Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампэнсацый Расеі ў выпадку несэртыфікацыі ў Нямеччыне «Паўночнага патоку – 2» ня будзе


Робэрт Габэк

Расея не атрымае кампэнсацыі, калі нямецкі рэгулятар прызнае газаправод неадпаведным нормам ЭЗ. «Паўночны паток – 2» заўсёды быў геапалітычным праектам, заявіў міністар эканомікі ФРН Габэк.

Расея застанецца без кампэнсацыі за газаправод «Паўночны паток – 2» у тым выпадку, калі нямецкі рэгулятар прызнае яго не адпаведным прававым нормам Эўразьвязу. Аб гэтым, як піша DW, заявіў міністар эканомікі ФРН, віцэ-канцлер Робэрт Габэк у інтэрвію выданьню Der Spiegel.

«Цяпер Фэдэральнае агенцтва ў справе сетак прыпыніла працэдуру сэртыфікацыі. Калі яна будзе адноўленая, то яе мэтай будзе вырашыць, ці выкананыя ўмовы для сэртыфікацыі ў адпаведнасьці зь нямецкімі і эўрапейскімі правіламі. А калі гэта ня так, то кампэнсацыя не належыць», — растлумачыў ён.

На пытаньне аб тым, ці не павінна адмова ад выкарыстаньня «Паўночнага патоку – 2» стаць часткай санкцый у адказ супраць Расеі ў выпадку ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, Габэк адказаў: «Забарон на мысьленьне быць не павінна». Ён нагадаў, што актуальным застаецца камюніке, узгодненае ў ліпені 2021 году Нямеччынай і ЗША, у якім гаворыцца, што калі энэргетыка будзе выкарыстоўвацца Расеяй як зброя, то гэта будзе мець наступствы. «Расея ведае, што перасячэньне чырвоных ліній адразу ж прывядзе да жорсткіх санкцый, якія даўно рыхтаваліся», — дадаў міністар.

Габэк: «Паўночны паток – 2» — геапалітычны праект

Робэрт Габэк падкрэсьліў геапалітычны характар новага газаправода. «Паўночны паток – 2» заўсёды быў геапалітычным праектам у тым сэнсе, што дзякуючы новаму трубаправоду Украіна як транзытная краіна становіцца непатрэбнай".

Міністар назваў фактам вялікую залежнасьць Нямеччыны ад расейскага газу і назваў сваёй задачай зьніжэньне гэтай залежнасьці, у тым ліку за кошт дывэрсыфікацыі паставак паліва.

«Цяпер Нямеччына атрымлівае 55 працэнтаў неабходнага ёй газу з Расеі. Але ў ЭЗ ёсьць магутнасьці для прыёму звадкаванага газу, напрыклад у Нідэрляндах, Польшчы і Італіі. Гэтыя тэрміналы загружаныя толькі на 30 працэнтаў. Калі іх загрузіць на 100 працэнтаў, то стане «магчымым задавальняць большую частку запатрабаваньняў у імпарце за кошт СПГ», — сказаў Габэк. Пры гэтым ён прызнаў, што звадкаваны газ значна даражэйшы, і ўхіліўся ад прамога адказу на пытаньне, ці гатовая дзяржава кампэнсаваць спажыўцам больш высокія выдаткі.

Паводле Габэка, Міністэрства эканомікі да наступнай зімы мае намер прыняць меры ў сувязі зь нізкай запоўненасьцю нямецкіх сховішчаў прыродным газам.

«Зіма паказала, што Нямеччына зь яе скарочанымі запасамі газу стала яшчэ больш уразьлівай для спэкуляцыі, ваганьня цэн і геапалітычнай напружанасьці. Таму мы павінны палепшыць нашы магчымасьці, каб да наступнай зімы газасховішчы былі добра запоўненыя. У гэтым я бачу сваю палітычную задачу», — заявіў міністар эканомікі ФРН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG