Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму патрэбны рэфэрэндум, які непатрэбны Лукашэнку? Дыскусія экспэртаў


Чаму рэфэрэндум па папраўках у Канстытуцыю быў усё ж прызначаны, нягледзячы на падзеі ў Казахстане? Што можа зрабіць грамадзтва на рэфэрэндуме? Ці зьвязаны канстытуцыйны рэфэрэндум і беларуска-расейскія вучэньні?

Гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч

  • Былі сумневы, ці адбудзецца ў бліжэйшы час рэфэрэндум. Казахстанскія падзеі не былі вырашальнай прычынай. Канстытуцыйная рэформа была складнікам транзыту ўлады праз датэрміновыя выбары. Але напярэдадні Новага году Лукашэнка заявіў, што ад транзыту ўлады адмаўляецца прынамсі да 2025 году.
  • Тады ідэя рэфэрэндуму падвісла. Атрымліваецца, што новая Канстытуцыя з абмежаванымі паўнамоцтвамі прэзыдэнта — яна не для новага прэзыдэнта, а для Лукашэнкі. І таму прыдумалі схему, што дзейны прэзыдэнт можа быць адначасова і старшынём УНС.
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
  • Фактычна Канстытуцыя забараняе іншадумства. Калі чалавек не падзяляе ідэалёгію дзяржавы, то ён парушае Канстытуцыю і яго за гэта трэба караць. Гэта ў краіне і адбываецца. Гэтак жа і ў СССР было. У брэжнеўскай Канстытуцыі было запісана, што грамадзянскія і палітычныя правы гарантуюцца «ў мэтах умацаваньня і разьвіцьця сацыялістычнага ладу». Гэта элемэнт таталітарнай краіны.
  • Улады нават не абцяжарылі сябе імітацыяй усенароднага абмеркаваньня праекту Канстытуцыі. Народу нібыта кажуць — гэта ня вашая справа, начальству відней.
  • Лукашэнка заявіў, што яму гэтая новая Канстытуцыя і непатрэбная. Але я выключаю варыянт, што паводле афіцыйных вынікаў рэфэрэндуму большасьць прагаласуе супраць праекту. Гэта будзе моцны ўдар па яго легітымнасьці. Стандартна абвесьцяць, што прыйшло на выбары 80%, а зь іх 80% падтрымалі прапанаваны праект.
  • Я мяркую, што беларуска-расейскія вучэньні і канстытуцыйны рэфэрэндум ня надта зьвязаныя паміж сабой. Гэтыя вучэньні трэба разглядаць у кантэксьце абвастрэньня адносінаў Расеі (і Беларусі) з Захадам і Ўкраінай, яны — элемэнт тролінгу, запалохваньня Захаду і Ўкраіны. Згода на вучэньні — гэта плата Лукашэнкі за тое, што Пуцін не настойвае на транзыце ўлады ў Беларусі.

Цыганкоў

  • Папраўкі, якія ўнесьлі па выніках абмеркаваньня, былі пераважна абсалютна неістотныя, касмэтычныя.
  • У савецкія часы ў абмеркаваньні праекту Канстытуцыі хаця б фармальна ўдзельнічалі рабочыя і даяркі, просты народ. Цяпер і гэтага не было. Усе тэлерэпартажы цяпер былі аднолькавыя — чыноўнік ці нават сілавік прыходзіць у працоўны калектыў, нешта расказвае пра Канстытуцыю, а народ маўчыць.
Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
  • Вынесьлі праект на абмеркаваньне 27 сьнежня, а 20 студзеня яно і скончылася. Гэта рэкордна кароткае абмеркаваньне ў беларускай палітычнай практыцы.
  • Адну зьмену, праўда, унесьлі зьмястоўную: «Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыцьцяўляецца на падставе ідэалёгіі беларускай дзяржавы». Раней у Канстытуцыі было пазначана, што ніякая ідэалёгія ня можа быць у краіне паноўнай.
  • Яшчэ адзін пункт — «захаваньне памяці аб гераічным мінулым беларускага народу, патрыятызм зьяўляецца абавязкам кожнага грамадзяніна». А ВКЛ — гэта гераічнае мінулае ці не? Калі нейкі Гігін асуджае, скажам, Радзівілаў, дык не захоўвае «памяць аб гераічным мінулым», парушае Канстытуцыю?
  • Калі Лукашэнка кажа, што «гэты працэс (зьмена Канстытуцыі) мне абсалютна непатрэбны» — гэта той рэдкі выпадак, калі ён кажа праўду. Тут сапраўды ёсьць момант дэматывацыі выбаршчыкаў. Бо сытуацыя як з варонай з анэкдоту. Варона, ты на рэфэрэндум хадзіла? — Так. І сыр выпаў, ліса яго зьела. — А сказала б не, дык што б зьмянілася?
  • У Крамлі, можа, шмат чаго хочуць — і СССР аднавіць, і Амэрыку ў радыяактыўны попел ператварыць. Тое ж і з жаданьнямі «зьняць з пасады» Лукашэнку. Я ўжо шмат гадоў упэўнены, што Лукашэнка Расею цалкам задавальняе. А ўжо пасьля жніўня 2020 году — задавальняе як ніколі.
  • Няма Расеі сэнсу мяняць яго на нейкую няпэўнасьць. А раптам без Лукашэнкі наступіць хаос? А раптам пераемнік паверне на Захад? Напэўна, Пуціну не хацелася б, каб Лукашэнка яго пераседзеў. Але Лукашэнка здолеў так сябе паставіць, што зараз ён ізноў патрэбны Маскве.

Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае

Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?

З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:

  • прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
  • са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
  • вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
  • прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»

Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.

Сярод іх:

  • «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
  • зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
  • прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
  • мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
  • прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.

Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі

  • Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
  • Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
  • Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
  • З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.

«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі

  • Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
  • Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
  • Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG