Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніца Эўракамісіі дапусьціла адключэньне Расеі ад SWIFT і санкцыі супраць «Паўночнага патоку – 2»


Урсуля фон дэр Ляен

Ніводзін з варыянтаў адказу Захаду на магчымую агрэсію Расеі супраць Украіны ня зьняты з парадку дня, заявіла Ўрсуля фон дэр Ляен у эфіры CNN.

Пра гэта піша DW.

Краіны Захаду не выключаюць ніводнага з варыянтаў рэагаваньня на магчымае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, у тым ліку адключэньня РФ ад міжнароднай міжбанкаўскай сыстэмы перадачы інфармацыі і плацяжоў SWIFT і санкцый супраць газаправоду «Паўночны паток – 2, паведаміла старшыня Эўрапейскай камісіі Ўрсуля фон дэр Ляен.

«Я хачу з усёй яснасьцю заявіць: з парадку дня нічога ня зьнята», — падкрэсьліла фон дэр Ляен у эфіры тэлеканалу CNN увечары ў чацьвер.

Урсуля фон дэр Ляен нагадала, што Эўрапейскі Зьвяз зьяўляецца найважнейшым гандлёвым партнэрам і найбуйнейшым замежным інвэстарам у Расеі, на яго долю прыпадае каля 40 працэнтаў расейскага замежнага гандлю.

«Гэтыя лічбы паказваюць, што ў нас ёсьць моцны інструмэнт ціску і што для Расеі будзе вельмі балюча, калі агрэсія супраць Украіны ўзмоцніцца», — заявіла кіраўніца Эўракамісіі.

Акрамя таго Урсуля фон дэр Ляен падкрэсьліла, што адначасова са спробамі дыпляматычнага ўрэгуляваньня канфлікту ідзе і падрыхтоўка да найгоршага з магчымых сцэнараў разьвіцьця падзей.

  • У сярэдзіне студзеня нямецкая газэта Handelsblatt са спасылкай на неназваныя ўрадавыя крыніцы паведаміла, што ЗША і эўрапейскія краіны адмовіліся ад пляну выключыць Расею з плацежнай сыстэмы SWIFT у выпадку яе агрэсіі супраць Украіны, паколькі гэта можа прывесьці да дэстабілізацыі фінансавых рынкаў і стварэньня альтэрнатыўнай інфраструктуры плацяжоў. У сваю чаргу Reuters, спасылаючыся на крыніцы ва ўрадавых колах Нямеччыны, зьняпраўдзіла гэтае паведамленьне і напісала, што рашэньне пакуль не прынятае.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
  • 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два з паловай месяцы вайны на фронце загінулі шасьцёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
  • 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
  • Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
  • Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • У ноч на 17 траўня намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр пацьвердзіла пачатак апэрацыі па выратаваньні ўкраінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў пастцы на тэрыторыі «Азоўсталі». Паводле яе слоў, адтуль у лячэбную ўстанову акупаванага Новаазоўска былі эвакуяваныя 53 цяжка параненыя. Яшчэ 211 чалавек былі дастаўленыя ў Аленіўку па гуманітарным калідоры. Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што амаль 1000 украінскіх байцоў на заводзе «здаліся» па стане на 18 траўня. Міжнародны Чырвоны Крыж афіцыйна зарэгістраваў гэтых байцоў у якасьці ваеннапалонных.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG