На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае гісторык, палітычны аглядальнік Расейскай службы Радыё Свабода Яраслаў Шымаў.
Шымаў
- Хочацца спадзявацца, што гэта ня ліпень 1914 году і ня жнівень 1939 году. Інакш нас чакае катастрофа велізарнага маштабу.
- Цяперашняя сытуацыя мне не падаецца такой, зь якой няма іншага выйсьця, акрамя вайны. І ў 1914-м і ў 1939-м бакі былі зьвязаныя тым, што адбывалася раней.
- Напярэдадні І сусьветнай вайны склаліся дзьве кааліцыі дзяржаваў, якія супрацьстаялі адна адной. Там былі дакладныя ўзаемныя абавязкі ўнутры гэтых кааліцыяў. І калі адбылося забойства эрцгерцага, адзін крок вымагаў наступны.
- Цяпер Расея па сутнасьці самотная ў сваіх мэтах і патрабаваньнях. Сі Цзінпін, кітайскі лідэр, заявіў, Кітай аддае перавагу дыпляматычным, несілавым спосабам вырашэньня канфлікту. Многія аналітыкі, у тым ліку і ў Маскве, прачыталі гэта як пасланьне Пуціну — Кітай за цябе «ўпісвацца» ня будзе.
- Я згодны з вэрсіяй, што гэта спроба рэваншу прайгралага. Нехта адносіць пачатак гэтай лініі да Мюнхэнскай прамовы Пуціна ў 2007 годзе, нехта да 2014 году. На мой погляд, адлік пайшоў яшчэ раней — з 2004-2005 гадоў, з «аранжавай» рэвалюцыі ва Ўкраіне.
- Калі ў нулявых Анатоль Чубайс вылучыў ідэю «лібэральнай імпэрыі», ужо тады ўзьнікла памкненьне да стварэньня сваёй сфэры ўплыву прыкладна ў межах былога СССР. Аб гэтым і Ельцын спрабаваў дамовіцца з Клінтанам.
- 1991 год кіроўным колам Расеі бачыцца як параза.
- Цяпер Захад не захацеў гуляць па тых правілах, якія прапануе Пуцін. Атачэньне Пуціна згоднае з Бжэзінскім, які пісаў, што без Украіны Расея не адродзіцца як імпэрыя. Таму Ўкраіна — цэнтар канфлікту Расеі з Захадам.
- Паколькі Байдэн нічога Крамлю не прапанаваў, вырашана падвысіць стаўкі і выставіць комплексны ўльтыматум. Гэты працэс неабавязкова павінен завяршыцца сілавой акцыяй, але рызыка ў тым, што стаўкі могуць узьняцца так высока, што шляху назад ня будзе без страты твару.
- Балянсаваньне на мяжы вайны ня можа працягвацца занадта доўга.
- Першы Бэрлінскі крызіс цягнуўся 11 месяцаў, але гэта не гады. Чым даўжэй цягнецца пэрыяд вострага напружаньня, тым большая рызыка эксцэсу выканаўцы. І далей сьнежны камяк можа пакаціцца да вялікай вайны.
- Ёсьць і іншая небясьпека — незадаволенасьць «ястрабаў» у атачэньні лідэра, што напружанасьць не прыводзіць да выніку. У 1938 годзе крызіс вакол Чэхаславаччыны цягнуўся амаль год. І падчас крызісу некаторыя нямецкія генэралы падумывалі аб тым, каб адхіліць ад улады Гітлера, паколькі выніку крызісу не было.
- Паколькі і цяпер сытуацыя зацягваецца, Пуцін будзе вымушаны нешта рабіць: альбо прад’явіць сурʼёзнае пагадненьне з Захадам альбо ўжыць сілу, каб зьмяніць сытуацыю.
- Калі сілавая опцыя будзе абраная Крамлём, я б схіляўся да вэрсіі хуткага, лякальнага ўдару. Заваёўваць усю Ўкраіну складна. Цяперашняя Ўкраіна — гэта не Ўкраіна 2014 году. У яе даволі баяздольная армія. Яна слабейшая за расейскую, і зразумела, што поўнамаштабную вайну з Украінай Расея выйграе. Але крыві там пральецца шмат, каб выклікаць і ўнутрырасейскія наступствы. Ня думаю, што Расея гатовая да стратаў у памеры тысячаў жыцьцяў.
- А вось кароткая апэрацыя, разбурэньне ўкраінскай лініі абароны на Данбасе — гэта магчыма. Учора частка дэпутатаў Дзярждумы заклікалі Пуціна прызнаць незалежнасьць ДНР і ЛНР. Гэта той маштаб дзеяньняў, які я магу сабе ўявіць.
- Анэксаваць сэпаратысцкія рэгіёны Ўкраіны зараз Расеі няма ніякай карысьці. Фактычна яны і так датуюцца Расеяй. Там акрамя Данецку важных цэнтраў няма. У такога набытку няма сымбалічнага капіталу, які быў у Крыму. І гэта наўпроставы выклік санкцыяў.
- Нехта зь вялікіх сказаў — ты можаш пачаць вайну, але ты ніколі ня скончыш яе так, як хацеў, пачынаючы яе. Гэта тычыцца і пераможцаў таксама.
- Калі будзе абраны сілавы варыянт, то падчас яго рэалізацыі можа адбыцца нешта, што перавядзе сытуацыю ў іншую плашчыню. Падчас украінскага крызісу з 2014 году такі момант быў — гэта зьнішчэньне малайзійскага Боінгу.
- Калі б ня гэта, то санкцыйная ўпартасьць Захаду, магчыма, не было б такой, якой яно стала. Цалкам імаверна, што і падчас новай вайны Расеі і Ўкраіны адбудзецца нешта такое, пасьля чаго палітычны дыялёг будзе вельмі ўскладнены.
- Заходнія палітыкі арыентуюцца на настроі свайго насельніцтва. Для эўрапейскіх і амэрыканскіх выбарнікаў гэты канфлікт усё ж далёкі. Гэты попел ня вельмі моцна бʼецца ў іх сэрцах. І гэта захаваецца, калі канфлікт не прывядзе да нечага экстраардынарнага.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
- 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два з паловай месяцы вайны на фронце загінулі шасьцёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».
- 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
- Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
- 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
- 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
- У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
- Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
- Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
- 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
- У ноч на 17 траўня намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр пацьвердзіла пачатак апэрацыі па выратаваньні ўкраінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў пастцы на тэрыторыі «Азоўсталі». Паводле яе слоў, адтуль у лячэбную ўстанову акупаванага Новаазоўска былі эвакуяваныя 53 цяжка параненыя. Яшчэ 211 чалавек былі дастаўленыя ў Аленіўку па гуманітарным калідоры. Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што амаль 1000 украінскіх байцоў на заводзе «здаліся» па стане на 18 траўня. Міжнародны Чырвоны Крыж афіцыйна зарэгістраваў гэтых байцоў у якасьці ваеннапалонных.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com