Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы падлічылі, колькі беларусаў пакаралі за абразу Лукашэнкі


Мастацкая выстава «Беларускі майдан», лістапад 2021

Пасьля 9 жніўня 2020 году за абразу Лукашэнкі асудзілі ўжо 119 чалавек.

Першыя арышты паводле крымінальнага артыкулу за абразу былі неўзабаве пасьля выбараў, але беларусы ўсё адно працягваюць абражаць Лукашэнку.

На 20 студзеня 2022 году, паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», па артыкуле 368 КК (Абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь) асуджаныя і адбываюць пакараньне 119 чалавек. Зь іх 69 чалавек асудзілі на пазбаўленьне волі, яны знаходзяцца ў турмах і калёніях. Прычым кагосьці з гэтых людзей судзілі паводле некалькіх артыкулаў, а кагосьці — толькі за абразу Лукашэнкі. Пакараньне з адным 368-м артыкулам мае разьбежку ад году да 3 гадоў зьняволеньня.

На абмежаваньне волі ў папраўчых установах адкрытага тыпу («хімію») асудзілі 29 чалавек. Зь іх двое ўжо адбылі тэрмін, яшчэ двое чакаюць адпраўкі на «хімію». Чацьвярых чалавек асудзілі на трохмесячны арышт. 15 чалавекам прысудзілі хатнюю «хімію», тэрмін пакараньня для іх вагаецца ад 1 да 2 гадоў.

На 121 фігуранта спраў за абразу Лукашэнкі іх аказалася ўсяго 14. Зь іх 6 у калёніі, 2 на «хіміі» і 5 жанчын — на хатняй «хіміі». З 121 чалавека, на якіх завялі справы паводле 368-га артыкулу КК, адну жанчыну асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай — цяпер яна на волі. 28-гадовую Дыяну Гушчу, жыхарку Бабруйску, судзілі за камэнтар у сацсетках пад допісам з цытатай Лукашэнкі. Яна выкарыстала ў дачыненьні яго слова «падонак» — суд прызнаў гэта «ненарматыўнай формай маўленчага выказваньня», асудзіўшы яе на 2 гады калёніі. Праўда, з адтэрміноўкай — жанчына мае двое малалетніх дзяцей, што стала падставай зьмякчэньня прысуду.

Адзін чалавек атрымаў пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Мікалая Аляксандрава са Старых Дарог аштрафавалі на 4350 рублёў за выказваньні супраць Лукашэнкі ў міліцэйскай машыне.

Тым часам Zerkalo.io сабрала, як сам Лукашэнка абражаў беларусаў і наколькі часта і груба ён гэта рабіў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG