Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Савіных перасеў, каб не сядзець з намі за адным сталом». Прадстаўнікі Ціханоўскай дыскутавалі з пасланьнікам афіцыйнага Менску


Заля паседжаньняў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, архіўнае фота

Гэта адбылося ў Страсбуры на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Дыскусію аб канстытуцыйнай рэформе і рэфэрэндуме, якія мае адбыцца неўзабаве, арганізавалі палітычны камітэт ПАРЭ і спэцдакладчык па Беларусі, фінскі дэпутат Кіма Кюленен.

З аднаго боку ў ёй удзельнічалі прадстаўнікі штабу Сьвятланы ЦіханоўскайАнатоль Лябедзька (адказны за парлямэнцкае супрацоўніцтва і канстытуцыйную рэформу) і Аляксандар Шлык (спэцпрадстаўнік па выбарах), з другога — дэпутат палаты прадстаўнікоў, старшыня камісіі па міжнародных справах Андрэй Савіных.

Анатоль Лябедзька кажа, што градус дыскусіі быў завышаны ад самага пачатку.

«Савіных вельмі агрэсіўна сябе павёў. Ён узяў са стала шыльдачку са сваім імем і перасеў у залю, каб не сядзець з намі за адным сталом. Ён казаў, што мы ня можам прадстаўляць палітычную апазыцыю. Спадар Савіных, мабыць, хацеў бы сам вызначаць апазыцыю, каб на нашым месцы сядзеў Юры Васкрасенскі. Сказаў, што мы замежныя агенты, якія прадстаўляюць міжнародныя цэнтры. Я адрэагаваў на гэта словамі пра ўдзячнасьць у тым ліку мне як дэпутату незалежнасьці, што мой голас дапамог аднавіць незалежнасьць краіны і цяпер такія людзі, як ён, могуць прыяжджаць у Страсбур і рабіць самыя фантастычныя заявы».

Лябедзька перакананы, што ня важна, хто з таго боку стала, але тым людзям усё адно будзе складана даносіць да іншых сваю пазыцыю.

«Мы адкрытыя да любых дэбатаў і дыскусіяў, асабліва калі гэта тычыцца міжнароднага вымярэньня. Нашым апанэнтам пастаянна трэба маніпуляваць. Замест фактаў прыводзіць нешта такое, што выклікае зьдзіўленьне. Мы ж гатовыя ў адкрытую гаварыць пра праект новай Канстытуцыі і пра тое, чаму мы яе не прымаем.

Ухіляцца ад таксычных сьпікераў было б няправільна. Маю частку выступу дэпутаты віталі аплядысмэнтамі. А дэпутаты прымаюць розныя рашэньні. Можна ўдзельнічаць у дыскусіі без абдымкаў і поціскаў рук. Важны не Савіных, а дэпутаты розных краін».

Паводле прадстаўніка Сьвятланы Ціханоўскай, пазыцыю Савіных спрабавалі падтрымаць расейскія дэпутаты, якія ўдзельнічалі ў паседжаньні онлайн. Асабліва адзначаўся дэпутат ад ЛДПР Леанід Слуцкі.

«Ён нэрвова рэагаваў на мае словы, што рэфэрэндум — гэта частка пляну калі не аншлюсу, то таго, каб дабіцца разьмяшчэньня вайсковай базы ў Беларусі. У нас была істотная пікіроўка».

Лябедзька дадае, што вострыя пытаньні Савіных пакідаў без адказу. Напрыклад, у яго цікавіліся лёсам пэнсіянэра з Гомельскай вобласьці, які адаслаў у раёнку свае прапановы правак у Канстытуцыю, пасьля чаго быў арыштаваны.

«Савіных казаў, што ў Беларусі няма палітвязьняў, няма гвалту. Я прапанаваў яму спытаць у сваёй жонкі, як яна як чалавек ставіцца да таго, што жанчын па 30 сутак трымаюць на Акрэсьціна, забіраючы ўсё, нават пракладкі».

Лябедзька перакананы, што той працэс канстытуцыйнай рэформы, які цяпер адбываецца ў Беларусі, непатрэбны нікому — ні Лукашэнку, ні апазыцыі, ні грамадзтву.

«Гэта не вырашае палітычны крызіс і запыт на перамены. Усё застаецца бязь зьменаў. Магчыма, толькі Пуцін атрымлівае бонусы, калі Лукашэнка зрабіў для яго магчымасьць знаходжаньня ў Беларусі расейскіх вайсковых базаў. Мы за перамовы ў будучыні зь любымі прадстаўнікамі ўладаў, але зь ясным парадкам дня— спыніць гвалт, вызваліць палітвязьняў і правесьці новыя дэмакратычныя выбары».

На тэлефанаваньні карэспандэнта Свабоды ў тэлеграме Андрэй Савіных не адказаў. У камэнтары для дзяржаўнага тэлеканалу АНТ Андрэй Савіных так ацаніў свой досьвед удзелу ў падобных дыскусіях:

«У мяне была магчымасьць падрабязна, на фактах расказаць, што адбываецца ў Беларусі, як ідзе канстытуцыйны працэс. Я быў зьдзіўлены, маючы размовы ў кулюарах, наяўнасьцю ня толькі недакладнай, але і адкрыта сфальсыфікаванай інфармацыі. Дэпутаты дрэнна ўяўляюць сабе нашы рэаліі, і ім проста трэба пра гэта расказваць, што сёньня было зроблена максымальна аб’ектыўна і спакойна. Апанэнты, якія выступаюць супраць канстытуцыйнага працэсу, шкодзяць уласнай краіне. Іх пазыцыя дэструктыўная, але мы ня будзем зьвяртаць на іх увагу», — сказаў дэпутат.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG