Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падрыхтаваныя вайскоўцы і абароннае ўзбраеньне: што Ўкраіна можа супрацьпаставіць расейскай арміі


Украінскі вайсковец зь пераносным супрацьтанкавым ракетным комплексам «Джавэлін» падчас вучэньняў у траўні 2021 году. Фота: Reuters

Незалежныя аналітыкі з Conflict Intelligence Team і шэраг украінскіх палітыкаў, у тым ліку прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага, сьцьвярджаюць, што каля межаў Украіны і ў анэксаваным Крыме Масква сабрала каля 100 тысяч вайскоўцаў.

Прадстаўнік галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі дае больш дакладную лічбу — 106 тысяч салдат і афіцэраў. Гэта часткі рэгулярнай арміі і тэхніка. Ці можа з гэтымі сіламі канкураваць украінскае войска, разбіраўся Юры Баранюк з тэлеканалу«Настоящее время».

За мінулыя 8 гадоў армія Ўкраіны была літаральна створаная наноў. Цяпер яна ня мае практычна нічога агульнага з той структурай, якая існавала да анэксіі Крыму і канфлікту на ўсходзе краіны. У многім гэта заслуга менавіта заходніх дзяржаў: ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі, Польшчы, балтыйскіх дзяржаў і іншых. Яны дапамагалі ў двух кірунках: у пераўзбраеньні арміі і навучаньні асабовага складу.

«На сёньняшні дзень, дзякуючы аб’яднаным місіям ЗША, Вялікай Брытаніі, Канады ўкраінскія вайскоўцы па два, а то і тры разы прайшлі поўны курс удасканаленьня падрыхтоўкі, — расказвае вайсковы экспэрт Сяргей Грабскі. — Прычым гэта пачыналася ад простага батальённага ўзроўню, а цяпер заканчваецца міжбрыгадным узаемадзеяньнем з задзейнічаньнем абсалютна новых тэхналёгій, новых відаў узбраеньняў: гэта комплексы артвыведкі, радыёэлектроннай выведкі, радыёэлектроннай барацьбы і БПЛА».

Акрамя таго, NATO дзеліцца з Украінай дадзенымі авіявыведкі. Дзякуючы ім ВСУ бачаць, што адбываецца за межамі іх дзяржаўнай мяжы. Глыбіня маніторынгу — да 400 кілямэтраў. Паводле інфармацыі прадстаўніка галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Украіны Вадзіма Скібіцкага, зараз Расея засяродзіла 106 000 вайскоўцаў побач з Украінай. Паралельна гэтаму саюзьнікі працягваюць узбройваць украінскую армію. Напярэдадні чарговы груз прыляцеў зь Вялікай Брытаніі. Гэта лёгкія супрацьтанкавыя гранатамёты для бою ў гарадзкіх умовах.

«Гэта вельмі эфэктыўная дапамога, — лічыць вайсковы экспэрт Алег Жданаў. — Чаму? Таму што гэта ў асноўным лёгкае ўзбраеньне блізкага бою. Я як вайсковы чалавек вам скажу, што лёс бітвы вырашаецца ў блізкім баі. Нават калі ўспомніць першую чачэнскую вайну: чаму расейскае войска прайграла? Таму што ў блізкім бою добраахвотныя фармаваньні чачэнцаў разграмілі рэгулярныя часткі Ўзброеных сіл Расеі».

Гэтыя і іншыя віды зброі, якія апошнія гады зьявіліся ў арсэнале Ўкраіны, вядома, не дазваляюць думаць пра наступальную кампанію. Гэта менавіта сродкі абароны. Дарагія, высокадакладныя, але пры гэтым адносна танныя, калі параўноўваць з коштам той зброі, якая цяпер сканцэнтраваная каля ўкраінскіх межаў, кажа Сяргей Грабскі:

«Калі мы нават возьмем самы дарагі элемэнт — той жа самы „Джавэлін“, які каштуе 100 тысяч даляраў, — яго нельга параўнаць з танкам. Гаворачы мовай эканамістаў: эфэктыўнасьць выкарыстаньня „Джавэлін“ у дзясяткі разоў пераўзыходзіць эфэктыўнасьць выкарыстаньня танкаў».

Такіх жа посьпехаў, як на сушы, пакуль не ўдалося дабіцца ў небе. Па ацэнцы вайсковага экспэрта Сяргея Грабскага, вайсковая авіяцыя Ўкраіны можа саступаць нават авіяцыі Беларусі. Не кажучы ўжо пра Расею. Там у лётчыкаў больш сучасных самалётаў і сырыйская кампанія за плячыма. Але, паводле нашых суразмоўцаў, пры гэтым у Сырыі ўсё ж не было сыстэм СПА, якія можна параўноўваць з тымі, што стаяць на ўзбраеньні Ўкраіны:

«У Сырыі расейскія лётчыкі дзейнічаюць ва ўмовах палігона, там няма сыстэмы СПА. Яны ніколі не праводзілі баявое бамбаваньне ва ўмовах працы сапраўднага СПА, — кажа Алег Жданаў. — Успомніце інцыдэнт з Турэччынай: імгненная рэакцыя сыстэм СПА — і самалёт быў зьбіты ў лічаныя сэкунды».

«Так, кропкавае бамбаваньне магчымае, але ва ўмовах супрацьдзеяньня няхай не ідэальнай, але ўсё-ткі шматузроўневай сыстэмы супрацьпаветранай абароны такое дзеяньне становіцца дастаткова нязручным, я б сказаў, або небясьпечным для жыцьця пілётаў, якія пілятуюць гэты самалёт», — згаджаецца з калегам Сяргей Грабскі.

Самае балючае пытаньне — гэта флёт. Украіна дамовілася з Турэччынай аб будаўніцтве чатырох карвэтаў з ракетным узбраеньнем. Але першы зь іх паводле пляну стане ў строй толькі ў 2023 годзе. Цяпер узьбярэжжа Ўкраіны абараняе «маскітны флёт»: у асноўным гэта катэры берагавой аховы. Супрацьстаяць Чарнаморскаму флёту Расеі такімі сродкамі, вядома, немагчыма. З другога боку, вялікія расейскія караблі і тым больш падводныя лодкі прымяняць паблізу ўкраінскага ўзьбярэжжа таксама даволі складана з прычыны малых глыбінь. Вайсковыя аналітыкі сыходзяцца ў думцы: ня так важна кантраляваць Чорнае мора, галоўнае зараз для Ваенна-марскіх сіл Украіны — кантраляваць бераг.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG