б, добры (і нават справядлівы) аргумэнт, можа быць ускоснай прыкметай, што ў гэтым два рэжымы заадно. Вядома, сама па сабе адсутнасьць рэакцыі беларускай прапаганды ня можа быць доказам, і яна магла проста прапусьціць гэтыя навіны як нязначныя для сябе. Але я б і праўда не адмахвалася ад варыянту наконт традыцыйных «скрэпаў», якія ў Лукашэнкі і Дуды нашмат больш падобныя, чым прынята лічыць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG