Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявілася расьсьледаваньне пра таемную пляменьніцу Пуціна, якой належыць буйная вугальная кампанія


Ганна Цывілёва

Жонка губэрнатара Кемераўскай вобласьці РФ Сяргея Цывілёва Ганна — стрыечная пляменьніца прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Журналісты таксама высьветлілі, што пры пераходзе на дзяржслужбу муж перадаў Ганьне сваю долю ў адной з найбуйнейшых вугальных кампаніяў у Расеі — «Калмар».

Пра гэта піша «Настоящее время» са спасылкай на расьсьледаваньне выданьня «Агентство».

Як сьцьвярджаюць аўтары расьсьледаваньня, дзявочае прозьвішча ЦывілёвайПуціна, а ня Логінава, як значыцца ў публікацыях СМІ (прозьвішча Логінава яна атрымала пасьля таго, як выйшла замуж за лекара-псыхіятра Льва Логінава). Нарадзілася Ганна ў Іванаве, а яе бацька — стрыечны брат прэзыдэнта Расеі.

У 1990-х гадах яна працавала псыхіятрам у мясцовым псыхіятрычным стацыянары, а пасьля прыходу Пуціна на пасаду прэзыдэнта пераехала ў Маскву, атрымала эканамічную адукацыю, у 2007 годзе выйшла замуж за Сяргея Цывілёва, які тады стаў саўладальнікам кампаніі «Ленэкспаінвест».

У 2012 годзе Цывілёвы набылі долю ў вугальнай кампаніі «Калмар», расказвала сама Ганна Цывілёва ў інтэрвію «Ведамасьцям». «Агентство» адзначае, што да гэтага ані муж, ані жонка не былі заўважаныя ў вугальным бізнэсе і зарабіць на такую кампанію не маглі б, «калі арыентавацца на выручку тых фірмаў, дзе яны працавалі». На момант набыцьця ў 2012 годзе кошт кампаніі ацэньваўся ў 400 мільёнаў даляраў.

Паводле зьвестак выданьня, Цывілёвы атрымалі актыў ад сябра прэзыдэнта — бізнэсоўца Генадзя Цімчанкі. Да таго яму належалі 60% «Калмара». У 2018 годзе, пасьля абраньня на пасаду губэрнатара, Цывілёў перадаў жонцы 70% «Калмара».

Саму Цывілёву прызначылі кіраўніцай рэгіянальнага дарадчага органа — абласной рады ў пытаньнях апякунства ў сацыяльнай сфэры.

Як адзначае «Агентство», у мінулым у «Калмара» былі «велізарныя фінансавыя складанасьці», аднак у апошнія гады кампаніі пачала аказваць дапамогу дзяржава. Пасьля пераходу пад кантроль Цывілёвых кампанія атрымала зь бюджэту 11 мільярдаў рублёў прамой падтрымкі, а таксама льготны крэдыт на 4 мільярды рублёў і падатковыя прэфэрэнцыі. Дзякуючы Паўднёвай Якутыі, што мае статус «тэрыторыі апераджальнага разьвіцьця», кампанія вызваленая ад падатку на зямлю, прыбытак і маёмасьць.

«Тут ёсьць яшчэ адна акалічнасьць, — сказаў у інтэрвію „Настоящему времени“ аўтар „Агентства“ Міхаіл Рубін. — Муж таксама стаў губэрнатарам па рашэньні Ўладзіміра Пуціна, і таксама атрымліваецца неяк дзіўна: ён стаў губэрнатарам не да шлюбу, а праз шмат гадоў пасьля. Яны атрымалі спачатку вугальную кампанію, а потым, пасьля таго як ён зь ёю ажаніўся, ён стаў губэрнатарам велізарнага вугальнага рэгіёну, рэгіёну з насельніцтвам два з паловай мільёна чалавек.

Пра што гэта нам гаворыць? Тут, на жаль, напрошваюцца вельмі простыя асацыяцыі — асацыяцыі з фэадальнымі часамі, калі сваякам цароў, князёў вялікіх раздавалі нейкія надзелы, раздавалі дзяржаўныя землі. Так атрымліваецца і тут. Такая, на жаль, вельмі сярэднявечная гісторыя».

«У інтэрнэце можна знайсьці нямала камплімэнтарных ролікаў, у якіх расказваецца, як пляменьніца Пуціна, якая атрымала ад свайго сваяка вялізны бізнэс і цэлы рэгіён з 2,6 мільёна жыхароў, дапамагае простым людзям. Напрыклад, у 2019 годзе пакінутым бяз маці трайнятам рада ўручыла... новыя акуляры. Пра што не пасаромеліся даць справаздачу», — адзначае «Агентство».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG