Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясёлы і ўпэўнены». Статкевіч атрымаў яшчэ адно спатканьне з жонкай


Марына Адамовіч і Мікола Статкевіч

Марына Адамовіч сустрэлася з мужам у СІЗА-3 Гомля і расказала, чым найбольш цікавіцца Мікола Статкевіч за кратамі.

Як расказала Марына Адамовіч, сустрэчы з мужам адбываюцца ў агароджанай шклом кабінцы, размаўляць можна толькі праз тэлефон. З сабой на спатканьне не дазваляюць браць паперу і іншыя рэчы, толькі бутэльку вады і лекі. Каб трапіць у памяшканьне СІЗА на сустрэчу з родным чалавекам, чаргу ля будынка турмы займаюць а 5-й раніцы.

«Мікола выглядае як заўсёды, — кажа Марына Адамовіч. — Мне здаецца, што ён абсалютна не мяняецца. Як быццам вось толькі ўчора мы зь ім разьвіталіся, а сёньня ён зноў такі самы — вясёлы і ўпэўнены. Адзінае, што мне кінулася ў вочы, — у Міколы сьвежы і загарэлы твар і бела-жоўтыя рукі. Як быццам з воску. Гэта выклікана тым, што прагулачныя дворыкі СІЗА разьмешчаныя на даху будынку, а зьверху яшчэ накрытыя паветкай. І сонца амаль не трапляе туды, выключна рэдка. Мікола кажа, што калі сонца трапляе, то ён стараецца там прагульвацца. Але яго хапае толькі на твар, рукі ўжо не дастаюць».

Як кажа Марына Адамовіч, муж надзіва добра арыентуецца ў падзеях у краіне і сьвеце. Мікола Статкевіч па-ранейшаму адзін у камэры і мае доступ толькі да дзяржаўных газэт, але нават гэтага яму хапае, каб разумець, што на самой справе адбывалася ў Казахстане.

«Мікола нават жартаваў і мне тлумачыў, як правільна іх трэба разумець, — дзеліцца Марына Адамовіч. — Склаў свой слоўнічак. Маўляў, калі там гавораць пра «вонкавае ўмяшаньне» і «лялькаводаў», то гэта трэба разумець як «незадаволенасьць народу». Калі пра дэмакратыю, то гэта таксама адпаведна трэба разумець. Я нават папрасіла мне ў лісьце гэты слоўнік пераслаць, каб самой можна было глядзець дзяржаўныя СМІ».

Марына Адамовіч кажа, што Міколу Статкевіча найбольш цікавяць падзеі ў краіне. Праз жонку палітвязень «правярае» свае высновы, зробленыя на падставе той інфармацыі, якая трапляе да яго ў камэру.

«Распытваў пра падзеі ў Казахстане, — кажа Марына Адамовіч. – Прыгадаў, што калі там у 2019 годзе пачынаўся транзыт улады, то яшчэ тады ён сказаў, што гэта самая няўстойлівая канструкцыя. Бо любы, самы ляяльны і бязвольны новы лідэр непазьбежна будзе нарошчваць мускулы, абрастаць хаўрусьнікамі. Такая канструкцыя ня можа быць устойлівай».

Як кажа Адамовіч, Мікола Статкевіч па-ранейшаму не сумняваецца ў зьмене ўлады ў Беларусі і называе цяперашнія падзеі «нашай адтэрмінаванай перамогай і іхняй адкладзенай паразай».

«Мне здаецца, што Мікалай нават у тых умовах здольны дзяліцца аптымізмам з намі ўсімі, — кажа Марына Адамовіч. — Якой бы я стомленай ні была, ледзьве жывой нават, я з сустрэч зь Міколам выпырхваю. Так і пасьля прысуду было, і цяпер».

Па словах Марыны Адамовіч, пра магчымы тэрмін пераводу ў калёнію пакуль нічога не вядома. Гэта можа адбыцца толькі пасьля разгляду апэляцыі, што можа заняць працяглы час.

За кратамі Мікола Статкевіч з 31 траўня 2020 году. 14 сьнежня 2021 году судзьдзя Мікалай Доля прызнаў яго вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў і прысудзіў 14 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі асаблівага рэжыму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG