Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Офіс Ціханоўскай, Каардынацыйная рада і НАК зрабілі заяву наконт рэфэрэндуму


У першым шэрагу зьлева направа Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская і Вольга Кавалькова на канфэрэнцыі беларусаў сьвету ў Вільні 24 верасьня 2021

Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Каардынацыйная рада і Нацыянальнае антыкрызіснае кіраўніцтва (НАК) распаўсюдзілі заяву адносна прызначанага на 27 лютага рэфэрэндуму аб зьменах у Канстытуцыю.

У суправаджальным лісьце да заявы гаворыцца, што ў ёй выкладзеная «агульная пазыцыя дэмакратычных сілаў» і што яна накіраваная ў Эўразьвяз, ЗША, Вялікую Брытанію і ў АБСЭ.

Заяву падпісалі Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўніца Каардынацыйнай Рады Вольга Каралькова і кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка.

У заяве, сярод іншага, адзначаецца, што «ў выніку паразы на выбарах Лукашэнка і ўся выканаўчая ўлада страціла сваю легітымнасьць, права прадстаўляць інтарэсы народу і прымаць палітычныя рашэньні ад яго імя. Ва ўмовах палітычных рэпрэсій само правядзеньне рэфэрэндуму немагчымае: у краіне каля тысячы палітвязьняў, амаль трыста ліквідаваных НДА, забаронена дзейнасьць практычна ўсіх незалежных СМІ. Як вынік — адсутнічаюць магчымасьці для свабоднага абмеркаваньня прапанаваных паправак, выбарчыя камісіі фармуюцца непразрыста, а незалежнае назіраньне за працэсам галасаваньня немагчымае».

На думку аўтараў заявы, «у любым выпадку, галасаваньне як „за“ так і „супраць“ паправак будзе прымальнае для Лукашэнкі, але ня будзе адлюстроўваць волю народу. Электаральная кампанія, якая адзіна адпавядае інтарэсам беларусаў, — гэта дэмакратычныя выбары новага прэзыдэнта па міжнародных стандартах пасьля вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных».

«Мы не прызнаем за Лукашэнкам права прызначаць рэфэрэндум і адзначаем, што ва ўмовах парушэньня ўсіх грамадзянска-палітычных правоў немагчыма забясьпечыць адкрытыя, дэмакратычныя працэсы абмеркаваньня новай рэдакцыі Канстытуцыі і галасаваньня, — гаворыцца ў заяве. — Мы заклікаем грамадзянаў Беларусі абвясьціць вотум народнага недаверу рэжыму Лукашэнкі: прыйсьці на ўчасткі і зрабіць бюлетэні несапраўднымі любым зручным і даступным ім спосабам. Гэта адзіная легальная і бясьпечная магчымасьць пратэсту супраць "рэфэрэндуму" ў Беларусі сёньня».

Аўтары заявы зьвяртаюцца да кіраўнікоў усіх дэмакратычных дзяржаў і міжнародных арганізацый з заклікам «аказаць рашучую падтрымку беларусам у барацьбе за свабоду і дэмакратыю».

Ім, у прыватнасьці, прапануецца:

  • «Выступіць з афіцыйнымі заявамі аб непрызнаньні за Лукашэнкам права на правядзеньне рэфэрэндуму. Гэта пазбавіць рэфэрэндум якой-небудзь палітычнай і юрыдычнай значнасьці, перакрэсьліць пляны рэжыму на аднаўленьне страчанай легітымнасьці»
  • «Заявіць, што ў выпадку працягу рэпрэсій у дачыненьні да беларусаў, якія не падтрымліваюць імітацыйны „рэфэрэндум“, супраць рэжыму Лукашэнкі будуць ужытыя далейшыя кансалідаваныя санкцыі»
  • «Зноў публічна падтрымаць патрабаваньні беларускага народу аб тым, што адзіным устойлівым выхадам з крызісу ў Беларусі зьяўляецца вызваленьне палітвязьняў і правядзеньне новых датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў пад міжнародным наглядам».

Поўны тэкст заявы зьмешчаны на ангельскай мове на сайце Сьвятланы Ціханоўскай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG