Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя «Адзіная Расея» прапанавала афіцыйна паставіць вайсковую прадукцыю «ДНР» і «ЛНР»


Кіраўнік фракцыі «Адзіная Расея» ў расейскай Дзяржаўнай Думе Ўладзімір Васільеў

Партыя «Адзіная Расея» ініцыявала зварот да расейскага кіраўніцтва з просьбай пачаць пастаўкі вайсковай прадукцыі сэпаратыстам Данбасу.

Пра гэта паведаміў 26 студзеня кіраўнік фракцыі «Адзіная Расея» ў Дзяржаўнай Думе Ўладзімір Васільеў.

«Мы кансультаваліся па гэтым пытаньні і прыйшлі да разуменьня, што ня можам кінуць людзей на волю кіеўскага рэжыму. У сувязі з гэтым мы зьвяртаемся да кіраўніцтва нашай краіны з просьбай аказаць дапамогу Луганскай і Данецкай рэспублікам у выглядзе паставак неабходнай для стрымліваньня агрэсіі вайсковай прадукцыі, а таксама распачаць усе неабходныя захады для гарантаваньня бясьпекі грамадзян», — цытуе «Інтэрфакс» словы Васільева, якія ён сказаў у эфіры тэлеканалу «Россия-24».

Раней ідэю пачаць пастаўкі асобных відаў узбраеньняў так званым Луганскай і Данецкай «народным рэспублікам» выказаў сакратар генэральнай рады «Адзінай Расеі», першы намесьнік старшыні Савету Фэдэрацыі Андрэй Турчак. Ён сказаў, што лічыць такое рашэньне неабходным на фоне «напампоўваньня» Ўкраіны зброяй, якое вядуць краіны NATO, і працы заходніх інструктараў у гэтай краіне.

  • Паводле ацэнак ААН, ад пачатку збройнага канфлікту ў Данбасе і анэксіі Расеяй Крыму ахвярамі баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны паміж урадавымі сіламі гэтай краіны і прарасейскімі сэпаратыстамі сталі звыш 14 тысяч чалавек.
  • Апошнім часам на Захадзе і ў Кіеве растуць асьцярогі наконт меркаванай падрыхтоўкі Расеяй новага ўварваньня на ўкраінскую тэрыторыю. Паводле інфармацыі заходняй выведкі, паблізу межаў з Украінай Расея сканцэнтравала да ста тысяч сваіх вайскоўцаў. Трывогу выклікае і арганізаваная Масквой сэрыя наземных і марскіх вучэньняў, у тым ліку ў Беларусі.
  • Масква сьцьвярджае, што напружанасьць вакол Украіны выклікаюць дзеяньні ЗША і NATO. Расейскія ўлады патрабуюць ад Захаду гарантый бясьпекі, у тым ліку — паабяцаць ніколі не прымаць у NATO Ўкраіну і вывесьці сілы альянсу з краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якія далучыліся да заходняга блёку пасьля «халоднай вайны». У NATO ня раз падкрэсьлівалі, што Ўкраіна мае права самастойна вырашаць, як гарантаваць сваю бясьпеку, і што ў Расеі няма права вэта на прыём у альянс новых чальцоў.
  • 24 студзеня Паўночнаатлянтычны Саюз заявіў, што прывядзе свае сілы ў баявую гатоўнасьць і накіруе дадатковыя караблі і зьнішчальнікі ва Ўсходнюю Эўропу. Расея асудзіла гэтыя рашэньні, назваўшы іх «гістэрыяй». Як піша «Голас Амэрыкі», 26 студзеня шэсьць амэрыканскіх зьнішчальнікаў F-15 прыбылі на авіябазу ў Эстоніі, дзе яны прабудуць паўтара тыдня ў рамках умацаваньня ўсходняга флянгу NATO на фоне абвастрэньня ў адносінах з Расеяй.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
  • 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два з паловай месяцы вайны на фронце загінулі шасьцёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
  • 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
  • Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
  • Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • У ноч на 17 траўня намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр пацьвердзіла пачатак апэрацыі па выратаваньні ўкраінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў пастцы на тэрыторыі «Азоўсталі». Паводле яе слоў, адтуль у лячэбную ўстанову акупаванага Новаазоўска былі эвакуяваныя 53 цяжка параненыя. Яшчэ 211 чалавек былі дастаўленыя ў Аленіўку па гуманітарным калідоры. Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што амаль 1000 украінскіх байцоў на заводзе «здаліся» па стане на 18 траўня. Міжнародны Чырвоны Крыж афіцыйна зарэгістраваў гэтых байцоў у якасьці ваеннапалонных.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG