Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйныя сілы заклікалі беларусаў рабіць несапраўднымі бюлетэні на рэфэрэндуме. ВІДЭА


Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў прадстаўляюць стратэгію і плян дзеяньняў падчас абвешчанага Лукашэнкам рэфэрэндуму. Канфэрэнцыя, якая праходзіць у Вільні, мае назву «„Рэфэрэндум“, да якога мы гатовыя».

«Беларусаў спрабуюць падмануць і замест галасаваньня за рэальныя перамены сфальсыфікаваць народную падтрымку рэжыму. Таму дэмакратычныя сілы аб’ядноўваюць намаганьні, каб супрацьстаяць беззаконьню», — зазначылі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў у анонсе онлайн-канфэрэнцыі.

У ролі сьпікераў выступаюць:

  • удзельніца выбараў 2020 году Сьвятлана Ціханоўская,
  • Павал Латушка (Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва),
  • Вольга Кавалькова (Каардынацыйная рада),
  • дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандар Дабравольскі,
  • Алена Жываглод (супольнасьць «Честные люди»),
  • Павал Лібер (плятформа «Голос»),
  • Павал Марыніч (ініцыятыва «Зубар»).

20 студзеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 14 «Аб прызначэньні рэспубліканскага рэфэрэндуму». Дата рэфэрэндуму — 27 лютага 2022 году. Пытаньне, якое будзе ў бюлетэні для галасаваньня: «Ці прымаеце вы зьмяненьні і дапаўненьні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?».

Ціханоўская: «Беларусам прапануюць зрабіць выбар паміж Лукашэнкам і Лукашэнкам»

Першай падчас прэс-канфэрэнцыі выступіла Сьвятлана Ціханоўская. Яна заявіла:

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

«Учора рэжымам быў абвешчаны нелегітымны „рэфэрэндум“. Гэта спроба ўтрымаць уладу, але гэта ніяк не вырашае палітычны, эканамічны і гуманітарны крызіс і праблемы людзей. Гэта ня выбар „за“ і „супраць“, гэта проста прапанова выбраць паміж Лукашэнкам і Лукашэнкам. І гэта ня тое, за што беларусы змагаліся і працягваюць змагацца. Беларусы хочуць нармальнага жыцьця, бясьпекі, свабоды. Беларусы жадаюць новых сумленных выбараў», — сказала на пачатку прэс-канфэрэнцыі Сьвятлана Ціханоўская.

Яна падкрэсьліла, што яе каманда была гатовая да такога сцэнару:

«Учора мы ўжо накіравалі лісты ад імя майго Офісу, Каардынацыйнай рады і Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва ўсім міжнародным партнэрам. Мы заклікалі не прызнаваць так званы „рэфэрэндум“, падтрымаць патрабаваньні беларусаў аб вызваленьні палітвязьняў і правядзеньні новых выбараў. І ўзмацніць ціск на рэжым у выпадку працягу рэпрэсій», — сказала дэмакратычная лідэрка, пасьля чаго расказала пра стварэньне новай ініцыятывы — апэратыўнага штабу.

«Сёньня я хачу аб’явіць, што на пэрыяд кампаніі мы ствараем апэратыўны штаб дэмакратычных сіл. Гэта каардынацыйны цэнтар, які пачынае працу сёньня. Перад „рэфэрэндумам“ мы зьбяромся ў адным офісе ў Вільні, каб працаваць побач і разам».

Паводле Ціханоўскай, у апэратыўным штабе ёсьць палітычныя структуры і грамадзянскія ініцыятывы. Яго галоўныя палітычныя саюзьнікі — Каардынацыйная рада і НАК.

«У апэратыўным штабе ёсьць і грамадзянскія ініцыятывы, яны адыгрываюць ключавую ролю. Плятформа „Голос“ займаецца альтэрнатыўным падлікам галасоў.

„Честные люди“ — ініцыятары кампаніі, якія ўзялі на сябе вялізны пласт працы, — адказваюць за дастаўку інфармацыі грамадзтву, улёткі, працу з тымі, каго прымушаюць быць сябрам выбарчых камісій. „Зубар“ адказвае за фіксацыю парушэньняў на ўчастках і адзнакі іх на карце.

У апэратыўны штаб уваходзіць і ByPol — каб займацца інфармацыйнай бясьпекай, адсочваць і аналізаваць апэратыўную абстаноўку і сытуацыю ў шэрагах сілавікоў і чыноўнікаў для выпрацоўкі рашэньняў. Мы шчыльна працуем з дыяспарай — народнымі амбасадамі і беларусамі замежжа — і падтрымліваем правядзеньне экзыт-полаў і мітынгаў у розных гарадах і краінах», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Яна таксама заклікала беларусаў прыходзіць на ўчасткі і рабіць бюлетэнь несапраўдным, перакрэсьліваючы ўсе прапанаваныя варыянты. І пацьвярджаць свае дзеяньні на плятформе «Голас». Гэта, па яе словах, дазволіць паказаць рэальную сытуацыю на кожным участку ў кожным горадзе.

Кавалькова: «Рэфэрэндум стварае перадумовы для новага сур’ёзнага крызісу»

«Зьмены, якія нам прапаноўваюць на імітацыйным рэфэрэндуме, на жаль, маюць ідэалягічны і фармальны характар. Яны ня ўлічваюць думку значнай часткі беларусаў і, як вынік, не спрыяюць вырашэньню таго ўнутрыпалітычнага крызісу, які склаўся ў нашай краіне. У доўгатэрміновай пэрспэктыве прыняцьце дадзеных зьменаў фактычна замарожвае сытуацыю, якая склалася, а ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве стварае перадумовы для новага сур’ёзнага крызісу», — заявіла прадстаўніца Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова.

Кавалькова падкрэсьлівае, што ўлады працягваюць рэпрэсіі, таму што баяцца беларусаў, але «мы павінны паказаць, што мы нікуды ня дзеліся, мы гатовыя змагацца і змагаемся за дэмакратычныя зьмены». Паводле яе, дэмакратычныя сілы распрацавалі адзіную стратэгію, у рамках якой заклікаюць усіх беларусаў прыйсьці на ўчасткі і выказаць свой недавер і сваю нязгоду з гэтым рэфэрэндумам.

Павал Латушка заявіў пазыцыю Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва па рэфэрэндуме

Паводле Паўла Латушкі, найперш трэба спыніць рэпрэсіі, дамагчыся вызваленьня палітвязьняў і правядзеньня новых выбараў. Таксама неабходна дамагчыся непрызнаньня за Лукашэнкам права на правядзеньне рэфэрэндуму, прызнаньня рэфэрэндуму несапраўдным галасамі саміх грамадзян або далейшых санкцый у выпадку правядзеньня рэфэрэндуму.

НАК таксама заявіла, што пагрозу незалежнасьці нясуць расейскія войскі ў Беларусі, якія могуць быць выкарыстаныя для ўмяшаньня ў беларускія справы і для нападу на суседзяў.

НАК патрабуе завесьці крымінальную справу за злачынствы супраць чалавецтва, катаваньні, забойствы, захоп самалёта.

Марыніч заклікаў беларусаў фіксаваць парушэньні на выбарчых участках

«Грамадзянскім кантралёрам можа стаць кожны», — сказаў прадстаўнік ініцыятывы «Зубар» Павал Марыніч.

Ён заклікаў усіх беларусаў фіксаваць парушэньні, якія яны заўважаць на ўчастках, і дасылаць інфармацыю ў чат-бот ініцыятывы.

Павал Марыніч і іншыя ўдзельнікі канфэрэнцыі заклікалі суайчыньнікаў да актыўнага байкоту: не сядзець дома, а ісьці на выбарчыя ўчасткі і рабіць бюлетэні несапраўднымі, пазначаючы крыжыкам абодва варыянты адказу.

Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае

Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?

З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:

  • прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
  • са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
  • вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
  • прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»

Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.

Сярод іх:

  • «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
  • зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
  • прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
  • мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
  • прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.

Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі

  • Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
  • Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
  • Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
  • З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.

«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі

  • Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
  • Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
  • Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG