Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ByPol заявіў, што раскрыў нанятага забіць Латушку. «Белсат» пагутарыў з тым, каго назвалі кілерам


Былы начальнік аддзелу 3-га ўпраўленьня Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК), а цяпер прадстаўнік ініцыятывы ByPol Аляксандар Азараў

Аб’яднаньне былых сілавікоў Беларусі ByPol заявіла, што раскрыла чалавека, якога накіравалі зь Беларусі ў Польшчу ў якасьці агента для фізычнай ліквідацыі актывістаў арганізацыі і Паўла Латушкі. ByPol назваў імя гэтага чалавека — Вячаслаў Быстроў.

Сам Быстроў ў інтэрвію «Белсат» абверг такія абвінавачваньні і заявіў, што ён хворы чалавек.

У эфіры «Белсату» падпалкоўнік Аляксандр Азараў расказаў пра Вячаслава Быстрова, які, паводле расьсьледаваньня ByPol, быў накіраваны ў Польшчу ў якасьці беларускага агента для фізычнай ліквідацыі былых сілавікоў і Паўла Латушкі.

Паводле Азарава, у Беларусі Быстроў быў шматразова судзімы і выкарыстоўваўся для распрацоўкі палітычных зьняволеных і тых, хто праходзіў у найбольш значных крымінальных справах па лініі ГУБАЗіК.

«Ён наркаман, ужывае наркотыкі і пэрыядычна трапляе ў месцы пазбаўленьня волі, дзе і займаецца гэтай бруднай справай, ён займаецца распрацоўкай арыштаваных, — распавядае Азараў. — Бедункевіч (начальнік трэцяга ўпраўленьня ГУБАЗіК у супрацьдзеяньні экстрэмізму) і Чамаданаў (начальнік першага ўпраўленьня) былі частымі яго гасьцямі, яны ўвесь час да яго хадзілі, паднімалі яго з камэры, прыносілі яму цыгарэты, прадукты харчаваньня і абмяркоўвалі пляны — якім чынам ён павінен ламаць людзей».

Сам Вячаслаў Быстроў у размове зь «Белсатам» не адмаўляе сваіх судзімасьцяў, але ўсяляк абвяргае інфармацыю аб працы на спэцслужбы Беларусі.

«Гэта трызьненьне, гэта паклёп, я знаходжуся ў лягеры для ўцекачоў, разумееце, што гэта такое, ужо некалькі месяцаў, у мяне праблемы са здароўем вельмі сур’ёзныя. Я цяпер заняты здароўем і думаю, дзе на кавалак хлеба зарабіць. Якія ліквідацыі, каго, я хворы чалавек, мне 50 гадоў. У мяне забралі здароўе былыя, у тым ліку калі там Азараў прымаў удзел».

Прадстаўнік ByPol Аляксандар Азараў упэўнены, што гэта хітрыкі, паколькі нават у СІЗА № 1 Менску практычна ўсе ведалі, што Быстроў зьяўляецца агентам ГУБАЗіК. Там ён знаходзіўся ў асаблівым становішчы: перамяшчаўся па калідорах, паднімаўся да апэратыўных супрацоўнікаў, адкуль вяртаўся з торбамі прадуктаў. Яго трымалі асобна ад звычайных зьняволеных паводле крымінальных артыкулаў — ён знаходзіўся ў жаночым блёку. У гэты ж час яго падсаджвалі да эканамічных злачынцаў і да тых, хто праходзіў па лініі «экстрэмізму».

«Ён датычны да распрацоўкі, я думаю, і анархістаў, і ўсіх палітычных зьняволеных, — лічыць Азараў. — Ён тут знаходзіцца, таму што там усе гэтыя людзі сядзяць: яны прайшлі СІЗА, атрымалі тэрміны вялікія, сядзяць у лягерах. І таму ён, не баючыся, прыехаў сюды. Мы атрымалі гэтую інфармацыю ад нашых крыніц, заняліся яго пошукам і мы яго знайшлі ў лягеры. Правялі праверку і вырашылі апублікаваць, каб людзі ведалі, бо ён пачаў укараняцца».

Паводле інфармацыі ByPol, прыбыўшы на тэрыторыю Польшчы, Быстроў пачаў укараняцца ў давер да мясцовых беларусаў: ён наведваў усе мітынгі, уступаў у чаты і хадзіў у беларускую царкву. Менавіта таму асобу Быстрова было вырашана раскрыць, і зараз ім будуць займацца польскія спэцслужбы.

Што такое ініцыятыва ByPol

У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.

Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.

Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).

Iніцыятыва аб’ядноўвае былых беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.

У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім. 8 лістапада 2021 суд вызнаў ByPol і распрацаваны ініцыятывай мабілізацыйны плян «Перамога» «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG