Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вайна будзе, але ў двух выпадках», — Лукашэнка выступіў з пасланьнем


Аляксандар Лукашэнка выступае з пасланьнем. 28 студзеня 2022 г.

28 студзеня Лукашэнка выступае з пасланьнем Нацыянальнаму сходу. Дзеля гэтага дэпутатаў сабралі на пазачарговую сэсію.

Ці будзе вайна?

На пачатку свайго выступу Аляксандар Лукашэнка адказаў на пытаньне, ці будзе вайна ў Беларусі:

«У нашым грамадзтве — не з падачы нашай улады і маёй падачы — бытуе пытаньне нумар адзін: будзе вайна ці не? Дык будзе вайна ці не? Так, яна будзе, але толькі ў двух выпадках: калі супраць Беларусі будзе зьдзейсьнена прамая агрэсія, калі супраць Беларусі будзе разьвязаная гарачая вайна. Мы ўсе як адзін, і нават тыя, хто ня хоча, станем на абарону нашай зямлі і Айчыны.

І другі момант, калі быць вайне і Беларусь будзе ў ёй удзельнічаць: калі на нашага саюзьніка, Расейскую Фэдэрацыю, ажыцьцявяць непасрэдны напад і такая ж агрэсія будзе зьдзейсьненая супраць РФ. Аснова таму — нашы саюзныя дамоўленасьці. Хачу адказаць калектыўнаму Захаду, ці будуць расейскія войскі на тэрыторыі Беларусі. Калі на нашу краіну будзе зьдзейсьнена агрэсія, тут будуць сотні тысяч расейскіх войскаў».

Пазьней на пытаньне з залі, ці могуць беларусаў адправіць ваяваць на чужой тэрыторыі, Лукашэнка адказаў: «Калі мы будзем ваяваць — я вам назваў гэтыя два выпадкі. Думаю, што гэта як выключэньне, і вельмі спадзяюся, амаль упэўнены, што ваяваць ня будзем».

Пра расейскія войскі ў Беларусі

Лукашэнка дадаў, што «калі на нашу краіну зьдзейсьняць агрэсію — тут будуць сотні тысяч расейскіх войскаў, якія з сотнямі тысяч беларусаў будуць адстойваць гэтую сьвятую зямлю».

Прэтэнзіі да Літвы, Польшчы і Ўкраіны

Тэму вайны Лукашэнка працягнуў, гаворачы пра стасункі зь Літвой:

«Ня дай Бог вы разьвяжаце вайну разам зь іншымі прыбалтыйскімі дзяржавамі — гэта будзе канец вашай дзяржаўнасьці і незалежнасьці. Гэта не пагроза, а папярэджаньне».

Лукашэнка сказаў пра Ўкраіну: «Неспакойна і ў паўднёвых суседзяў... Мы вернем нашу Ўкраіну ва ўлоньне нашага славянства».

Пра вайсковыя вучэньні

Паводле Лукашэнкі, ён сам зьвярнуўся да Пуціна з прапановай правесьці цяперашнія вайсковыя вучэньні ля межаў Украіны, на якія прыбываюць расейскія вайскоўцы і тэхніка:

«Гэтыя вучэньні нам пакажуць, дзе нам трэба засяродзіць мінімум узброеных сілаў краіны. Нам давядзецца прыкрываць наш паўднёвы флянг. І трэба больш актыўна разьвіваць узаемаадносіны з Расеяй і іншымі саюзьнікамі па АДКБ. Прыклад Казахстану гэта паказаў».

Лукашэнка сказаў, што паўтара-два мільёны чалавек у Беларусі павінны ўмець карыстацца аўтаматам.

Пра сотні тысяч забітых мігрантаў

Пра мігранцкі крызіс, які, на думку Эўразьвязу, быў распачаты беларускімі ўладамі, Лукашэнка сказаў:

«Гэтыя мярзотнікі арганізавалі паляваньне на людзей. Паляваньне! У лясах бегалі і расстрэльвалі. Сотні, сотні тысяч людзей, якія шукалі шчасьця ў Эўропе, былі расстраляныя ў лясах і зарытыя ў магілы. Або гэта не фашызм?»

У дзяржаўнай прапагандзе ўжо гучалі падобныя абвінавачаньні. Ніякіх доказаў гэтым заявам не існуе.

Пра санкцыі

Лукашэнка назваў заходнія санкцыі, уведзеныя супраць ягонага рэжыму за парушэньні правоў чалавека і прымусовую пасадку замежнага самалёта, «яшчэ адным фронтам нападу на Беларусь»:

«Санкцыі — гэта інквізыцыя нашага часу, непрыкрытае парушэньне нормаў міжнароднага права. Адпаведная пазыцыя замацавана ў рашэньні Беларускага канстытуцыйнага суду, і мы будзем з гэтага зыходзіць. А тыя так званыя суайчыньнікі, якія заклікаюць да санкцый, робяць злачынства супраць дзяржавы і ўласнага народу. І яны за гэта адкажуць, дзе б ні знаходзіліся».

Аб падзеях 2020 году

Пра масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыі выбараў 9 жніўня 2020 году і гвалт сілавікоў, які прывёў да сьмерцяў, катаваньняў пратэстоўцаў, тысячаў арыштаваных, Лукашэнка сказаў:

«У жніўні 2020 году была зробленая спроба назаўжды перарваць эвалюцыю беларускай нацыі, перакрэсьліць наша разьвіцьцё, адкінуць нас назад. Да ўлады імкнуліся прыйсьці сквапныя, выключна цынічныя, беспрынцыпныя людзі, прасякнутыя пагардай да Беларусі, каб урэшце растварыць яе, нашу краіну, паставіць на калені, падначаліць вонкаваму ўплыву. Менавіта так, як сёньня мэтадычна зьнішчаюць нашу Ўкраіну».

Лукашэнка заявіў пра фінансаваньне пратэстаў Захадам, нібыта было накіравана звыш 6 мільярдаў даляраў. Ніякіх доказаў прыведзена не было.

Пра вяртаньне «беглых»

Лукашэнка прапанаваў стварыць грамадзкую камісію па вяртаньні «беглых». Яе б узначалілі Рыгор Азаронак і генпракурор Швед:

«Мая вам парада: дахаты, кайцеся і станавіцеся на калені. Заплаціце штрафныя санкцыі за нанесеную шкоду, хаця б часткова, таму што на тое, што вы натварылі, ня хопіць ні вашай маёмасьці, ні таго, што вы заробіце наперад за сваё жыцьцё».

Пра замах на Лукашэнку

Лукашэнка заявіў, што на яго нібыта рыхтуюць замах:

«Многія расчараваныя тым жыцьцём, у якім яны апынуліся, нават на самым версе. Грошай няма, офісы іх дзеяньні фінансаваць ня хочуць, патрабуюць радыкальных мераў. Заб’яце кагосьці (прабачце за грубасьць) у Беларусі, пакажаце здымак — заплацім. Зьдзейсьніце замах, аж да галоўнага, — заплацім. Яны павінны былі гэта разумець. Якім бы ні быў Зянон Пазьняк, ён іх пра гэта папярэджваў. Пачынаецца ўсё з малога, а скончыцца гэтым. Але калі ты ідзеш забіваць мяне — вы ведаеце, якой будзе рэакцыя».

Пра новую Канстытуцыю і ўладу прэзыдэнта

Паводле Лукашэнкі, абноўленая Канстытуцыя паставіць кропку ў дыскусіях аб форме праўленьня:

«Пры гэтым важна разумець, што канцэнтрацыя прэзыдэнцкай улады ў такім аб’ёме ўжо не патрабуецца. І паверце, вельмі складана будзе будучым прэзыдэнтам такую канцэнтрацыю несьці на сваіх плячах.

Новым суб’ектам палітыкі будзе беларускі народны сход. Гэта будзе найвышэйшы прадстаўнічы орган у краіне, які сумесьціць у сабе традыцыі найлепшых практык беларускага народаўладзьдзя.

Ні пад кога УНС не ствараецца, тым больш пад дзейнага прэзыдэнта. Прымеце вы рашэньне — гэты прэзыдэнт пойдзе на спачын, ён ужо зрабіў сваю справу. Палічыце патрэбным, каб я нешта яшчэ зрабіў у гэтай краіне, — скажаце».

Магчымае вяртаньне ў Канстытуцыю абмежаваньня па прэзыдэнцкіх тэрмінах Лукашэнка зьвязаў з узростам магчымага новага кіраўніка краіны.

«Запомніце, што ў 38 гадоў вы больш прэзыдэнта ня выбераце. Гэта будзе чалавек за 50. Таму калі ён да 70 яшчэ папрацуе, гэта будзе нармальна», — сказаў ён.

Пра грамадзянскую супольнасьць

Паводле Лукашэнкі, у найбліжэйшы час плянуюць прыняць закон аб грамадзянскай супольнасьці, у якім апішуць, што складае «сутнасьць гэтай супольнасьці і структуру», «каб асновай грамадзянскай супольнасьці ня сталі гэтыя сьпячыя нацменаўскія ячэйкі». На месца соцень закрытых грамадзкіх арганізацый, паводле Лукашэнкі, павінны прыйсьці новыя — «канструктыўныя грамадзкія арганізацыі».​

Пра ІТ-сфэру

Лукашэнка задаўся пытаньнем, чаму супрацоўнікі Парку высокіх тэхналёгій выходзілі на пратэсты, хоць ён упэўнены, што сам ствараў і ўдасканальваў ПВТ.

«Адказ просты: у нас сёньня гэты Парк высокіх тэхналёгій стварае прадукт, зьяўляючыся філіялам буйных прадпрыемстваў ЗША і іншых. Там гэтыя гуглы, майкрасофты і іншае, а тут іх філіялы. І зразумела, што спэцслужбы давалі ўказаньне (гэта ўжо ўстаноўлена). Там у матчынай кампаніі яны давалі каманду сюды, фінансавалі цалкам легальна і давалі ім каманду: „На вуліцу, змагацца, зрываць, ламаць і разбураць“», — заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка паставіў пытаньне пра тое, што далей рабіць са сфэрай ІТ і індывідуальнымі прадпрымальнікамі:

«Нам Парк высокіх тэхналёгій прыносіць больш карысьці ці шкоды? Можа, нам удасца дамовіцца? Ці не прыйшоў час у роўныя ўмовы паставіць нашых айцішнікаў з заводамі? І па ІП трэба вызначыцца, хай будуць тыя ІП, якія займаюцца вытворчасьцю: вырабляй тавары, пляці кашы, і на падаткі амаль нічога ня будзеш плаціць».

Пра Літву і «Беларуськалій»

Лукашэнка прыгразіў Літве не пускаць яе тавары транзытам празь Беларусь:

«Літва! Вы навошта зь беларусамі ваюеце, тавары нашы ў порт не пускаеце? Вы ж да вайны проста ведзяце: сёньня эканамічнай, а заўтра — гарачай. Вы што, гэтую вайну хочаце выйграць? Дык вас жа ўласны народ не падтрымае, вы ж угробіце партовую гаспадарку, там грузы няма каму будзе грузіць. Вось дамовімся цяпер з Расеяй — і там ніякія грузы грузіцца ня будуць. Мы будзем грузіць усё — расейскае, беларускае — у расейскіх партах. Транспарт спыніцца: мы ня пусьцім вашы грузы празь Беларусь, забудзеце гэтую дарогу. А дамовімся з Расеяй — і па іншых дарогах ня трапіце», — сказаў Лукашэнка і заклікаў Літву «вярнуцца да нармальнага супрацоўніцтва».

Пра інтэграцыю з Расеяй

«Ня трэба сёньня папракаць Расею, што яна хоча паглынуць Беларусь. Няма такіх мэтаў. Мы не настолькі дурныя з Пуціным і настолькі разумныя, каб, маючы дзьве дзяржавы, выбудаваць такую сыстэму, што пазайздросьцяць любыя ўнітарныя дзяржавы. Паглынаньня Расеяй Беларусі ніколі ня будзе, і мэтаў такіх у кіраўніцтва Расеі няма».

Пра рэфэрэндум па Канстытуцыі і дзеяньні палітычных апанэнтаў

«Праблема — цугцванг: „Прагаласуе за зьмены народ — дыктатар выйграў. Не прагаласуе — дыктатар таксама выйграў“. Гэта такі брыдкі імгненны погляд. Мы ўсё ж такі павінны ў будучыню глядзець, зьмены Канстытуцыі зьвернутыя ў будучыню».

Словы аб тым, што Лукашэнка мяняе Канстытуцыю пад сябе, ён называе «дурасьцю, разьлічанай на дрымучага чалавека, які ўвогуле не пагружаны ў палітыку».

Пра ўдзел у новых выбарах

«Усё будзе залежаць ад сытуацыі. Калі яны нам навяжуць вайнушку — якія выбары, куды я дзенуся? Я вазьму кулямёт і першы пайду наперадзе, калі трэба, хаця гэта будзе няправільна — прэзыдэнту вызначана месца як галоўнакамандуючаму. І я буду дзейнічаць. Калі ўсё будзе ціха, добра, калі наш народ будзе спакойна жыць і разьвівацца — у любы момант. А я буду на запасным шляху. Паклічаце, скажаце ў чымсьці дапамагчы — я дапамагу».

Як раней казала прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант, пасьля пасланьня Лукашэнка адкажа на пытаньні ўдзельнікаў (слухаць яго ў Палацы Рэспублікі сабралі каля 2500 чалавек), а пасьля ім пакажуць канцэрт.

Напярэдадні, 27 студзеня, Нацыянальны Сход сабраўся на пазачарговую сэсію, у тым ліку для абмеркаваньня «падрыхтоўкі да правядзеньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму». Указ аб пазачарговай сэсіі на тыдні падпісаў Лукашэнка.

Апошні раз Лукашэнка зьвяртаўся з пасланьнем да народу і парлямэнту перад самымі прэзыдэнцкімі выбарамі, у жніўні 2020 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG