Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 1,5 да 100 тысяч. Колькі расейскіх войскаў можа прыехаць у Беларусь да 10 лютага


Расейская вайсковая тэхніка ў Беларусі

Першых вайскоўцаў з-за ўсходняй мяжы на тэрыторыі Беларусі заўважылі раніцай 18 студзеня, яшчэ да афіцыйнага абвяшчэньня пра пачатак сумесных з Расеяй вучэньняў.

Вайсковыя вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022» пройдуць з 10 па 20 лютага на тэрыторыі пяці палігонаў і трох вайсковых аэрадромаў Беларусі. Удзел у вучэньнях возьмуць беларускія і расейскія вайскоўцы. Ад папярэдніх сумесных беларуска-расейскіх вучэньняў «Саюзная рашучасьць — 2022» адрозьніваецца як нечаканасьцю (пра той жа «Захад» заўсёды было вядома загадзя), так і сакрэтнасьцю. У прыватнасьці, ні расейскае, ні беларускае Мінабароны нават прыблізна не называе колькасьць вайскоўцаў, якія возьмуць удзел у вучэньнях з абодвух бакоў. Спрабуем падлічыць, колькі расейскіх жаўнераў прыедзе ў Беларусь да пачатку вучэньняў 10 лютага.

Тэлеграм-каналы — 200 эшалёнаў

Інфармацыю пра тое, што ў Беларусь плянуюць перавезьці 200 эшалёнаў расейскай вайсковай тэхнікі і жаўнераў, 21 студзеня апублікаваў тэлеграм-канал @belzhd_live, які публікуе навіны беларускай чыгункі. Паводле аўтараў каналу, зьвесткі пра заплянаванае перамяшчэньне такой колькасьці войскаў былі атрыманыя ад апэратараў чыгункі і адпавядаюць распрацаванаму пляну руху цягнікоў. Як сьцьвярджаецца ў допісе, за тры дні з 16 па 21 студзеня ў Беларусь ужо прыбылі 33 эшалёны з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай. Для параўнаньня аўтары допісу прыводзяць зьвесткі, што падчас вучэньняў «Захад 2021» у Беларусь перавезьлі толькі 29 расейскіх вайсковых эшалёнаў. На распаўсюджаную @belzhd_live інфармацыю пра 200 расейскіх вайсковых эшалёнаў адрэагаваў сам Лукашэнка, які паведаміў, што столькі ў Беларусь папросту «ня ўлезе».

Колькі ўвогуле войскаў можа зьмясьціцца ў 200 эшалёнах? Залежыць ад таго, якіх менавіта. Калі лічыць з разьліку 1 эшалён на 1 батальён, то можа атрымацца лічба ад 100 тысяч жаўнераў (зыходзячы з колькасьці жаўнераў у мотастралковым батальёне) да прыкладна 35 тысяч (зыходзячы з колькасьці вайскоўцаў у самых нешматлікіх батальёнах — мэдычных і танкавых).

Для параўнаньня: колькасьць жаўнераў ва Узброеных сілах Беларусі складае прыкладна 45 тысяч чалавек (яшчэ 20 тысяч — цывільныя спэцыялісты). Паводле апублікаваных заходнімі і ўкраінскімі СМІ зьвестак, каля ўсходніх межаў Украіны цяпер сканцэнтравана каля 100 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Агулам у расейскай арміі каля 900 тысяч дзейных жаўнераў.

Іншых пацьверджаньняў таго, што ў Беларусь могуць перакінуць 200 вайсковых эшалёнаў з расейскімі жаўнерамі, няма.

Экспэрт Ягор Лебядок — 1500–2500 вайскоўцаў

Так ацэньвае верагодную колькасьць расейскіх вайскоўцаў, якія прыбудуць у Беларусь для ўдзелу ў «Саюзнай рашучасьці — 2022», вайсковы аналітык Ягор Лебядок.

«Саюзную рашучасьць», як і «Захад 2021», можна лічыць у большай ступені расейскімі вучэньнямі з задзейнічаньнем беларускіх тэрыторый і вайскоўцаў, — піша Ягор Лебядок у сваім тэлеграм-канале. — Можна ацаніць чаканы на «СР22» кантынгент расейскіх войскаў у Беларусі ў дыяпазоне 1500–2500 вайскоўцаў. У кантэксьце неагучанай колькасьці цікава зьяўленьне ў беларускіх тэлеграм-каналах, якія асьвятляюць дзейнасьць Узброеных сіл, паведамленьняў пра тое, што здымкі перамяшчэньняў эшалёнаў нібыта падпадаюць пад крымінальнае злачынства. Верагодна, гэта частка скаардынаваных дзеяньняў па асьвятленьні вучэньняў».

Паводле экспэрта, галоўная асаблівасьць «Саюзнай рашучасьці — 2022» — у сур’ёзным нарошчваньні расейскіх сілаў супрацьпаветранай абароны ў Беларусі. Сярод іншага, прыбываюць дывізіёны С-400 і расейскія зьнішчальнікі Су-35. Экспэрт лічыць, што ключавое пытаньне — тое, ці застануцца расейскія С-400 на мяжы з Украінай пасьля заканчэньня вучэньняў, пра што Лукашэнка ўжо прасіў Пуціна ў верасьні 2021 году. Ягор Лебядок таксама спасылаецца на «Венскі дакумэнт», які юрыдычна абмяжоўвае колькасьць расейскіх вайскоўцаў, якіх можна разьмясьціць на тэрыторыі іншай краіны.

«Венскі дакумэнт 2011 году» — да 13 тысяч

«Венскі дакумэнт 2011 году» — міжнароднае пагадненьне, падпісанае краінамі-ўдзельніцамі АБСЭ для ўмацаваньня даверу і бясьпекі ў рэгіёне. Паводле дамовы, усе краіны АБСЭ абавязваюцца штогод абменьвацца вайсковай інфармацыяй, папярэдне інфармаваць пра правядзеньне вучэньняў, а таксама дапускаць на свае вайсковыя аб’екты замежных інспэктараў. У межах гэтай дамовы, напрыклад, у Беларусь для інспэкцыі стану беларускага войска і ўзбраеньняў рэгулярна прыяжджаюць вайскоўцы Ўкраіны і NATO.

Сярод іншага, «Венскі дакумэнт 2011 году» ўтрымлівае шэраг абмежаваньняў. У тым ліку адносна колькасьці жаўнераў, якія могуць быць задзейнічаныя ў вайсковых вучэньнях на працягу году.

«Ніводная дзяржава-ўдзельніца ня будзе праводзіць адначасова больш за тры мерапрыемствы ваеннай дзейнасьці, якія падлягаюць папярэдняму апавяшчэньню, у кожным зь якіх удзельнічаюць больш за 13 000 чалавек ці 300 баявых танкаў, альбо 500 ББМ ці 300 самаходных і буксаваных артылерыйскіх гармат, мінамётаў і рэактыўных сыстэм залпавага агню (калібру 100 мм і вышэй)», — гаворыцца ў пагадненьні.

Расея, як і Беларусь з Украінай, была адной з краін-падпісантак «Венскага дакумэнту». Адпаведна, расейскае Мінабароны ня можа праводзіць адначасова некалькі вучэньняў з удзелам больш за 13 тысяч жаўнераў у кожным. Улічваючы расейскія манэўры побач з усходняй украінскай мяжой, у Беларусь паводле міжнародных дамоўленасьцяў можна адправіць менавіта 13 тысяч жаўнераў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG