Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 20 студзеня: 11 гадоў калёніі за «акт тэрарызму» ў выглядзе «вожыкаў»; затрыманьні ў Ашмянах і Полацку


Архіўнае фота. Удзельнікі аўтапрабегу «За адзіную Беларусь» 24 кастрычніка 2020 году ў Магілёве

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю. Свабода штодня вядзе хроніку рэпрэсій.

11 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму для Руслана Слуцкага

У судзе Полацкага раёну завяршыўся разгляд крымінальнай справы 38-гадовага жыхара Наваполацку, рамесьніка ​Руслана Слуцкага аб «спробе прывядзеньня ў непрыдатнасьць чыгуначных шляхоў зносінаў» (ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 309 КК), а таксама «акце тэрарызму» (ч. 1 арт. 289 КК), піша «Вясна».

Справу разглядаў судзьдзя Андрэй Дзергачоў, дзяржаўнае абвінавачаньне падтрымлівала Тацяна Шабека.

Актам тэрарызму сьледзтва палічыла раскіданыя на дарозе ня менш як 12 самаробных «вожыкаў» і мэталічных шыпоў перад праездам удзельнікаў аўтапрабегу «За адзіную Беларусь», які праходзіў 28 кастрычніка 2020 году. Шыны тады пракалолі чатыры аўтамабілі. Але агулам пацярпелымі ў справе прызналі больш за 70 грамадзян, якія ўдзельнічалі ў аўтапрабегу.

Руслан Слуцкі віну прызнаў часткова.

18 студзеня ў ходзе судовых спрэчак пракурор запрасіў для Руслана Слуцкага 11 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. 20 студзеня судзьдзя вынесла акурат такі вырак, паведамляе БелТА.

Затрыманьні ў Ашмянах і Полацку

У Ашмянах 19 студзеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі Ягора Багдзевіча праз падазрэньне ў абразе прэзыдэнта (арт. 368 Крымінальнага кодэксу), піша «Вясна».

У Полацку, як стала вядома праваабаронцам, яшчэ 18 студзеня затрымалі па адрасе пражываньня Андрэя Бунько і даставілі ў СІЗА Маладэчна. Паведамляецца, што Бунько абвінавачваюць у нэгатыўных выказваньнях у адрас судзьдзі з Маладэчна. Па месцы жыхарства Бунько правялі ператрус, канфіскавалі мабільны тэлефон.

Затрымалі яшчэ аднаго работніка «Хімвалакна»

Як стала вядома сёньня праваабаронцам «Вясны», 18 студзеня быў затрыманы работнік энэргетычнага цэху гарадзенскага «Завода Хімвалакно» Антон Акунёў. Ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня Горадні. Гэта ўжо 11-ы работнік прадпрыемства, затрыманы за апошнія паўтара тыдня.

На мяжы затрымалі жыхара Ліды Дзьмітрыя Трафімчыка

Яго затрымалі пры перасячэньні беларуска-польскай мяжы за распаўсюджваньне экстрэмісцкай інфармацыі (арт.19.11 КаАП). Ён прызнаў сваю віну і раскаяўся, піша тэлеграм-канал @nebovkletku.

Пад «пакаяльным» відэа, распаўсюджаным у праўладных каналах, паведамляюць, што ён удзельнічаў у пратэстах у Лідзе і яго затрымалі па крымінальнай справе. Па якой, не ўдакладняецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG