Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША: На любое перасячэньне ўкраінскай мяжы расейскімі падразьдзяленьнямі будзе рашучы адказ


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн

Джо Байдэн удакладніў сваю пазыцыю наконт рэакцыі ЗША на магчымае ўварваньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну.

У чацьвер прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што любое перасячэньне расейскімі вайсковымі падразьдзяленьнямі межаў Украіны будзе разглядацца як уварваньне, на якое будзе рашучы «эканамічны» адказ.

«Я зусім ясна сказаў прэзыдэнту Пуціну падчас размовы. У яго на гэты конт няма неразуменьня. Калі любое, паўтараю, любое расейскае вайсковае падразьдзяленьне перасячэ мяжу Ўкраіны — гэта будзе ўварваньне, на якое будзе дадзены жорсткі і скаардынаваны эканамічны адказ, які я дэталёва абмеркаваў з нашымі саюзьнікамі і прадставіў цалкам зразумела прэзыдэнту Пуціну», — падкрэсьліў Джо Байдэн.

Расея заплаціць высокую цану ў выпадку ўварваньня, дадаў ён.

Заява прэзыдэнта прагучала на наступны дзень пасьля яго прэс-канфэрэнцыі, падчас якой ён выказаў здагадку, што калі ўварваньне будзе «нязначным», то рэакцыю заходніх саюзьнікаў на яго прадказаць цяжка, у той час як буйное ўварваньне абернецца катастрофай для Расеі.

Заявы выклікала зьдзіўленьне і крытыку ў Кіеве і ў іншых эўрапейскіх сталіцах. Міністар замежных спраў Украіны нагадаў, што не бывае «паў-уварваньня». Ужо ў сераду ўвечары прэс-сакратар Белага дома Джэн Псакі была вымушаная растлумачыць, што меў на ўвазе прэзыдэнт Байдэн.

У чацьвер Джо Байдэн нагадаў, што Расея зьвярталася да рознай тактыкі, уключаючы выкарыстаньне паўвайсковых фармаваньняў, вайскоўцаў, перапранутых у цывільнае адзеньне, «зялёных чалавечкаў», кібэратакі.

«Мы таксама павінны быць гатовы да адказу на такія дзеяньні», — сказаў Джо Байдэн.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
  • 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два з паловай месяцы вайны на фронце загінулі шасьцёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
  • 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
  • Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
  • У Марыюпалі Расея працягвае бамбаваньне заводу «Азоўсталь». Пры бамбаваньнях гінуць людзі. На заводзе засталіся пераважна вайскоўцы полку «Азоў». Як сказалі ў палку, расейцы за час вайны маглі забіць да 25 тысяч марыюпальцаў.
  • Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG