Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрыст Гары Паганяйла скардзіцца ў Вярхоўны суд на ўказ аб правядзеньні рэфэрэндуму


Гары Паганяйла. Архіўнае фота

Юрыст Гары Паганяйла зьвярнуўся ў Вярхоўны суд са скаргай на выданьне Аляксандрам Лукашэнкам указу № 14 аб прызначэньні рэфэрэндуму аб зьмене Канстытуцыі.

Паганяйла адзначыў, што ўказ выдадзены асобай, якая ня мае на тое неабходных паўнамоцтваў. Ён кажа, што працэдура выбараў кіраўніка дзяржавы ў 2020 годзе «не была завершаная ў сувязі з адмовай Вярхоўнага суду ў разглядзе скаргаў кандыдатаў у прэзыдэнты на рашэньні Цэнтрвыбаркаму».

Юрыст нагадаў, што пасьля выбараў кандыдаты Андрэй Дзьмітрыеў, Ганна Канапацкая і Сьвятлана Ціханоўская зьвярнуліся ў ЦВК са скаргамі на яго рашэньне прызнаць Лукашэнку абраным прэзыдэнтам Беларусі. Калі ЦВК адхіліла скаргі, яны паспрабавалі аспрэчыць рашэньне ў Вярхоўным судзе, але суд адмовіўся пачынаць справу.

«Між тым, права падаць скаргу аб прызнаньні выбараў несапраўднымі належыць кандыдатам у прэзыдэнты, а адпаведнае рашэньне Цэнтральнай камісіі можа быць абскарджанае ў Вярхоўным судзе на працягу 10 дзён (арт. 79 Выбарчага кодэксу). Такім чынам, адзін з устаноўленых законам суб'ектаў па аспрэчваньні вынікаў выбараў, прызнаньні іх несапраўднымі адмовіў кандыдатам у іх праве на правасудзьдзе».

Паколькі абавязковыя працэдуры па аспрэчваньні вынікаў выбараў не былі выкананыя, «прыняцьце А.Р.Лукашэнкам прысягі, уступленьне яго на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь нельга прызнаць адпаведнымі Канстытуцыі і прынятымі ў адпаведнасьці з ёй актамі заканадаўства», – гаворыцца ў скарзе.

«У сілу выкладзеных абставін выдадзены ўказ № 14 асобай, не надзеленай адпаведнымі паўнамоцтвамі ва ўстаноўленым законам парадку, зьяўляецца юрыдычна нікчэмнай, гэта значыць не падлягае выкананьню», – падкрэсьліў юрыст.

Ён просіць Вярхоўны суд адкрыць на падставе яго скаргі грамадзянскую справу і «вынесьці рашэньне, якім прызнаць дзеяньні, якія абскарджваюцца, неправамернымі».

  • Гары Паганяйла зьяўляецца старшынём юрыдычнай камісіі Беларускага Гэльсынскага камітэту, а таксама ўпаўнаважаным у правах чалавека пры офісе Сьвятланы Ціханоўскай.
  • 20 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб тым, што канстытуцыйны рэфэрэндум пройдзе 27 лютага 2022 году. Пытаньне рэфэрэндуму: «Ці прымаеце вы зьмены і дапаўненьні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?»

Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае

Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?

З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:

  • прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
  • са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
  • вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
  • прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»

Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.

Сярод іх:

  • «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
  • зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
  • прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
  • мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
  • прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.

Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі

  • Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
  • Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
  • Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
  • З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.

«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі

  • Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
  • Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
  • Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG