Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк: «Пад траскатню пра расейска-ўкраінскую вайну адбылася акупацыя Беларусі»


Зянон Пазьняк

На думку Зянона Пазьняка, пагроза Ўкраіне — манэўр Расеі для адцягненьня міжнароднай увагі ад анэксіі Беларусі.

Старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі Зянон Пазьняк у інтэрвію Радыё Рацыя адказаў на шэраг актуальных пытаньняў беларускага і міжнароднага парадку дня.

Адносна закліку дэмакратычных сілаў пайсьці на рэфэрэндум 27 лютага і сапсаваць бюлетэні Пазьняк сказаў:

«У рэфэрэндуме ня трэба прымаць удзел. Ад таго, будзе хто прымаць удзел, ці ня будзе — нічога не пераменіцца. Існуе фальсыфікацыйная машына, яна добра адладжана. Там няма ніякіх законаў, ніякай маралі. Яна будзе дзейнічаць так, як захоча гэты рэжым. Ня трэба хадзіць. Н трэба рабіць бачнасьць, што сур’ёзна адносяцца да гэтага самазванца. Ня трэба яму ствараць бачнасць легітымнасці. Хай ён вырашае сам як захоча. А як ён захоча, так і вырашыць. Гэта ня будзе мець ніякага значэньня. Трэба прадэманстраваць непадтрымку гэтаму рэжыму... Для фальсыфікацыйнай машыны галасаваньня трэба толькі адно — каб людзі прыйшлі на ўчасткі. Ня мае значэньня, як яны будуць галасаваць. Астатняе робіць машына. Гэтая тэхніка пацьверджана ўжо 20 гадоў. Таму тыя, якія робяць выгляд, што не разумеюць, і пачынаюць заклікаць, яны працуюць не на беларускі народ, не на Беларусь, а працуюць на Маскву і на рэжым. Таму гэтага рабіць ня трэба, катэгарычна. Гэта проста неразумна».

Пра прапанаваныя ў праекце канстытуцыі зьмены, у тым ліку выключэньне артыкулаў пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву нэўтральнай:

«Гэта галоўныя аспэкты, дзеля якіх Масква хоча, каб адбыўся гэты рэфэрэндум. Дзеля акупацыі ім важна, каб не было ніякіх фармальнасьцяў, якія супярэчаць, і таму для іх важна, каб не было ў Канстытуцыі пытаньня пра нэўтралітэт, а калі адбудзецца акупацыя, важна сюды завезьці ядзерную зброю, каб зрабіць Беларусь пляцдармам, зь якога можна будзе пачаць вайну і па якім удараць. Таму гэта вельмі брыдкая, гнюсная маскоўская палітыка, якая выглядае такім чынам, як быццам незаўважна гэтыя два аспэкты знесці. А гэтае ёсьць самае важнае».

Пра верагоднасьць расейска-ўкраінскай вайны:

«Я думаю, што на найбліжэйшы час верагоднасьць невялікая. Я лічу, што гэта адцягнены манэўр, на які клюнуў увесь Захад, а рэальнасьць такая — пад гэтую траскатню пра ўкраінска-расейскую вайну адбылася акупацыя Беларусі. Уведзенае войска. Працэс гэты працягваецца. Павінны прыехаць сюды 200 цягнікоў па 50 вагонаў. Гэта ў сярэднім будзе 80-100 тысяч жывой сілы. Плюс уся тэхніка. Прапісана ўсё, што яны будуць рабіць. Гэта адпрацоўка аховы дзяржаўных прадпрыемстваў — заводаў, устаноў і г. д. Прапісаны ўвесь плян акупацыі. І такім чынам пад траскатню аб небясьпецы Ўкраіне, адбылася акупацыя Беларусі. Гэты стратэгічны балкон ужо ў руках Пуціна. І NATO не разумее, што адбылося. Адбылася акупацыя Беларусі. І, канешне, гэтае войска застанецца надоўга. Гэта пагроза Ўкраіне, гэта пагроза Польшчы. І можа адбыцца калініградзкі калідор. Гэта пытаньне паўдня. Вось што адбываецца. І чаго абсалютна не разумее Захад і NATO».

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
  • 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два з паловай месяцы вайны на фронце загінулі шасьцёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
  • 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
  • Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
  • Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • У ноч на 17 траўня намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр пацьвердзіла пачатак апэрацыі па выратаваньні ўкраінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў пастцы на тэрыторыі «Азоўсталі». Паводле яе слоў, адтуль у лячэбную ўстанову акупаванага Новаазоўска былі эвакуяваныя 53 цяжка параненыя. Яшчэ 211 чалавек былі дастаўленыя ў Аленіўку па гуманітарным калідоры. Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што амаль 1000 украінскіх байцоў на заводзе «здаліся» па стане на 18 траўня. Міжнародны Чырвоны Крыж афіцыйна зарэгістраваў гэтых байцоў у якасьці ваеннапалонных.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG