Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 фактары, якія павялічваюць шанцы на зацяжны COVID-19


Адна з многіх загадак пандэміі COVID-19 — хто зь людзей больш схільны да цяжкага і доўгага цячэньня хваробы? Ці могуць некаторыя з нас часьцей, чым іншыя, адчуваць фізычныя, нэўралягічныя і кагнітыўныя сымптомы, што захоўваюцца на працягу некалькіх месяцаў?

Пра гэта піша The New York Times.

Група дасьледнікаў зь некалькіх амэрыканскіх і швэдзкіх унівэрсытэтаў назірала за больш чым 200 пацыентамі на працягу двух-трох месяцаў пасьля таго, як ім паставілі дыягназ COVID-19.

Вынікі дасьледаваньня былі апублікаваныя 25 студзеня ў часопісе Cell. Яго аўтары назвалі чатыры фактары, якія можна выявіць на раньніх стадыях заражэньня чалавека каранавірусам, і якія зьвязаныя з падвышанай рызыкай зьяўленьня празь некалькі тыдняў пасьля пачатку хваробы яе ўстойлівых сымптомаў.

Дасьледнікі заявілі, што сувязь паміж гэтымі фактарамі і працяглым COVID-19 мае месца незалежна ад таго, была першапачатковая інфэкцыя сур’ёзнай ці лёгкай.

На думку аўтараў, іх вынікі могуць дапамагчы распрацаваць спосабы прадухіленьня або лячэньня працяглага COVID-19, у тым ліку магчымасьць даваць людзям супрацьвірусныя прэпараты адразу пасьля таго, як інфэкцыя была дыягнаставаная.

«Гэта першая рэальная спроба знайсьці некаторыя біялягічныя мэханізмы працяглага COVID-19», — сказаў доктар Стывэн Дыкс, прафэсар мэдыцыны Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Сан-Францыска, які ня ўдзельнічаў у дасьледаваньні.

Ён і іншыя экспэрты, як і аўтары дасьледаваньня, папярэдзілі, што вынікі носяць папярэдні характар і павінны быць пацьверджаныя значна большай колькасьцю дасьледаваньняў і назіраньняў.

Тым ня менш, доктар Дыкс лічыць, што вызначаныя фактары біялягічна праўдападобныя і не супярэчаць тэорыі мэдыцыны.

  • Першым фактарам зьяўляецца ўзровень РНК каранавірусу ў крыві на раньняй стадыі інфэкцыі. Гэта паказьнік так званай віруснай нагрузкі. Чым ён большы, тым больш шанцаў на зацяжны COVID-19.
  • Другі фактар — наяўнасьць аўтаантыцелаў пэўнага тыпу. Такія антыцелы памылкова атакуюць тканкі ў арганізьме, як гэта адбываецца пры ваўчанцы і рэўматоідным артрыце.
  • Трэці фактар — рэактывацыя ў арганізьме пацыента віруса Эпштэйна-Бара, які паражае людзей у маладым узросьце, а пасьля, звычайна, пераходзіць у сьпячы стан.
  • Чацьвёрты фактар — наяўнасьць у пацыента дыябэту 2 тыпу.

Апрача гэтага, былі і іншыя інтрыгуючыя высновы аўтараў дасьледаваньня. Адной зь іх зьяўляецца здагадка, што ў людзей з зацяжным COVID-19 зафіксаваны нізкі ўзровень гармону стрэсу картызолу. Таму ім можа дапамагчы замяшчальная тэрапія кортызолам.

Калі далейшыя дасьледаваньні пацьвердзяць высновы швэдзка-амэрыканскага калектыву, то могуць зьявіцца новыя спосабы прадухіленьня і лячэньні зацяжной каранавіруснай інфэкцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG