Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кадыраў паставіў на мяне нагу і загадаў зьлізаць кроў з падлогі». Браты Янгулбаевы, чыю маці выкралі, — пра катаваньні ў Чачні


Cыны выкрадзенай чачэнскімі сілавікамі Зарэмы Мусаевай, Ібрагім і Байсангур (зьлева).

20 студзеня невядомыя, якія прадставіліся супрацоўнікамі паліцыі, уварваліся ў кватэру судзьдзі Вярхоўнага суду Чачні ў адстаўцы Сайдзі Янгулбаева ў Ніжнім Ноўгарадзе. Між сабой нападнікі гаварылі па-чачэнску.

Яны паказалі пастанову аб прыводзе Сайдзі Янгулбаева і яго жонкі Зарэмы Мусаевай у якасьці сьведак па крымінальнай справе аб махлярстве. Сайдзі ў выніку не кранулі, бо ён мае судзейскую недатыкальнасьць, а вось яго жонку павезьлі невядома куды.

Толькі празь нейкі час спадарыня Мусаева знайшлася ў Грозным. Яе арыштавалі на 15 сутак нібыта за напад на паліцэйскага.

Сын Мусаевай Абубакар працаваў юрыстам у Камітэце супраць катаваньняў. Іншы сын, Ібрагім, — вядомы ў Чачні апазыцыйны блогер.

Кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі Рамзан Кадыраў абвінавачвае сям’ю Янгулбаевых у датычнасьці да тэлеграм-каналу «1adat», дзе крытыкуюць выкраданьні людзей і катаваньні ў Чачні. «Гэтую сямейку чакае месца ці ў турме, ці пад зямлёй», — напісаў Кадыраў.

З сынамі Зарэмы Мусаевай Ібрагімам і Байсангурам Свабода пагаварыла ў Вільні, дзе ўжо год таму знайшлі прытулак браты.

— Што адбылося з вашай мамай?

Ібрагім: Гэта тэрарызм у чыстым выглядзе. Нашу маму выкралі ўзброеныя да зубоў людзі, кадыраўцы. Яна нават не спрабавалі спраўдзіць яе асобу, не забіралі пашпарт. Проста зайшлі, выкралі і павезьлі ў Чачню. Адзін псэўдаправаабаронца апублікаваў відэа, што з маці ўсё добра. Больш ніякай інфармацыі мы ня маем.

Байсангур: У бацькі дзейны статус недатыкальнасьці. Няважна, ці ён адзін у кватэры, ці там многа людзей, яны ня могуць туды ўламіцца і нешта рабіць безь яго згоды. Ва ўнівэрсытэтах вучаць, што ў Расеі ёсьць тры галіны ўлады: заканадаўчая, выканаўчая і судовая. Дык на судовую яны проста наплявалі. Яны парушылі і Канстытуцыю, і фундамэнт усяго заканадаўства.

Ібрагім
Ібрагім

— Чаму гэтае выкраданьне адбылося?

Ібрагім: Гэта доўгая гісторыя. Канфлікт Кадырава з нашай сям’ёй пачаўся ў 2015 годзе. Я ў 2014 годзе пачаў сваю грамадзка-палітычную дзейнасьць. Расказваў пра катаваньні, пра выкраданьні людзей у Чачні. Ствараў групы «ЎКантакце», у Фэйсбуку, Ютубе. Гэта быў такі міні-апазыцыйны рух у Чачні. Прычым усё гэта я рабіў публічна.

У адзін момант, у лістападзе 2015 году, мяне, бацьку і старэйшага брата Абубакара выкрадаюць. Да нас у дом уварваліся ўзброеныя людзі ў масках. На чале іх быў начальнік паліцыі Грознага Магамэд Дашаеў і блізкі сябра Кадырава Абушайх Вісмурадаў.

Байсангур: Каб вы разумелі, яны ня проста былі ў масках. Некаторыя забыліся зьняць шаўроны, дык яны пры мне, 15-гадовым пацану, іх зрывалі зь сябе, нават непаўналетняга кадыраўцы баяліся.

Байсангур
Байсангур

— Што было пасьля?

Ібрагім: Вялікім картэжам мы паехалі ў рэзыдэнцыю Кадырава. Нас там сустракаў старшыня чачэнскага парлямэнту Магамэд Даудаў. Мы падняліся на другі паверх, там было мноства самых розных чыноўнікаў — з МУС, сьледчых органаў, нават бізнэсмэн Байсараў быў. І сталі абмяркоўваць маю дзейнасьць.

Пытаюцца: ты гэта робіш? Кажу, што так. Рамзан Кадыраў злаваўся, што я не схіліўся перад ім і ня стаў выбачацца. Гэта яго вельмі раздражняла. Бацьку казаў, каб ён мяне пабіў. Зразумела, што бацька адмовіўся, а наадварот, стаў на мой бок. Іх з братамі яны таксама пабілі.

— Ці праўда, што вас біў асабіста Кадыраў?

Ібрагім: У 2015 годзе ў мяне быў вельмі папулярны допіс у сацыяльных сетках, які добра разышоўся па Чачні. Я там заклікаў Кадырава, каб ён не катаваў людзей, казаў, калі Пуцін сыдзе, то Кадыраў ня зможа сысьці з Чачні жывым, што яго пакарае ўласны народ.

Кадыраў прачытаў мне гэты пост цалкам, а потым падыходзіць твар у твар і пытаецца: «Гэта ты напісаў?» — «Так, гэта я напісаў», — кажу ў адказ. Яго гэта моцна злавала.

Байсангур: Мы ж бачым, што ён хоча, каб зь ім размаўлялі з апушчанай галавой, каб нічога не адказвалі. А тут нейкія людзі нават агрызаюцца.

Ібрагім: Мне зачыталі яшчэ адзін пост, дзе мы сьцябаліся з кадыраўцаў, што нас спансуюць масоны, Дзярждэп, а самі жывём у Ізраілі. А напрыканцы напісалі: «Выпускайце Кракена» — гэта васьміног зь «Піратаў Карыбскага мора». Вы толькі ўявіце сабе, герой Расеі Даудаў зачытвае гэты допіс, а герой Расеі Кадыраў на сур’ёзе кажа: «Праверце іх сувязі з масонамі і што за зброя такая — „кракен“». Я засьмяяўся, вядома. Тады і быў першы ўдар ад кіраўніка кадыраўскай адміністрацыі Вахі Ўсмаева.

Потым мяне білі ўсім натоўпам. Мне зламалі нос, ён быў як жэле, кроў не спынялася, уся падлога была залітая маёй крывёй. І Кадыраў, паставіўшы нагу на мяне, казаў, каб я зьлізаў гэтую кроў. Натуральна, я такога не рабіў.

Байсангур: Маленькі дадатак. Кадыраў як ахоўнік Карану ведае, што ў нас у рэлігіі забараняецца спажываць кроў. І ведаючы гэта, ён такое казаў.

Ібрагім: Кадыраў біў мяне поліпрапіленавай трубой. Калі стамляўся, то перадаваў іншаму. Білі фактычна да страты прытомнасьці. Потым Кадыраў кажа: «Хопіць». Але бізнэсмэн Байсараў, былы муж Крысьціны Арбакайце, кажа: «Ды ён сымулюе».

— Што з вамі зрабілі пасьля?

Ібрагім: Мяне адвезьлі ў САХР «Церак», дзе катавалі токам. Цягам месяца мяне дапытвалі і пэрыядычна катавалі. У выніку мяне пратрымалі ў зьняволеньні паўгода. Вызвалілі ў траўні 2016-га.

Гэта быў чысты палон. Ніхто нават ня ведаў, ці жывы я, ці ўжо памёр. Ніхто не даваў пра мяне інфармацыі.

Байсангур: Калі Ібрагіма забралі, то бацьку, дзейнаму вярхоўнаму судзьдзі, кажуць: або ты сыходзіш з пасады сам, або мы і астатніх тваіх дзяцей забяром, а потым заб’ём. Бо фармальна ні Пуцін, ні Кадыраў яго адставіць не маглі. Калі бацька быў дзейным судзьдзём, то недатыкальнасьць распаўсюджвалася і на ўсю сям’ю. Бацька хацеў потым вярнуцца на пасаду, але яму не далі.

— Яны хацелі ад вас, Ібрагім, пакаяльнага відэа?

Ібрагім: Так, яны дабіваліся, каб прыніжаўся і выбачаўся.

Калі ў 2016 годзе я выйшаў на волю, то на наступны дзень узяў сім-карту, зьвязаўся з камандай і працягнуў працу, знаходзячыся ў Чачні. У 2017-м мяне зноў выкрадаюць, катуюць. На мяне фабрыкуюць афіцыйна крымінальную справу за распальваньне нянавісьці, перад гэтым асудзіўшы на 15 сутак.

На першым жа судзе па меры стрыманьня я сказаў, што мяне катавалі, як гэта рабілі і дзе. У 2017-м сям’я зьехала з Чачні. На мяне ціснулі, каб я добраахвотна ва ўсім прызнаўся. Паколькі справа займела вельмі гучны рэзананс, то проста забіць мяне ў турме не маглі.

Потым Пуцін часткова дэкрыміналізуе той артыкул КК, таму мяне былі вымушаныя зноў адпусьціць на волю. У студзені 2019-га мяне вызвалілі, я адседзеў паўтара года. Мяне адразу ж эвакуавалі з Чачні.

— Як вас катавалі?

Ібрагім: Раскажу, што было са мной. Мяне катавалі прамым токам, то бок драты намотваюць на пальцы і вілку ўстаўляюць у разэтку. Ёсьць у іх апарат, які выпрацоўвае ток, ім таксама катавалі. Білі шмат разоў. Душылі, засоўвалі кляп у рот. Білі па нырках, падвешвалі. Што маглі рабіць, тое рабілі.

Быў сьмешны выпадак, калі перада мной паставілі кампутар, каб я зьняў пароль і паказаў перапіскі. Усе былі такія задаволеныя, што столькі людзей знойдуць. У мяне на той момант быў Windows Phone, і яны ня ведалі, як ім карыстацца. Даюць мне яго, каб узнавіў старонку «ЎКантакце», а яны радасна там мітусяцца. Узнавіць старонку — гэта пару сэкундаў, а мне даюць нашмат больш. І за гэты час я спакойна ачысьціў астаткі перапісак. Я аддаю тэлефон, яны на радасьцях у ім корпаюцца, і ў гэты момант я чышчу ўжо кампутар.

Калі чалавек трапляе ім у рукі, то галоўнае — не панікаваць, заставацца з халоднай галавой. Я ўсе гэтыя моманты ў сябе ў галаве пракручваў, таму быў гатовы да ўсяго.

Байсангур: Калі Ібрагіма другі раз забіралі, то яго адзін раз прывезьлі дамоў па рэчы. У выкрадзеных людзей на твары бывае пару драпін, але ўсе пабоі хаваюцца пад адзеньнем. Калі Ібрагім распрануўся, то ў яго ўся сьпіна і ногі былі сінія.

Ібрагім: Калі яны ўжо бачылі, што нічога ад мяне ня могуць дабіцца, то пайшлі на скрайнюю меру. Зрабілі ў гаражы ямку, якую залілі вадой, перакрылі маё дыханьне, падлучылі драты з токам да вушэй, паклалі мяне ў ваду, уключалі ток, а зьверху яшчэ білі трубкамі. У той момант я нічога ня цяміў, мае мазгі варылі. Я нават не адчуваў таго болю. Я думаў пра хутчэйшую сьмерць, каб спынілася гэтае пекла. Мяне катавалі да таго моманту, пакуль я не адрубіўся. Гэта адбывалася некалькі гадзін.

— Наколькі часта ў Чачні выкрадаюць людзей?

Ібрагім: На гэтую тэму я б мог напісаць доктарскую, бо я ня проста сядзеў, але і вывучаў дадзеную сыстэму знутры. Я чуў іх унутраныя размовы. У кадыраўцаў ёсьць плян па выкраданьнях. Напрыклад, чалавек выпіў гарэлкі — яго выкрадаюць і фабрыкуюць справу па наркотыках. Людзі нічога кепскага ня робяць, але кадыраўцам патрэбная любая нагода.

Выкраданьні адбываюцца штодня. Гэта канвэер. Я на свае вочы бачыў, як яны катавалі цяжарную дзяўчыну. Я бачыў як у іншай дзяўчыны ад катаваньняў пачалася дыярэя, як бы гэта непрыгожа ні гучала. Катавалі старых, утрымлівалі непаўналетніх дзяцей.

Характэрны момант: чалавеку, які мяне катаваў, тэлефануе жонка, ён зь ёй размаўляе, зь дзецьмі, выключае тэлефон і працягвае мяне катаваць.

Байсангур: І гэта толькі ў адным падвале, а іх там шмат.

Ібрагім: Не адзін Кадыраў вінаваты ў тым канцлягеры, які адбываецца ў Чачні. Вінаваты і Пуцін, і расейская ўлада. Гэта не разборкі чачэнцаў з чачэнцамі. Кадыраў — гэта прадстаўнік акупантаў. Расея акупавала Чачню, як ідзе вайна з 1990-х гадоў, гэтак і працягваецца. Кадыраў — гэта герой Расеі, Даудаў — герой Расеі. Яны не героі Чачні, а Расеі. Яны расейскія чыноўнікі. Усё, што адбываецца ў Чачні, адбываецца з дазволу Пуціна.

— Ці шмат людзей у Чачні падтрымліваюць Кадырава пры такой палітыцы?

Ібрагім: У яго ёсьць падтрымка крамлёўскімі грашыма. Ніводзін сапраўдны чачэнец не падтрымлівае яго, нават кадыраўцы яго не падтрымліваюць. Яны працуюць выключна дзеля грошай.

Калі Пуцін спыніць выдачу грошай хаця б на месяц, то пачнуцца ўнутраныя разборкі. Ім пляваць на расейскую ўладу, на чачэнскі народ, іх цікавяць выключна грошы.

Да мяне часта падыходзілі з пытаньнямі: «Навошта табе гэта? Жыві-кайфуй. Плюй на гэтую расейскую ўладу. У цябе ж бацька вярхоўны судзьдзя».

— А навошта вам гэта трэба?

Байсангур: Бо катуюць наш народ. Мы ня хочам быць ні ахвярамі, ні катамі.

Ібрагім: Супрацоўнікі казалі: «Ну ты ж нармальна жывеш, канчаў юрыдычны». Але я не хачу жыць у тым грамадзтве, дзе выкрадаюць майго суседа, дзе прыцясьняюць мой народ. Як тут можна атрымліваць асалоду ад жыцьця? Я ж ня вырадак маральны.

— Вам ня страшна?

Ібрагім: Мне нават у Чачні не было страшна. Я буду ісьці да канца. Хай Кадыраў выкрадзе хоць усіх маіх сваякоў, але ён мяне ня спыніць. Калі ў мяне будзе нават адна сэкунда магчымасьці пабыць свабодным чалавекам, то я буду гэтага дабівацца. Я не хачу прыніжанага, бутэлечнага жыцьця.

Байсангур: Як сказаў наш бацька нядаўна: «Мы адзін раз жывём і адзін раз памром. Дык чаго нам баяцца?». Мы можам усё прыняць з гонарам. Або стаць здраднікамі свайго народу, як кадыраўцы.

— Ці сочыце вы за падзеямі ў Беларусі? Вам не падаецца, што шмат агульнага ў сытуацыях?

Ібрагім: Мы сочым. Там адбываюцца зьверствы, але параўноўваць няправільна. Лукашэнка таксама катуе беларусаў за іх жаданьне яго прыбраць. Было б добра, каб беларусы працягнулі далей сваё змаганьне. Але Беларусь — гэта асобная дзяржава, а Чачня — не. У гэтым розьніца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG