Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Ціханоўскі напісаў, што пракурор прасіў суд пра 20 гадоў калёніі для яго; палітвязьня Елісеева адпусьцілі пад заклад


Архіўнае фота. Падчас суду па «справе Ціханоўскага»

Па стане на 21 студзеня беларускія праваабаронцы афіцыйна прызналі палітычнымі зьняволенымі ўжо 989 чалавек.

Пракурор запрошваў для Ціханоўскага 20 гадоў калёніі

Пра гэта напісаў сам Сяргей Ціханоўскі ў лісьце ад 15 студзеня:

«Мне пракуратура прасіла 20 — гэта судзьдзя зьменшыў. Больш ужо не дадуць — яны скаргу сваю не адправілі, так што яе і не разгледзяць. І так шуму шмат было».

Палітвязень таксама расказаў у лісьце пра сьвяткаваньне Новага году ў адзіночнай камэры ў гомельскім СІЗА: «Які Новы год я сустрэў? Я ж адзін у камэры. Адбой у 22:00. Упрыгожыць нельга. Пад’ём у 06:00. Колы папіў з торцікам і мандарынамі раніцай, і ўсё. Пакуль гэта можна купіць. Потым будзе базавая ў месяц, і тое калі няма заўваг. А не — то карцар і безь бялізны і цяпла».

14 сьнежня блогера Сяргея Ціханоўскага асудзілі да 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Аднаго з абвінавачаных па справе «Рабочага руху» адпусьцілі зь СІЗА пад заклад

Выйшаў на волю работнік БМЗ Дзьмітры Елісееў, якога абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве (артыкул 356 КК) па справе «Рабочага руху», паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Як перадаюць праваабаронцы, працоўнаму зьмянілі меру стрыманьня са знаходжаньня пад вартай на заклад.

Елісеева затрымалі 22 верасьня 2021 году. Яго затрымалі разам яшчэ з 12 актывістамі ініцыятывы па абароне працоўных правоў «Рабочы рух». 29 верасьня прадстаўнік КДБ Канстанцін Бычак сказаў у эфіры тэлеканалу АНТ, што арганізацыя прызнаная экстрэмісцкім фармаваньнем. Як паведамляў тэлеканал АНТ, 13 сябраў «Рабочага руху» затрымалі, супраць іх завялі крымінальную справу за здраду дзяржаве (артыкул 356 КК) і стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня (артыкул 361-1 КК).

Яшчэ 9 абвінавачаных па гэтай справе застаюцца ў няволі, ім пагражае да 15 гадоў турмы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG