Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спрэчка палітоляга Вусава і прадстаўніка НАК Праскаловіча: Чаго і як можна дасягнуць на рэфэрэндуме па Канстытуцыі?


Арцём Праскаловіч і Павал Вусаў

Байкот альбо галасаваньне супраць і праекту зьменаў у Канстытуцыю, і старой Канстытуцыі — што і як можа прывесьці да пераменаў? Як можна будзе спраўдзіць вынік народнага волевыяўленьня? Ці можа паўтарыцца ў лютым сёлета жнівень 2020 году?

Наконт гэтых пытаньняў Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium спрачаюцца дырэктар Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу, доктар паліталёгіі Павал Вусаў і прадстаўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Арцём Праскаловіч.

Вусаў

Павал Вусаў
Павал Вусаў
  • Усе разумеюць, што гэты рэфэрэндум нелегітымны і злачынны. Варыянты ўдзелу альбо няўдзелу ў рэфэрэндуме маюць сэнс, калі вядома, што рабіць з вынікамі таго ці іншага варыянту. Вынікі рэфэрэндуму ўсё роўна будуць сфальсыфікаваныя, і мэханізмаў супрацьдзеяньня гэтаму няма.
  • Сёлета грамадзтва ня мае інструмэнтаў супрацьдзеяньня фальсыфікацыям, якія яно мела ў 2020 годзе. Інфраструктура назіраньня, інфармаваньня разбураная, і тэрор будзе нарастаць.
  • Грамадзтва не кансалідаванае ў пытаньні, што рабіць на рэфэрэндуме. Дыскусія наконт байкоту і «двух крыжыкаў» можа прывесьці да далейшага раздрабненьня дэмакратычнай супольнасьці і росту расчараваньня.

Праскаловіч

Арцём Праскаловіч
Арцём Праскаловіч
  • На найбліжэйшыя гады тры гэта апошняя буйная нацыянальная палітычная кампанія. Канстытуцыя, хутчэй за ўсё, будзе прынятая ў выніку сфальсыфікаванага рэфэрэндуму, пачнуць перабудоўваць заканадаўства і органы ўлады. Новыя парлямэнцкія выбары будуць у 2024 годзе, прэзыдэнцкія — у 2025-м.
  • Ігнараваць гэтую кампанію недапушчальна. Дэмакратычныя сілы доўга выпрацоўвалі сваю пазыцыю. Сацыялягічныя дасьледаваньні паказвалі, што каля 45% беларусаў былі гатовыя ўдзельнічаць у рэфэрэндуме і ставіць два крыжыкі, каля 20% апытаных выступалі за байкот.
  • Зараз каля 70% ня хочуць галасаваць ні за новую Канстытуцыю, ні за захаваньне старой. Калі мы зможам даказаць гэтую лічбу, мы дакажам, што рашэньне за новую Канстытуцыю на рэфэрэндуме не было прынятае.
  • Такія вынікі рэфэрэндуму дазволяць заявіць, што ня толькі Лукашэнка, але і ўсе органы, створаныя на падставе новай Канстытуцыі, не зьяўляюцца легітымнымі. «Ніткі», якія зьвязваюць уладу з Захадам і з Расеяй — Нацбанк, урад, ведамствы — будуць усё больш абрывацца. І ўлада трапіць у яшчэ глыбейшую ізаляцыю.
  • Не памыляецца той, хто нічога ня робіць. Высновы пра фальсыфікацыі на выбарах 2020 году былі зробленыя ня толькі на падставе дадзеных «Голасу», але пры дапамозе зьвестак плятформы «Зубар» і ініцыятывы «Честные люди». Яны ўсе былі акумуляваныя, прааналізаваныя паводле пэўнага альгарытму, і атрыманая лічба, зь якой Сьвятлана Ціханоўская выйграла выбары.
  • Магчыма, што за дзень да пачатку датэрміновага галасаваньня ЦВК заявіць, што кожны выбарнік будзе галасаваць у прысутнасьці двух амапаўцаў. Тады нашая схема не спрацуе. Але мы зыходзім з вопыту галасаваньня ў 2020 годзе.
  • Мы маем сваіх людзей у выбарчых камісіях. За мяжой каля 400 тысячаў выбарнікаў. Нават толькі па іх мы атрымаем зьвесткі аб 5% выбарнікаў.
  • Мы не скідаем з рахункаў і тых людзей, якія за байкот. Іх выбар будзе аб’яднаны з выбарам тых, хто прыйдзе на выбарчы ўчастак і паставіць два крыжыкі.

Вусаў

  • Для большасьці беларусаў з 2020 году ўсе дзяржаўныя інстытуты Беларусі нелегітымныя. Улада ўтрымліваецца пры дапамозе рэпрэсіяў і тэрору. Расея ў любым выпадку будзе падтрымліваць рэжым дзеля сваіх інтарэсаў.
  • Выбары 2020 году праводзіліся ва ўмовах «адлігі», дзейнічалі і палітычныя, і грамадзкія інстытуты. Мы тады назіралі разгортваньне сьпіралі рэвалюцыі, людзі былі гатовыя да пратэсту, кампанія мабілізацыі тады адбывалася фактычна 4 месяцы. Гэтага няма сёньня.
  • Я не за байкот і не за ўдзел, я выступаў за кансалідацыю ўсіх рэсурсаў дзеля зрыву гэтага рэфэрэндуму. Лукашэнка хоча паказаць, што большасьць падтрымлівае яго, бо падтрымлівае ягоны праект Канстытуцыі. Гэта перазагрузка легітымнасьці.

Праскаловіч

  • Абʼяднаны штаб распрацоўвае дзеяньні, якія найбольш бясьпечныя. Цяпер не гаворыцца пра тое, каб выбарнікі нейкім адмысловым чынам складалі бюлетэні, каб яны неяк пазначалі сябе.
  • Мы разумеем, што могуць забараніць ужываньне мабільных тэлефонаў, забараніць здымаць. Усё можа быць. Зараз пачынаюць перасьледаваць тых, хто ня ўдзельнічаў у кампаніі 2020 году, але браў удзел у ранейшых палітычных кампаніях.
  • Паставіць два крыжыкі — гэта бясьпечна. Пакуль ніхто ня можа запатрабаваць у вас, каб вы паказалі, як вы прагаласавалі. Ніхто не падстаўляе людзей пад кулі.

Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае

Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?

З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:

  • прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
  • са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
  • вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
  • прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»

Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.

Сярод іх:

  • «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
  • зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
  • прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
  • мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
  • прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.

Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі

  • Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
  • Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
  • Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
  • З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.

«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі

  • Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
  • Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
  • Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG