Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нашу нiву» прызналі экстрэмісцкім фармаваньнем. У рэдакцыі адказалі, хто экстрэміст


Ягор Марціновіч, зьняволены галоўны рэдактар «Нашай нівы»

Газэта «Наша ніва» выходзіць з 1906 году (сучасная — з 1991-га), цяпер яна прадстаўлена сайтам і сацсеткамі.

Аб прызнаньні «Нашай нiвы» экстрэмісцкім фармаваньнем паведаміла МУС Беларусі:

«Экстрэмісцкім фарміраваньнем прызнана група грамадзян зь ліку ПВУП „Сародзічы“ (газэта „Наша ніва“), якая аб’ядналася праз інтэрнэт-рэсурсы, у тым ліку ў сацыяльных сетках і месэнджарах».

«Прызнаньне „Нашай Нівы“ экстрэмісцкім фармаваньнем больш гаворыць пра тых, хто прызнаў, чым пра „Нашу Ніву“. Стандарты журналістыкі „Нашай Нівы“ не зьменяцца ні на ёту, мы гэта гарантуем. Мы не прагназуем таксама падзеньня чытанасьці выданьня — яно працягвае расьці, трэнд нязьменны ўсе апошнія гады», — пракамэнтавала Zerkalo.io ўнясеньне ў пералік экстрэмісцкіх фармаваньняў дырэктарrf выданьня «Наша Нiва» Анастасія Роўда.

«Наша ніва» — найстарэйшае беларускае выданьне, яе гісторыя пачынаецца з 1906 году. Першы нумар выйшаў 23 лістапада. Першыя 42 нумары выдаваліся беларускімі кірыліцай і лацінкай. Выданьне газэты было спынена ў 1915 годзе ў сувязі з падзеямі Першае ўсясьветнае вайны — нямецкія войскі набліжаліся да Вільні.

У 1991 годзе пад рэдакцыяй Сяргея Дубаўца ў Вільні адбылося адраджэньне «Нашай нівы». У 1996-м рэдакцыя газэты пераехала ў Менск. У чэрвені 2018-га «Наша ніва» спыніла выхад папяровай газэты, а праз два месяцы стала выдаваць ілюстраваны гістарычны часопіс.

Раней экстрэмісцкімі фармаваньнямі прызналі БелаПАН і Радыё Свабода.

У сьнежні 2021 году прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай выказаўся наконт прызнаньня сілавікамі інтэрнэт-рэсурсаў Радыё Свабода «экстрэмісцкімі фармаваньнямі», арышту журналіста-фрылансера Свабоды Алега Грузьдзіловіча і завядзеньня крымінальнай справы супраць журналіста-фрылансера Свабоды Андрэя Кузьнечыка.

«Мы асуджаем кампанію беларускага ўраду па крыміналізацыі сумленнай журналістыкі і пазбаўленьні праўды беларускага народу. Мы зноў катэгарычна адкідаем гэты недарэчны, навязаны рэжымам ярлык. Радыё Свабода не „экстрэмісцкая арганізацыя“. Алег Грузьдзіловіч і Андрэй Кузнечык — закладнікі гэтага беззаконнага рэжыму, а не злачынцы. Рэпартаж з фактамі — гэта не „экстрэмісцкая“ дзейнасьць, а журналістыка не злачынства», — заявіў прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэймі Флай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG