Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу: выйшаў на волю дырэктар ДК, які бараніў дубы; сэрыя затрыманьняў у Ашмянах, Пружанах і Менску


Аляксандар Дзямчук

Перасьлед беларусаў з боку ўлады працягваецца нават на выходных. Затрымліваюць за налепкі, крытыку Лукашэнкі, абарону прыроды.

На волю выйшаў дырэктар ДК, які бараніў дубы

Пасьля 30 сутак арышту выйшаў на волю дырэктар Дома культуры ў Ахове Аляксандар Дзямчук, які абараняў ад зьнішчэньня 300-гадовыя дубы. На працягу мінулага году Дзямчук зь вяскоўцамі-аднадумцамі дабіваўся захаваньня 300-гадовых дубоў на ахоўскіх могілках. Але іх прызналі аварыйнымі і зрэзалі.

22 сьнежня, калі справа дайшла да ліквідацыі, Дзямчук паспрабаваў перашкодзіць камунальнікам, за што яго і затрымалі. Пазьней яму двойчы прысуджалі па 15 сутак арышту і звольнілі з пасады дырэктара Дома культуры.

Сэрыя затрыманьняў за налепкі і «абразу Лукашэнкі» 19-22 студзеня

19 студзеня ў Высокім затрымалі Андрэя Дубіну. Як кажуць крыніцы, затрыманьне адбылося пасьля абмеркаваньня зьменаў у канстытуцыю на прадпрыемстве «Высокаўскае ДРСУ-137». Па словах сьведак, Андрэй выказаў прапанову па Канстытуцыі: «каб прэзыдэнт мог займаць пасаду ня больш за два тэрміны, і каб вусатым і лысым забараніць удзельнічаць у выбарах». Цяпер яго абвінавачваюць у абразе прэзыдэнта па арт. 368 КК.

У гэты ж дзень у Ашмянах у межах крымінальнай справы па арт. 368 КК (абраза прэзыдэнта) затрыманы Ягор Багдзевіч, піша «Вясна».

Таксама 19 студзеня ў Пружанах затрымалі Тацяну Пуцік. Яе зьмясьцілі ў пружанскі ІЧУ.

У Менску ў гэты дзень затрымалі Міхаіла Тумчонка і Георгія Шэнько.

20 студзеня ў сталіцы затрымалі Тацяну Пархоменку, а таксама Яну Савіцкую. Прычыны і абставіны затрыманьня жанчын пакуль невядомыя.

21 студзеня ў Гомлі затрымалі Аляксея Гайшуна. Яго зьмясьцілі ў ІЧУ. Раней яго затрымлівалі па адміністрацыйнай справе і цягам году выклікалі на «прафіляктычныя гутаркі». 21 студзеня ў Аляксея дома правялі ператрус. Пасьля затрыманьня Гайшуна ягонай жонцы паведамілі, што мужу зьмянілі працэсуальны статус са сьведкі на падазраванага, але крымінальны артыкул пакуль невядомы.

Таксама 21 студзеня ў Менску быў затрыманы Артур Курэц, прычына няясная. На наступны дзень у цэнтры сталіцы затрымалі Андрэя Грыцэвіча. Прычына затрыманьня — налепка на аўто «3%». Пасьля Ленінскага РУУС Менска яго зьмясьцілі ў ІЧУ на Акрэсьціна. Над ім чакаецца суд.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG