Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн заявіў аб магчымасьці адпраўкі амэрыканскіх вайскоўцаў у краіны Ўсходняй Эўропы


Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн правёў віртуальную сустрэчу з ключавымі эўрапейскімі лідэрамі, прысьвечаную пагрозе расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, на якой заявіў, што разглядае магчымасьць адпраўкі некалькіх тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў у краіны Балтыі і Ўсходняй Эўропы.

«У мяне прайшла вельмі-вельмі добрая сустрэча: поўная аднадушнасьць з усімі эўрапейскімі лідэрамі», — заявіў Байдэн журналістам пасьля відэаканфэрэнцыі вечарам 24 студзеня зь лідэрамі саюзьнікаў з Эўропы, ЭЗ і NATO.

У відэаканфэрэнцыі, акрамя Байдэна, удзельнічалі канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэм’ер-міністар Італіі Марыё Драгі, прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан, генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг, кіраўніца Эўракамісіі Урсуля фон дэр Ляен і старшыня Эўрапейскай рады Шарль Мішэль.

Байдэн яшчэ не вырашыў, ці варта перамясьціць амэрыканскую вайсковую тэхніку і асабовы склад бліжэй да Расеі. Аднак прэс-сакратар Белага дома Джэн Псакі перад сустрэчай Байдэна з эўрапейскімі афіцыйнымі асобамі заявіла, што ЗША «заўсёды гаварылі, што яны будуць падтрымліваць саюзьнікаў на ўсходнім флянгу».

Міністар абароны ЗША Лойд Остын прывёў 8500 амэрыканскіх вайскоўцаў у стан павышанай гатоўнасьці да адпраўкі ва Ўсходнюю Эўропу, дзе большасьць зь іх могуць быць задзейнічаныя ў складзе сіл рэагаваньня NATO ў выпадку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

«Цалкам зразумела, што расейскі бок зараз ня мае намеру ісьці на дээскаляцыю, — заявіў журналістам прэс-сакратар Пэнтагону Джон Кірбі. — Аднак гаворка ідзе пра тое, каб супакоіць нашых саюзьнікаў у NATO».

Пасьля сустрэчы Белы дом апублікаваў заяву, у якой гаворыцца: «Лідэры таксама абмеркавалі сумесныя намаганьні ў стрымліваньні далейшай расейскай агрэсіі ў дачыненьні да Ўкраіны, у тым ліку падрыхтоўку да маштабных наступстваў і сурʼёзных эканамічных выдаткаў для Расеі за такія дзеяньні, а таксама па ўмацаваньні бясьпекі на ўсходнім флянгу NATO».

Байдэн выключыў адпраўку войскаў ва Ўкраіну, калі Расея ўварвецца ў былую савецкую рэспубліку, але паабяцаў апэратыўна ўвесьці жорсткія эканамічныя санкцыі супраць Масквы.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
  • 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два з паловай месяцы вайны на фронце загінулі шасьцёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
  • 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
  • Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
  • Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • У ноч на 17 траўня намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр пацьвердзіла пачатак апэрацыі па выратаваньні ўкраінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў пастцы на тэрыторыі «Азоўсталі». Паводле яе слоў, адтуль у лячэбную ўстанову акупаванага Новаазоўска былі эвакуяваныя 53 цяжка параненыя. Яшчэ 211 чалавек былі дастаўленыя ў Аленіўку па гуманітарным калідоры. Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што амаль 1000 украінскіх байцоў на заводзе «здаліся» па стане на 18 траўня. Міжнародны Чырвоны Крыж афіцыйна зарэгістраваў гэтых байцоў у якасьці ваеннапалонных.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG