Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фігурантаў, 10 крымінальных артыкулаў, да 15 гадоў турмы. Што вядома пра справу «Рэвалюцыйнага дзеяньня», якую перадалі ў суд


Марфа Рабкова

11 студзеня Сьледчы камітэт паведаміў аб завяршэньні расьсьледаваньня ў дачыненьні да дзесяці ўдзельнікаў анархісцкага руху. 19 студзеня пракуратура паведаміла аб перадачы справы ў суд.

Паводле прэс-службы СК, дзеяньні абвінавачаных кваліфікаваныя паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Перададзеныя ў пракуратуру матэрыялы справы складаюць 160 тамоў.

Фігурантаў справы, сярод якіх праваабаронца Марфа Рабкова, валянтэр ПЦ «Вясна» Андрэй Чапюк, анархісты Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандар Францкевіч, Аляксандар Казьлянка, антырасіст Андрэй Марач, а таксама берасьцейцы Павал Шпетны, Аляксей Галаўко, Данііл Чуля і жыхар Бярозы Мікіта Дранец, будуць судзіць за падзеі пэрыяду 2016–2020 гадоў.

Паводле інфармацыі СК, абвінавачваюць зьняволеных у арганізацыі, кіраўніцтве або ўдзеле ў «шэрагу арганізаваных злачынных груп»: «Рэвалюцыйнае дзеяньне», «Народная самаабарона» і «Революцiйна дiя». У СК адзначылі, што гэтыя аб’яднаньні нібыта, сярод іншага, мелі «аўтаномныя ячэйкі ў рэгіёнах са сваімі нефармальнымі лідэрамі» і ўвайшлі ў склад «міжнароднай злачыннай арганізацыі» ў якасьці яе структурных падразьдзяленьняў.

Ведамства лічыць, што кіраўнікамі былі трое абвінавачаных і іншыя асобы, якія «хаваюцца ад сьледзтва і актыўна робяць спробы працягнуць злачынную дзейнасьць».

Так, лідэрамі СК назваў 31-гадовага мужчыну, якога асудзілі ў 2011 годзе за сумесны ўдзел у акцыях зь Ігарам Аліневічам, Мікалаем Дзядком, Дзьмітрыем Дубоўскім і іншымі анархістамі, і 26-гадовую дзяўчыну. Паводле зьвестак сьледзтва, гэтыя асобы сталі арганізатарамі падпалу падатковай інспэкцыі Гомельскага раёну ў сакавіку 2017 году з выкарыстаньнем «кактэйляў Молатава».

Важна адзначыць, што самі актывісты анархічнага руху неаднаразова падкрэсьлівалі, што прытрымліваюцца прынцыпаў антыерархічнасьці і дэмакратычнасьці. Адзначалі, што рашэньні ў сваіх групах прымаюць кансэнсусам альбо кампрамісам і лідэраў сярод іх быць ня можа. Тым ня менш такое сьцьверджаньне, камэнтуючы дэталі «справы анархістаў», начальнік аддзелу ГУБАЗіК Мікалай Таўчкоў назваў «мітам». У праграме «Трывожная кнопка» на тэлеканале ОНТ ён сказаў, што існавала «кола так званых нефармальных лідэраў зь ліку 5-6 чалавек, якія запраўлялі ўсім гэтым рухам, аддавалі ўказаньні, плянавалі і г. д».

У СК таксама паведамілі, што яшчэ двое затрыманых падазраюцца ў тым, што яны ў 2016 годзе кінулі дымавую шашку ў будынак ГУБАЗіК у Берасьці. Акрамя таго, сьледчыя лічаць, што затрыманыя маюць дачыненьне да псаваньня банэраў з выявай супрацоўнікаў міліцыі ў 2016–2020 гадах і падпалу білборда ў Івацэвічах.

Увесну 2017 і 2018 гадоў затрыманыя нібыта бралі ўдзел у перакрыцьці праезнай часткі і блякаваньні транспарту ў Берасьці.

Па вэрсіі ведамства, абвінавачаныя праз адміністраваныя імі рэсурсы публічна заклікалі да «нанясеньня шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі» ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і наступныя дні.

У асобнае вядзеньне выдзелілі крымінальную справу ў дачыненьні да 26-гадовага Дзьмітрыя Ляўчука, 24-гадовага Артура Кандратовіча, 29-гадовых Рамана Халілава і Яўгена Жураўскага, а таксама неявызначаных асобаў.

Халілава і Жураўскага абвінавачваюць у тым, што яны правялі каля будынку амбасады Беларусі ў Польшчы акцыю пратэсту, на якой дэманстравалі партрэты забітага ў перастрэлцы на Якубоўскага ў Менску Андрэя Зельцара і такім чынам «гераізавалі тэрарыстычную дзейнасьць».

Хто фігуруе ў справе «Рэвалюцыйнага дзеяньня»?

Марфа Рабкова

27-гадовая каардынатарка валянтэрскай службы «Вясны», праваабаронца Марфа Рабкова за кратамі зь верасьня з 17 верасьня. У наступныя месяцы зьняволеньня Марфе прад’явілі абвінавачаньне паводле 11 крымінальных артыкулаў.

За час зьняволеньня памерлі бацька і бабуля Марфы, зь якімі ёй не дазволілі разьвітацца.

Марфе Рабковай прысудзілі міжнародную прэмію «Чалавек чалавеку», якую ўручаюць асобам, якія зрабілі ўнёсак у прасоўваньне правоў чалавека, дэмакратыі і негвалтоўных мэтадаў вырашэньня грамадзка-палітычных канфліктаў.

Андрэй Чапюк

25-гадовы Андрэй Чапюк — анархіст і валянтэр «Вясны». Працаваў на фабрыцы «Галантэя». Амаль год перад затрыманьнем навучаўся ІТ-спэцыяльнасьці.

Затрыманы 2 кастрычніка 2020 году ў Менску. У канцы лістапада 2021-га стала вядома, што хлопца абвінавачваюць па двух артыкулах КК: ч. 2 арт. 293 і арт. 341.

За час зьняволеньня Андрэй прачытаў больш за 50 кніг, заканспэктаваў тры агульныя сшыткі па кнізе аб праграмаваньні, працягвае займацца спортам.

Аляксандар Францкевіч

31-гадовы Аляксандар Францкевіч — актывіст анархісцкага руху. У 2011 годзе быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня ў «справе анархістаў». Яго абвінавацілі ў нападзе на шэраг дзяржаўных установаў, а таксама ва ўзломе сайту Наваполацкага гарвыканкаму. Тады ён не прызнаў віны, адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні і адбыў тэрмін цалкам у івацэвіцкай калёніі «Воўчыя норы». Пасьля вызваленьня ў 2015 годзе зьехаў ва Ўкраіну, у Беларусь не вяртаўся — жыў у Кіеве, працаваў у ІТ.

У чэрвені 2019-га Аляксандра дэпартавалі з Украіны ў Беларусь, пры гэтым па дарозе, як сам ён расказаў, сілавікі яго «білі і душылі». А 13 жніўня 2020 году Францкевіча арыштавалі ў Менску. Цяпер анархіст знаходзіцца ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.

У канцы жніўня паведамлялася, што Францкевіча і анархіста Гаеўскага-Ханаду катавалі ў КДБ электрашокерам і змушалі даць паказаньні супраць сябе.

Маці Аляксандра расказала, што яе сын мае праблемы са здароўем: у яго адна нырка, таксама ў яго ёсьць расстройства сну.

Акіхіра Гаеўскі-Ханада

21-гадовы анархіст Акіхіра Гаеўскі-Ханада скончыў менскую гімназію № 19. Ляўрэат спэцыяльнага фонду падтрымкі адораных навучэнцаў і студэнтаў. Вучыўся ў БДУ, але затым паступіў у ЭГУ.

Да затрыманьня працаваў праграмістам. Ягоны бацька — беларус Сьвятаслаў Гаеўскі, трэнэр каратэ родам са Слуцку. Маці — Тамока Ханада, працавала сакратаром па культуры амбасады Нямеччыны ў Беларусі.

Гаеўскага-Ханаду затрымалі 12 жніўня 2020 года каля 13-й гадзіны на аўтамабільнай паркоўцы. Ён заяўляў пра біцьцё і катаваньні.
Абвінавачваецца па шэрагу артыкулаў КК. Знаходзіцца ў СІЗА-1

Аляксандар Казьлянка

38-гадовы Аляксандар Казлянка — анархіст зь Берасьця, сябра «Свабоднага прафсаюзу». Раней неаднаразова перасьледаваўся за ўдзел у акцыях пратэсту.
Аляксандар быў актыўна залучаны ў грамадзкае жыцьцё роднага гораду. Займаўся экалёгіяй, удзельнічаў у ФНБ («Ежа замест бомбаў»). Таксама выпускаў «зіны» (малатыражны самвыдат), займаўся прафсаюзнай дзейнасьцю, удзельнічаў у агульнабеларускіх акцыях, падтрымліваў сувязь зь міжнародным рухам, — піша ініцыятыва дапамогі палітвязьням Dissident.by.

Затрыманы 2 сакавіка 2021-га. Знаходзіцца ў СІЗА-1 у Менску.

Аляксей Галаўко

20-гадовы берасьцеец Аляксей Галаўко мае музычную адукацыю. Скончыў палітэхнічны каледж. Працаваў токарам, паступіў у БрДТУ на завочнае навучаньне. Аднак пасьпеў здаць толькі першую сэсію.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Аляксея затрымлівалі двойчы. Першы раз у кастрычніку 2020-га. Другі — 5 сакавіка 2021 году ў межах крымінальнай справы, заведзенай на актывістаў анархісцкага руху зь Берасьцейшчыны.

Знаходзіцца ў СІЗА-1.

Андрэй Марач

26-гадовы берасьцеец Андрэй Марач — аматар рэгбі і рыбалкі.

Пасьля выбараў 2020 году яго затрымлівалі двойчы. Апошні раз — 2 сакавіка у межах крымінальнай справы, заведзенай на актывістаў анархісцкага руху зь Берасьцейшчыны.

Павал Шпетны

24-гадовага Паўла Шпетнага затрымалі 2 сакавіка 2021 году. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА-1. У зьняволеньні працягвае займацца самаадукацыяй і строіць пляны на далейшае жыцьцё. На волі Павал шмат дапамагаў бадзяжным жывёлам, рыхтаваўся да паступленьня ва ўнівэрсытэт.

Мікіта Дранец

23-гадовага жыхара Бярозы Мікіту Дранца затрымалі 2 сакавіка 2021 г. у рамках крымінальнай справы, заведзенай на актывістаў анархісцкага руху зь Берасьцейшчыны.

Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА № 1.

Даніла Чуль

21-гадовы берасьцеец Данііл Чуль жанаты, мае 3-гадовага сына.
Затрымалі яго 2 сакавіка 2021 г. у рамках крымінальнай справы, заведзенай на актывістаў анархісцкага руху зь Берасьцейшчыны.
Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА № 1.

За што і паводле якіх артыкулаў абвінавачваюцца?

Ініцыятыва дапамогі палітвязьням Dissident.by пералічыла, за што былі заведзеныя крымінальныя справы на 10 асобаў.

Сярод іх:

  • Лямпачкі з фарбай, кінутыя ў шчыт зь міліцэйскай інфармацыяй у 2016 годзе (ч. 2 арт. 339 КК).
  • Лямпачкі з фарбай, кінутыя ў будынак БТ у 2016 годзе (ч. 2 арт. 339 КК).
  • Дымавая шашка, кінутая ў будынак берасьцейскага ГУБАЗіКу ў 2016 годзе (ч. 2 арт. 339 КК).
  • Удзел у «Маршы недармаедаў» у 2017 годзе ў Берасьці (арт. 342 КК).
  • Падпал «кактэйлямі Молатав»а Гомельскай падатковай інспэкцыі ў 2017 годзе (ч. 2 арт. 295-3, ч. 3 арт. 339, ч. 3 арт. 218 КК).
  • Падпал рэклямнага шчыта ў Івацэвічах у 2017 годзе (ч. 2 арт. 295-3, ч. 3 арт. 339, ч. 3 арт. 218 КК).Перакрыцьце трасы М1 на выезьдзе зь Берасьця ў 2018 годзе (арт. 342 КК РБ)
  • Графіці супраць Эўрапейскіх гульняў у 2019 годзе (арт. 341 КК).
  • Першамайскае графіці ў Берасьці ў 2020 годзе (арт. 341 КК)
  • Арганізацыя, удзел і фінансаваньне «масавых беспарадкаў (ч.1, 2 і 3 арт. 293 КК).
  • Дзеяньні, накіраваныя на прычыненьне пагрозы нацыянальнай бясьпецы (ч. 3 арт. 361 КК).
  • Распальваньне сацыяльнай варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК).
  • Стварэньне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваньнем (ч. 1 арт. 361-1 КК).
  • Стварэньне і кіраўніцтва злачыннай арганізацыяй (ч. 1 арт. 285 КК).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG