Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мінабароны Беларусі заявілі, што пасьля вучэньняў расейскія войскі пакінуць краіну


Расейская вайсковая тэхніка перад беларуска-расейскімі вучэньнямі «Саюзная рашучасьць – 2022»

У Міністэрстве абароны Беларусі правялі брыфінг для аташэ ў пытаньнях абароны замежных дзяржаў, прысьвечаны праверцы сіл рэагаваньня «саюзнай дзяржавы» на тэрыторыі Беларусі, якая неўзабаве адбудзецца.

Пазыцыю беларускіх уладаў для замежных аташэ агучыў начальнік Генэральнага штабу Узброеных Сіл — першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч, якога цытуе прэсавая служба абароннага ведамства.

Што сказаў Гулевіч:

  • «Падрыхтоўка праверкі праходзіць ва ўмовах складанага ваенна-палітычнага становішча. Апошнія падзеі ў Казахстане паказалі, як вырасла роля калектыўных вайскова-палітычных саюзаў у забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі дзяржаў».
  • «Галоўным вынікам мерапрыемстваў стане ацэнка здольнасьці органаў вайсковага кіраваньня і войскаў (сіл) выканаць задачы ў забесьпячэньні ваеннай бясьпекі саюзнай дзяржавы».
  • «Праверка праводзіцца ў два этапы і на завяршальным этапе заплянавана правядзеньне сумеснага беларуска-расейскага вучэньня „Саюзная рашучасць – 2022“».
  • «Пры распрацоўцы ідэі праверкі ў тым ліку ўлічылі аналіз разьвіцьця падзей, якія адбываліся вакол нашай краіны ў 2020 годзе, усе недружалюбныя пасылы і неабгрунтаваная канцэнтрацыя войскаў, а таксама разьвіцьцё крызіснай сытуацыі ў Рэспубліцы Казахстан».
  • «На першым этапе да 10 лютага войскі, якія правяраюць, перамесьцяцца камбінаваным спосабам у зыходныя раёны і правядуць комплекс мерапрыемстваў для зладжваньня падразьдзяленьняў.
  • У далейшым вылучацца ў прызначаныя раёны, каб выканаць вучэбна-баявыя задачы. Калі скончыцца перабазаваньне часткі авіяцыі ВПС і войскаў СПА Беларусі і Паветрана-касьмічных сіл Расеі, яны пачнуць сумесна патруляваць паветраную прастору».
  • «Адно з асноўных пытаньняў, якія адпрацуюць падчас першага этапу, — гэта забесьпячэньне своечасовага стварэньня ў кароткія тэрміны груповак войскаў (сіл) на пагражальных напрамках у адпаведнасьці з пэўнай абстаноўкай».
  • «Ацэняць гатоўнасьць і здольнасьць выканаць вучэбна-баявыя задачы сіламі і сродкамі сумеснага навучальна-баявога цэнтра СПА».
  • «Актыўная фаза праверкі пачнецца з 10 лютага правядзеньнем сумеснага вучэньня „Саюзная рашучасьць – 2022“, тэмай якога стане спыненьне і адбіцьцё вонкавай агрэсіі ў ходзе вядзеньня абарончай апэрацыі, а таксама процідзеяньне тэрарызму і абарона інтарэсаў саюзнай дзяржавы».
  • «На другім этапе асноўную ўвагу нададуць вядзеньню абарончых дзеяньняў на прызначаных рубяжах па прыкрыцьці мяжы Беларусі, у тым ліку на паўднёвым напрамку, адпрацоўцы вучэбна-баявых задач у агнявой паразе праціўніка, які ўварваўся, у тым ліку з баявой стральбой і правядзеньнем бамбамятаньня авіяцыяй. У заключнай фазе вучэньня адпрацуюць пытаньні разгрому суперніка правядзеньнем контранаступальных дзеяньняў».
  • «Нягледзячы на пазаплянавасьць праверкі і прыцягненьне да яе часткі органаў вайсковага кіраваньня, злучэньняў і воінскіх частак, ва Ўзброеных сілах у гэты пэрыяд далей выконваюцца мерапрыемствы баявой падрыхтоўкі ў адпаведнасьці з плянам падрыхтоўкі Узброеных Сіл у гэтым навучальным годзе».
  • «Навучаньне зьяўляецца завяршальным этапам сумеснай праверкі сіл рэагаваньня саюзнай дзяржавы і накіравана, перш за ўсё, на павышэньне навучанасьці войскаў».
  • «Навучаньне, якое праводзіцца ў рамках праверкі, носіць асабліва абарончы характар і не нясе ніякай пагрозы ні для эўрапейскай супольнасьці ў цэлым, ні для суседніх краін у прыватнасьці. Яно дазволіць на практыцы ўдасканальваць мэханізм сумеснага выкарыстаньня абароннай інфраструктуры і праверыць гатоўнасьць і здольнасьць прызначаных сіл выканаць задачы па прызначэньні».
  • «Па заканчэньні праверкі воінскія часткі і падразьдзяленьні ўзброеных Сіл Расеі пакінуць тэрыторыю Беларусі, што адбывалася пасьля ўсіх папярэдніх вучэньняў».

У Беларусь на манэўры штодня прыбываюць расейскія вайсковыя падразьдзяленьні і тэхніка. На першым этапе манэўраў, да 9 лютага, праводзіцца іх перадысьлякацыя да месца правядзеньня вучэньняў.

Расейска-беларускія вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022» павінны адбыцца з 10 па 20 лютага на тэрыторыі Беларусі. Вайсковыя экспэрты лічаць, што такім чынам Расея можа рыхтаваць напад на Ўкраіну або правакацыі.

Расейцы перамяшчаюцца па чыгунцы і аўтамабільных дарогах агульнага карыстаньня. Акрамя гэтага, расейская авіяцыя ўжо выкарыстоўвае беларускія вайсковыя аэрадромы.

З афіцыйных паведамленьняў вядома, што расейскія войскі ў Беларусі разьмесьцяцца на шэрагу палігонаў паблізу ад межаў Беларусі з Украінай, Польшчай і Літвой. Гэта Обуз-Лясноўскі, Берасьцейскі, Гожаскі, Асіповіцкі і Даманаўскі палігоны.

Аднак расейскія войскі заўважаюць блізка да ўкраінскай мяжы ў месцах, якія не фігуравалі ў анонсе вучэньняў.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
  • 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два з паловай месяцы вайны на фронце загінулі шасьцёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
  • 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
  • Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
  • Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • У ноч на 17 траўня намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр пацьвердзіла пачатак апэрацыі па выратаваньні ўкраінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў пастцы на тэрыторыі «Азоўсталі». Паводле яе слоў, адтуль у лячэбную ўстанову акупаванага Новаазоўска былі эвакуяваныя 53 цяжка параненыя. Яшчэ 211 чалавек былі дастаўленыя ў Аленіўку па гуманітарным калідоры. Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што амаль 1000 украінскіх байцоў на заводзе «здаліся» па стане на 18 траўня. Міжнародны Чырвоны Крыж афіцыйна зарэгістраваў гэтых байцоў у якасьці ваеннапалонных.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG