Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні лекару прысудзілі 4 гады калёніі. На судзе ён заявіў пра пабіцьцё


Аляксандар Цялега

Вынесьлі вырак лекару Аляксандру Цялегу за абразы прадстаўнікоў улады.

У судзе Ленінскага раёну Горадні абвясьцілі прысуд у крымінальнай справе палітзьняволенага нэўроляга Аляксандра Цялегі. Трэцяга траўня мінулага году Аляксандра затрымалі ў Барысаве за камэнтары ў сацсетках і зьмясьцілі пад варту ў горадзенскую турму, дзе ён утрымліваецца па сёньняшні дзень.

Суд над Аляксандрам пачаўся ў Горадні летась 7 сьнежня.

На судзе стала вядома, што ён пакінуў 32 камэнтары пра чыноўнікаў. Ягоныя дзеяньні кваліфікавалі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 364 (пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі), 369 (абраза прадстаўніка ўлады), 391 (абраза судзьдзі). На працэсе стала вядома, што адзін з пацярпелых у справе біў Цялегу пры затрыманьні.

Судзьдзя Ганна Лявусік прызнала палітвязьня вінаватым і асудзіла на 4 гады калёніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна». Менавіта такое пакараньне патрабаваў у суду пракурор Ефімовіч.

Пацярпелымі прызналі 32 прадстаўнікоў улады

Аляксандар родам з Барысава. Апошнім часам жыў у Расеі, працаваў у Нарыльску лекарам-нэўролягам. Яму 41 год, жанаты, ёсьць малыя дзеці.

Аляксандра затрымалі 3 траўня 2021 году, калі ён прыехаў у госьці да родных у Барысаў. Яго пабілі і забралі літаральна ў адным споднім у горадзенскую турму, дзе ён так і праседзеў бяз рэчаў некалькі дзён.

Цялегу абвінавацілі ў «32 абразьлівых камэнтарах у Telegram у адрас міліцыянтаў, работнікаў пракуратуры і судоў», у тым ліку ў адрас камандзіра менскага АМАПу Дзьмітрыя Балабы, памочніцы пракурора Аліны Касьянчык, судзьдзі Марыі Ярохінай. Лекар праходзіў паводле трох крымінальных артыкулаў: «абраза прадстаўніка ўлады», «абраза судзьдзі», «пагроза гвалту супрацоўніку міліцыі». Пацярпелымі прызналі 32 асобы.

Суд Ленінскага раёну Горадні
Суд Ленінскага раёну Горадні

«Не заўсёды існуе дакладная мяжа, дзе заканчваюцца паўнамоцтвы і пачынаецца парушэньне закону»

У сваім апошнім слове Цялега папрасіў прабачэньня за тое, што ў судзе давялося чытаць шмат ненарматыўнай лексыкі — камэнтароў, за якія яго судзяць.

Далей прыводзім тэкст ягонага выступу зь невялікімі скаротамі:

«Існуе нямала сацыяльна важных прафэсій, сярод якіх ратаўнік, настаўнік, міліцыянт, вайсковец, выхавальнік. Пра некаторыя прафэсіі мы марым з самага дзяцінства, нярэдка ідэалізуем іх. Гэта тлумачыцца тым, што кінэматограф і СМІ ў добрым сэнсе ствараюць пэўны арэол вакол іх.

Некаторыя прафэсіі надзеленыя ня толькі абавязкамі, але і паўнамоцтвамі. Далёка не заўсёды існуе дакладная мяжа, дзе заканчваюцца паўнамоцтвы і пачынаецца парушэньне закону. Не заўсёды парушэньне закону адбываецца з уласнай ініцыятывы. Недзе гэта скрыты ціск кіраўніцтва, недзе ў калектыве існуе кругавая парука.

Літаральна адно-два парушэньні закону — і ты не пасьпяваеш заўважыць, як багна беспакаранасьці засмактала цябе, ты перастаеш адэкватна ацэньваць рэальнасьць і разумееш, што даўно ўжо знаходзісься на баку зла.

Калі я праходзіў службу ў органах унутраных спраў у якасьці лекара, мне даводзілася сутыкацца з рознымі катэгорыямі супрацоўнікаў. Некаторых зь іх я паважаю і буду паважаць і называць выключна словам «міліцыянт». Яны будуць далей служыць і заставацца тым рамантычным вобразам, які многія з нас хацелі бы бачыць.

Былі і пярэваратні ў пагонах. Пачуцьцё абвостранай справядлівасьці не дазволіла мне прамаўчаць і застацца абыякавым да таго, што я бачыў на свае вочы і пра што чытаў на інфармацыйных рэсурсах.

Прааналізаваўшы нямала фактаў, я прыйшоў да высновы, што спэцсродкі і фізычную сілу прымянялі там, дзе бязь іх можна было бы абысьціся. Фізычную сілу прымянялі з прыніжэньнем гонару і годнасьці грамадзянаў.

Ці трэба быць экспэртам, каб зразумець, што той, хто б’е нагамі жанчыну, якая ляжыць на зямлі, такім чынам не ахоўвае закон? Ці трэба быць экспэртам, каб зразумець, што той, хто страляе ў сьпіну з траўматычнай зброі, такім чынам не ахоўвае грамадзкі парадак?

Ці трэба быць экспэртам, каб зразумець, што супрацоўнік, які хапае жанчыну зь відавочнымі прыкметамі цяжарнасьці, якая відавочна не нясе пагрозы, перавышае свае службовыя паўнамоцтвы?

Нехта можа запярэчыць і прывесьці контраргумэнты, спаслаўшыся на свае зручныя для сумленьня абставіны. Але, як той казаў, у кожнага свая праўда.

Мне б вельмі хацелася верыць, што пэўныя супрацоўнікі не парушалі закону і не пераходзілі той небясьпечнай мяжы, але факты гавораць нам пра адваротнае».

Біў лекара адзін з пацярпелых міліцыянтаў

«Мне давялося сутыкнуцца з гэтым на ўласным прыкладзе.

Зь нейкай выпадковасьці адзін з пацярпелых кіраваў пытаньнем майго затрыманьня. Ён не саромеўся таго, што ў кватэры знаходзіліся мае бацькі. Ён біў мяне, калі я ляжаў на падлозе, а мае рукі былі ў кайданках.

Адзіным паратункам, калі гэта можна назваць паратункам, было зьяўленьне супрацоўніка ўпраўленьня ўласнай бясьпекі, перад якім ён станавіўся паслухмяным і строга захоўваў рэглямэнт фізычнай сілы. Калі супрацоўнікі ўласнай бясьпекі выходзілі, ён зноў карыстаўся момантам, каб яшчэ раз адыграцца за свае так званыя „маральныя пакуты“.

Нават калі я папрасіў адвесьці мяне ў прыбіральню ў барысаўскім РАУС, і тады ён не ўпусьціў магчымасьці, каб скарыстацца адсутнасьцю відэакамэр, і ззаду спадцішка выцяў мяне нагой у сьпіну. Безумоўна, усё гэта сьведчыць пра багаты ўнутраны сьвет і тонкую душэўную арганізацыю гэтага супрацоўніка.

Усім, пра што я сказаў, я не спрабаваў апраўдаць сябе. Я хацеў патлумачыць прычыны, якія прымусілі мяне абражаць прадстаўнікоў улады. Мой зварот быў накіраваны да іх выключна як да асобаў, якія злоўжываюць сваім становішчам.

Магчыма, можна было выкарыстоўваць больш мяккую лексыку, але пачуцьцё беззаконнасьці, якое перапаўняла мяне, і несправядлівасьці, якая адбывалася, прымусілі мяне напісаць тое, што я напісаў.

І чым больш ты сутыкаесься зь відавочнай несправядлівасьцю, тым больш застаецца адкрытых пытаньняў, тым больш гэтыя пытаньні аддаляюць нас ад адказаў.

Хто большы злачынец? І ці аднолькава мы павінны адказваць перад законам?».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG