Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CBS: Белы дом вырашыў ня ўводзіць санкцыі супраць Пуціна


Уладзімір Пуцін (зьлева) і Джо Байдэн

Улады ЗША вырашылі пакуль ня ўводзіць пэрсанальныя санкцыі супраць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Пра гэта паведамляе тэлеканал CBS.

«ЗША маглі б увесьці санкцыі супраць Пуціна, але вырашылі пакуль не рабіць гэтага», — расказала ў эфіры карэспандэнт Маргарэт Брэнан. Яна спаслалася на крыніцы, на думку якіх меры ў адносінах да кіраўніка расейскай дзяржавы прывялі б да «тэхнічных цяжкасьцяў». «Калі вы ўводзіце санкцыі супраць тых, з кім хочаце весьці перамовы, як яны будуць падарожнічаць? У пляне каардынацыі ўсё таксама ўскладняецца», — сказала журналістка.

Больш эфэктыўным у гэтай сытуацыі будзе «ціск на алігархаў», блізкіх да Пуціна, іхныя бізнэс-структуры і банкаўскія рахункі, каб гэтыя бізнэсоўцы паўплывалі на Пуціна, дадала Брэнан.

25 студзеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што разгледзіць пытаньне аб пэрсанальных санкцыях у дачыненьні да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, калі Масква ўварвецца на тэрыторыю Ўкраіны.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў раней назваў «запредельной мерой» магчымае ўвядзеньне Злучанымі Штатамі санкцый супраць прэзыдэнта Расеі. Паводле Пяскова, падобная мера параўнальная з разрывам адносін.

Санкцыі супраць Пуціна маюцца ў законапраекце, падрыхтаваным дэмакратамі. Акрамя расейскага прэзыдэнта, у сьпіс таксама трапілі прэм’ер-міністар Міхаіл Мішусьцін, кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў, міністар абароны Сяргей Шайгу і яшчэ сем чалавек. Акрамя таго, прапануецца ўвесьці санкцыі супраць ключавых банкаўскіх структур Расеі на выпадак, калі Масква пачне ваенныя дзеяньні супраць Украіны.

Акрамя таго, амэрыканскія кангрэсмэны падрыхтавалі законапраект аб увядзеньні санкцый супраць 35 расейцаў, у тым ліку мільярдэраў, чыноўнікаў і іхных блізкіх сваякоў. Ён супадае па імёнах з прапановамі каманды Аляксея Навальнага. Пэрсанальныя санкцыі прапанавана ўвесьці, у прыватнасьці, супраць мільярдэраў Рамана Абрамовіча, Алішэра Усманава, Генадзя Цімчанкі і Алега Дзерыпаскі, мэра Масквы Сяргея Сабяніна, кіраўніка ФСБ Аляксандра Бортнікава, прэс-сакратара Пуціна Дзьмітрыя Пяскова.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
  • 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два з паловай месяцы вайны на фронце загінулі шасьцёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
  • 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
  • Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
  • Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • У ноч на 17 траўня намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр пацьвердзіла пачатак апэрацыі па выратаваньні ўкраінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў пастцы на тэрыторыі «Азоўсталі». Паводле яе слоў, адтуль у лячэбную ўстанову акупаванага Новаазоўска былі эвакуяваныя 53 цяжка параненыя. Яшчэ 211 чалавек былі дастаўленыя ў Аленіўку па гуманітарным калідоры. Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што амаль 1000 украінскіх байцоў на заводзе «здаліся» па стане на 18 траўня. Міжнародны Чырвоны Крыж афіцыйна зарэгістраваў гэтых байцоў у якасьці ваеннапалонных.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG