Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША прывёў прыклады расейскай дэзынфармацыі аб Украіне


Кіраўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Энтані Блінкен

Масква з дапамогай дэзынфармацыі аб канфлікце вакол Украіны імкнецца пераканаць грамадзян РФ у неабходнасьці ўварваньня ў суседнюю краіну, лічаць у Дзярждэпартамэнце ЗША.

Пра гэта піша DW.

Дзярждэпартамэнт ЗША апублікаваў пералік выказваньняў расейскага боку аб канфлікце вакол Украіны, якія Вашынгтон расцэньвае як дэзынфармацыю. Тым самым Расея імкнецца пераканаць уласных грамадзян у неабходнасьці ваеннай апэрацыі РФ на ўкраінскай тэрыторыі, а краіны Захаду — у тым, што паводзіны Кіева пагражаюць справакаваць глябальны канфлікт, зазначаюць у Вашынгтоне.

Дзярждэпартамэнт: «Рэжым Пуціна ўскладае віну на ахвяру» ў абліччы Кіева

У прыватнасьці, у ЗША ня згодныя з тым, што Ўкраіна і яе ўрад нібыта зьяўляюцца агрэсарам у адносінах з РФ. Менавіта Расея ў 2014 годзе ўварвалася ва Ўкраіну і анэксавала Крым, падкрэсьлілі ў Вашынгтоне. «Ілжывыя заявы рэжыму Пуціна ўскладаюць віну за расейскую агрэсію на ахвяру, Украіну», — адзначаецца ў заяве.

Вашынгтон адпрэчыў сьцьвярджэньне аб тым, што менавіта краіны Захаду падштурхоўваюць Украіну да канфлікту. Цяперашні крызіс справакавала Масква, разьмясьціўшы больш за 100 тысяч вайскоўцаў на мяжы з Украінай, ніякіх падобных вайсковых дзеяньняў на ўкраінскім баку мяжы не праводзілася, падкрэсьліваюць у амэрыканскім замежнапалітычным ведамстве.

«Расея абвінавачвае ва ўласнай агрэсіі іншых, але менавіта Масква павінна пакласьці канец гэтаму крызісу мірным шляхам з дапамогай дээскаляцыі і дыпляматыі», — адзначаецца ў дакумэнце.

Перакідваньне расейскіх сіл на мяжу з Украінай

Дзярждэпартамэнт ня лічыць сьцягваньне расейскіх вайскоўцаў да мяжы з Украінай усяго толькі перамяшчэньнем сіл на ўласнай тэрыторыі РФ, як неаднаразова запэўнівалі расейскія чыноўнікі.

«Разьмяшчэньне больш за 100 тысяч вайскоўцаў і наступальнага ўзбраеньня каля межаў краіны, у якую Расея ўжо ўрывалася і да гэтага часу акупуе яе часткі, ня проста ратацыя войскаў», — упэўнены ў Вашынгтоне.

Масква да гэтага часу ня дала праўдападобнага тлумачэньня таго, што адбываецца, адзначылі ў амэрыканскім замежнапалітычным ведамстве.

ЗША: Расея ня раз ужывала хімічную зброю для замаху на апанэнтаў

Яшчэ адным прыкладам дэзынфармацыі ў ЗША лічаць словы міністра абароны РФ Сяргея Шайгу пра нібыта плянаваную ЗША хімічную атаку ў Данбасе. Злучаныя Штаты, як і Расея, ратыфікавалі Канвэнцыю аб забароне хімічнай зброі, указаў Вашынгтон. Расея ў апошнія гады двойчы прымяняла хімічную зброю для замаху на апанэнтаў, у тым ліку за межамі сваёй тэрыторыі, адзначылі ў Дзярждэпартамэнце.

Акрамя таго, Вашынгтон адносіць да дэзынфармацыі выказваньне кіраўніка Крамля, у якім Пуцін параўнаў тое, што адбываецца ў Данбасе, з генацыдам. У амэрыканскім замежнапалітычным ведамстве асабліва вылучылі адсутнасьць дакладных зьвестак аб пагрозе для этнічных расейцаў або расейскамоўных асоб, якая зыходзіць ад украінскага ўраду.

Дзярждэпартамэнт: NATO не давала абяцаньняў не пашырацца

Адпрэчылі ў Вашынгтоне і сьцьвярджэньні прэзыдэнта РФ аб парушэньні блёкам NATO абяцаньня не пашырацца. Альянс зьяўляецца абарончым саюзам, нацэленым на абарону сваіх дзяржаў-удзельніц і не даваў абяцаньняў не прымаць новых краінаў у свой склад, указалі ў Дзярждэпартамэнце. А ў адказ на заявы расейскага боку аб нібы атачэньні Расеі сіламі NATO ЗША нагадалі, што працягласьць расейскіх сухапутных межаў з 14 краінамі складае больш за 20 тысяч кілямэтраў, а на долю пяці краін – сяброў NATO прыпадае толькі 1 215 км агульнай мяжы.

Камэнтуючы сьцьвярджэньні расейскага боку аб адмове ад дыпляматыі і неадкладным пераходзе да санкцый, у Вашынгтоне падкрэсьлілі, што Злучаныя Штаты і іх партнэры ўцягнутыя ў інтэнсіўныя дыпляматычныя намаганьні ў мірным вырашэньні крызісу. Кансультацыі праходзяць у тым ліку на ўзроўні прамых кантактаў з расейскім урадам, зазначыў амэрыканскі бок.

Афіцыйная прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава ў сваім Telegram-канале абурылася публікацыяй Дзярждэпартамэнту, назваўшы яе «хлусьнёй» і «непісьменнасьцю», а само ведамства — «міністэрствам праўды».

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
  • 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два з паловай месяцы вайны на фронце загінулі шасьцёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
  • 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
  • Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
  • Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • У ноч на 17 траўня намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр пацьвердзіла пачатак апэрацыі па выратаваньні ўкраінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў пастцы на тэрыторыі «Азоўсталі». Паводле яе слоў, адтуль у лячэбную ўстанову акупаванага Новаазоўска былі эвакуяваныя 53 цяжка параненыя. Яшчэ 211 чалавек былі дастаўленыя ў Аленіўку па гуманітарным калідоры. Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што амаль 1000 украінскіх байцоў на заводзе «здаліся» па стане на 18 траўня. Міжнародны Чырвоны Крыж афіцыйна зарэгістраваў гэтых байцоў у якасьці ваеннапалонных.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG