Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Першае памкненьне было — ехаць у Беларусь». Што рабіць, калі ня можаш прыехаць на пахаваньне блізкага


Ілюстрацыйнае фота

Беларусы сутыкнуліся з масавай хваляй эміграцыі пасьля рэпрэсій, распачатых у 2020 годзе. На радзіме ў іх засталіся бабулі-дзядулі, таты-мамы, дзеці. Новы выклік для беларусаў за мяжой — немагчымасьць правесьці ў апошні шлях блізкага чалавека.

Як даць рады такому досьведу — пра гэта ў матэрыяле Свабоды.

«Вылецелі на апошнім самалёце»

Марыя, як і многія беларускія журналісты, ня мае магчымасьці цяпер жыць і працаваць у Беларусі.

«Мы яшчэ доўга трымаліся ў параўнаньні з калегамі. Паехалі шэсьць месяцаў таму. Думалі, што і не давядзецца ехаць, неяк перасядзім. Але пасьля таго, як на офіс „Белсату“, дзе я працавала на той час, прыйшлі зь ператрусам і затрымалі калег, прыйшло разуменьне, што калі гэта пакуль ня поўная зачыстка, то яе пачатак», — кажа журналістка.

Ёй і мужу (ён таксама недзяржаўны журналіст. — РС) міліцыянты «перадавалі прывітаньне» і прапанову «падкінуць да аэрапорту». 25 траўня 2021 году быў апошні самалёт ва Ўкраіну перад «закрыцьцём неба».

«Ня тое, каб мы хацелі ва Ўкраіну, але атрымалася, што найбліжэйшы самалёт быў да Львова, ён жа быў і апошні туды з Беларусі. Пакуль мы былі за мяжой, у нас дома і ў маіх бацькоў быў ператрус, які ладзіў КДБ. Прычыны ператрусу былі няўцямныя — ці наша датычнасьць да экстрэмізму, ці да тэрарызму. Шукалі выбуховыя рэчывы», — кажа журналістка.

Пасьля Львова яна з мужам і малой дачкой перабраліся ў Вільню.

«Мы ехалі зь Беларусі нібыта ў адпачынак. Але ён зацягнуўся. І маю кампанію, і тую, дзе працаваў мой муж, прызналі экстрэмісцкімі фармаваньнямі. Як мы ўдваіх экстрэмісты, то мусіць, наша дачка — «экстрэмісцкая прадукцыя», — жартуе Марыя.

«Сьмерць таты была раптоўнай»

Дома ў іх засталіся бацькі, сваякі. З бацькамі ў Марыі былі цёплыя, моцныя стасункі. Яны штодзень зьвязваліся праз мэсэнджары. «Было адчуваньне, што мы побач і ўсё, як раней. Але гэта ня так», — зазначыла журналістка.

Сьмерць ейнага бацькі была раптоўнай. Яму быў усяго 61 год, па словах Марыі, ён быў моцным і здаровым чалавекам. «Стала нядобра, выклікалі хуткую дапамогу, на сваіх нагах сеў у яе... Спрабавалі рэанімаваць, але ён памёр. Інфаркт мозгу. Ён пайшоў такім, якім мы яго памяталі», — кажа журналістка.

Стэфанія, дачка Сяргея і Марыі, моцна прывязаная да бабулі і дзядулі. Ёй сем гадоў, пакуль яна ня можа ўсьвядоміць трагедыі — дзе дзядуля, куды ён адышоў і калі вернецца.

«Нанялі фатографа, каб зрабіў здымкі з пахаваньня»

«Першае памкненьне было паехаць у Беларусь. Але мы дарослыя людзі, адказныя і перад сваякамі, і перад дзіцём. Якраз тады затрымалі Ільлю Вайцяховіча, які ехаў у Беларусь на пахаваньне бацькі. Ці стала б лепш каму, каб мяне ці мужа, ці абаіх затрымалі на мяжы? Таму досыць хутка ад гэтай думкі (ехаць у Беларусь) адмовіліся. Ды і мая маці была катэгарычна супраць нашага прыезду. Усе сваякі і сябры разумелі, што сытуацыя нетыповая. Што мы не прыехалі не таму, што не хацелі ці пашкадавалі грошай. Мы нанялі фатографа, каб ён зрабіў для нас здымкі з пахаваньня. У Беларусі раней была такая традыцыя — здымаць пахаваньні. Цяпер яна адышла. Але, пэўна, яна можа аднавіцца ў цяперашніх варунках, калі многія людзі ня змогуць прыехаць на пахаваньне ў Беларусь», — разважае журналістка.

Здымкі былі патрэбны, каб усьвядоміць тое, што адбылося, каб такім чынам саўдзельнічаць, прысутнічаць там, тлумачыць Марыя.

«Усё жыцьцё мы маем пэўныя рытуалы. Мы іх выконваем ня проста так. Рытуалы дазваляюць нам адчуць сябе часткай супольнасьці ці разам перажыць пэўныя моманты. У нас не было магчымасьці ўдзельнічаць у рытуале, у арганізацыі пахаваньня. Таму паўстала пытаньне — што ўвогуле рабіць падчас пахаваньня? Мы сабраліся невялікай купкай і пайшлі ў кавярню. Каб быў нейкі працэс — некуды ісьці, нешта заказаць, успомніць тату. Рэлігія дае адказы, як правесьці гэты час. Напрыклад, адзін са сваякоў пайшоў у мячэць і маліўся. Але мы людзі ня надта рэлігійныя», — кажа Марыя.

«Часам людзі ня ведаюць, як рэагаваць на бяду»

У сваім атачэньні журналістка знайшла падтрымку.

«Людзі пераймаюць заходнія традыцыі — ветліва, з нармальнай дыстанцыяй прапаноўваюць сваю дапамогу — без таго, каб залезьці ў душу. У Беларусі, мне здаецца, з гэтым трохі складаней. Часам людзі ня ведаюць, як рэагаваць на бяду. Таму могуць даслаць SMS са словамі: «Трымайся» ці на другі дзень пасьля пахаваньня блізкага загрузіць чалавека працай з думкай: «Гэтак яму ж будзе лягчэй», — кажа Марыя.

У яе бацькоў быў сабака, якога вельмі любіў тата Марыі (пасьля вымушанай эміграцыі журналістаў бацькі атрымалі ад іх сабаку «ў спадчыну»).

«Цяпер ён, пасьля пахаваньня таты, ходзіць за маці ўсьлед, усюды. Бо спачатку страціў адных гаспадароў — нас, потым займеў новых, і тут тата таксама прапаў. Сабака, мусіць, не разумее, што адбываецца, таму ходзіць за маці і пільнуе, каб хоць яна ня зьнікла. Гэта ўсё жарты, вядома. Але з другога боку, раней чалавек ехаў з роднай вёскі ў „вялікі сьвет“ і часам і ня ведаў, што там са сваякамі, якія засталіся. У нас жа, дзякуючы сучасным сродкам сувязі, эфэкт прысутнасьці, стасункі — на любой адлегласьці, так здаецца. Але цяпер, па сьмерці таты, разумееш, што так, як раней, ужо ня будзе. І ці ёсьць яшчэ тая Беларусь, зь якой мы выяжджалі ў траўні 2021-га?» — разважае Марыя.

«Каб не звар’яцець, я працавала ў гэтыя цяжкія дні»

Кацярына страціла бацьку ўвесну 2021 году. На той момант яна як журналістка не магла ані жыць, ані прыяжджаць у Беларусь да родных людзей.

«Я працавала на праект НЕХТА, гэта было ў публічным доступе. Мяне няславілі на розных праўладных telegram-каналах, пісалі гадасьці пра мяне і пра тое, што я маю крымінальную справу. Ехаць у Беларусь пасьля гэтага было б неабдумана. Асабліва для мяне, асабліва пасьля затрыманьня Рамана Пратасевіча», — тлумачыць дзяўчына.

Яе тата памёр пасьля анкалягічнай хваробы. Кацярына кажа, што ёй было невыносна ад таго, што яна не магла ані быць з татам, калі ён моцна хварэў, ані трымаць яго за руку, ані пабыць на пахаваньні.

«Пахаваньнем займаліся сваякі. Для мяне здымалі пахаваньне... Ён хварэў на рак, потым падчапіў каранавірус. У шпіталі да яго ставіліся не па-чалавечы, хамілі яму, не аказвалі неабходнай дапамогі. Трэба было дабівацца, каб яго забралі ў шпіталь, каб правялі неабходныя мэдыцынскія маніпуляцыі. Вельмі хацелася паехаць і разабрацца з усім на месцы, дапамагчы яму, але я не магла. Было вельмі цяжка. І сябры гаварылі мне, што мяне затрымаюць проста на мяжы, і тата сам адгаворваў мяне», — кажа Кацярына.

Пасьля пахаваньня таты яна мусіла зьвяртацца да псыхоляга па дапамогу. «Каб не звар’яцець, я спрабавала працаваць, нягледзячы ні на што. Каб адцягнуць увагу, я выходзіла на працу, рабіла навіны, працавала з камэрай. Псыхоляг раіла мне не працягваць, паехаць адпачыць, ачуцца. Але ў мяне не было такой магчымасьці. Мне здаецца, усё ж менавіта праца дапамагла мне. Хоць мне хацелася плакаць, але праца дапамагала мне ня думаць шмат пра гэта», — кажа Кацярына.

«Варта правесьці пэрсанальныя рытуалы, разьдзяліць боль зь некім, даць сабе час на гараваньне»

Псыхоляг Ганна падзялілася некалькімі парадамі для тых, хто ня можа прыехаць на пахаваньне ў Беларусь.

«Калі ёсьць такая магчымасьць, то добра было бы сынхранізавацца са сваякамі ў момант пахаваньня. Каб чалавек, які ў смутку, але на адлегласьці, таксама перажываў гэтае разьвітаньне. Напрыклад, маючы пад рукой партрэт ці здымак блізкага чалавека. Можна расказаць блізкаму чалавеку, які памёр, пра свае пачуцьці, перажываньні, выказаць яму, як так атрымалася, што вы не прыехалі. Няважна, што і так усё зразумела, — важна гэта агучыць», — радзіць псыхоляг.

Яна раіць таксама разьдзяліць сваё гора зь некім. «Не перажываць на самоце. Можна напісаць ліст сваёй рукой. Напісаць блізкаму, які адышоў, у лісьце ўсё, што вы хацелі б сказаць, ці тое, што не пасьпелі, як вы цяпер усё ўспрымаеце. Важна зрабіць свой асабісты рытуал, які дапаможа падвесьці рысу, каб адчуць страту. Напрыклад, напісаць ліст і спаліць яго, а попел недзе разьвеяць. Ці пакласьці ліст у бутэльку і кінуць у вадаём, ці закапаць. Важна, каб гэты рытуал, прыдуманы чалавекам, знайшоў унутраны водгук, адпавядаў перакананьням, каштоўнасьцям чалавека», — кажа Ганна.

Яшчэ адзін аспэкт, на якім псыхоляг прапануе засяродзіцца: зрабіць нешта добрае ў памяць аб блізкім чалавеку.

«Гэта тое, на што можна будзе ў будучыні абапірацца як на рэсурс. Але трэба памятаць, што гараваньне — складаны працэс, расьцягнуты ў часе. І на гэты працэс варта абавязкова выдзеліць час. Звычайна самы складаны пэрыяд — гэта год. Але ва ўсіх індывідуальна. Гэта залежыць ад таго, якая ступень блізкасьці была з чалавекам, якая псыхіка ў чалавека, які страціў блізкага, чым яна перагружана. Шмат аспэктаў, якія будуць уплываць на глыбіню і працягласьць гараваньня. У гэты пэрыяд варта наўмысна ісьці на тое, каб зьнізіць нагрузку на сябе, клапаціцца пра сябе, вызваліць час на перажываньні, не старацца іх выціснуць. Але каб не было перакосу, калі чалавек ці ўвесь час нечым займае сябе, каб ня думаць пра гора, ці ўвесь цалкам аддаецца перажываньням», — раіць псыхоляг.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG